У Бабруйску выдварылі з участка для галасаваньня назіральніцу ад АГП — нібыта зашмат ад адной партыі

Ілюстрацыйнае фота. Датэрміновае галасаваньне ў Менску
Ілюстрацыйнае фота. Датэрміновае галасаваньне ў Менску

Акрэдытацыю назіральніцы ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Алы Шпакавай скасавалі, бо на адным участку за галасаваньнем ня могуць назіраць двое прадстаўнікоў адной партыі.

Па словах актывісткі, 12 лістапада яе зарэгістравалі назіральніцай на 22-м участку Бабруйскай Ленінскай акругі № 78, і яна цэлы дзень працавала. Зранку ж 13-га старшыня ўчастковай камісіі заявіў, што яе акрэдытацыя скасаваная. Сваё рашэньне патлумачыў тым, што на адным участку назіральнікамі ня могуць быць двое прадстаўнікоў адной партыі.

Ала Шпакава кажа, што пратакол камісіі пра пазбаўленьне рэгістрацыі старшыня адмовіўся паказваць. З гэтага яна робіць выснову, што ён аднаасобна прыняў рашэньне пра яе выдварэньне. Паводле актывісткі, пакуль не прыйшла зьмена, яна сядзела ў калідоры, а сам участак быў без назіраньня.

У Бабруйску па 78-й акрузе балятуецца ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў вылучэнец ад АГП Аляксандар Комар. Ягоную перадвыбарчую праграму адмаўлялася разьмяшчаць газэта Бабруйскага гарвыканкаму «Бабруйскі кур’ер», бо ў ёй была фраза «З Лукашэнкам у краіны няма будучыні». Актывісту раілі прыбраць фразу альбо перарабіць праграму.

Аляксандар Комар называе сытуацыю з пазбаўленьнем акрэдытацыі Алы Шпакавай дзіўнай, бо раней такіх праблемаў не ўзьнікала. На ягоную думку, такія перашкоды ствараюцца штучна, каб ускладніць працу незалежных назіральнікаў. Ён кажа, што Шпакава зноў паспрабуе зарэгістравацца назіральніцай, але ад іншай партыі.

У юрыдычным аддзеле ЦВК Беларусі Свабодзе з нагоды гэтага выпадку патлумачылі, што некалькі назіральнікаў ад адной партыі могуць быць на адным участку «са згодзы старшыні ўчастковай камісіі».

​
XS
SM
MD
LG