Пазбавілі акрэдытацыі назіральніка, які скардзіўся на фальсыфікацыю яўкі

абноўлена
Ілюстрацыйнае фота. Датэрміновае галасаваньне ў інтэрнаце БНТУ
Ілюстрацыйнае фота. Датэрміновае галасаваньне ў інтэрнаце БНТУ

На ўчастку № 568 назіральніка руху «За свабоду» Андрэя Рогава 13 лістапада пазбавілі акрэдытацыі. Перад гэтым ён напісаў заяву з просьбай завесьці крымінальную справу аб завышэньні колькасьці выбарнікаў.

Афіцыйная прычына пазбаўленьня акрэдытацыі — абраза старшыні камісіі, сказаў Рогаў.

Рогаў назваў старшыню камісіі Аляксандра Гіліцкага злачынцам і абвінаваціў яго ў парушэньні Крымінальнага кодэксу.

«Я яму казаў: ты будзеш сядзець у турме сёньня ці заўтра», – сказаў Рогаў.

Рогаў сам выклікаў міліцыю, прасіў, каб міліцыянты праверылі, ці была парушана яўка ў 6,5 раза. Паводле Гіліцкага, міліцыянты сказалі, што вынікі праверкі паведамяць яму праз 10 дзён. Назіральніка гэта не задаволіла, бо праверку можна было зрабіць на месцы, а праз 10 дзён выбары скончацца. На Рогава склалі пратакол за абразу старшыні камісіі Гіліцкага і вывелі з будынка менскай гімназіі № 22, дзе знаходзіцца выбарчы ўчастак. Пасьля гэтага Рогаў напісаў заяву аб фальсыфікацыях выбараў у пракуратуру.

​
XS
SM
MD
LG