Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта ўсё адсочваецца». Як куратарка БДЭУ прымушае студэнтаў да датэрміновага галасаваньня. ВІДЭА


Відэазапіс, дасланы ў рэдакцыю Свабоды, быў зроблены ўдзень 13 лістапада на сходзе студэнтаў аднаго з факультэтаў Інстытуту сацыяльна-гуманітарнай адукацыі БДЭУ.

На відэа, зьнятым у інстытуцкай аўдыторыі, жанчына гаворыць студэнтам пра важнасьць удзелу ў выбарах.

«Слухайце ўважліва, гэта сур’ёзнае пытаньне, — кажа выкладчыца. — Пачалося датэрміновае галасаваньне. 250-я аўдыторыя, 3-і корпус. Вы бераце пашпарты, паўналетнія, і ідзяце туды. З 2 да 4 там перапынак».

Як стала вядома Свабодзе, жанчына на відэа — гэта куратарка адной з груп першага курсу інстытуту Аксана Аніскевіч. Зьвяртаючыся да першакурсьнікаў, яна не заклікае галасаваць за некага канкрэтна. Кажа, што калі нехта ня хоча выбіраць з зарэгістраваных кандыдатаў, то можа прагаласаваць супраць усіх. Разам з тым спадарыня Аніскевіч настойвае, што прагаласаваць усе студэнты павінны менавіта да асноўнага дня галасаваньня.

«Гэта ўсё адсочваецца, — кажа куратарка. — Вы павінны зрабіць гэта да нядзелі. Таму што потым нас пачнуць „церабіць“».

Свабода зьвязалася з Аксанай Аніскевіч і папрасіла пракамэнтаваць відэазапіс. Спадарыня Аніскевіч не адмаўляе, што такая сытуацыя мела месца. І ня бачыць у гэтым нечага незаконнага.

«Я занятая, не магу зараз размаўляць, — сказала спадарыня Аніскевіч. — Калі ў мяне зьявіцца час, то я вам абавязкова пазваню. Вы што хочаце апублікаваць? Мой выступ перад студэнтамі, дзе я гавару пра іх грамадзянскі абавязак? І яны павінны схадзіць прагаласаваць? Я свае словы памятаю. Скажыце, а якім чынам уплывае тое, што галасаваць будуць датэрмінова? Гэта неяк уплывае на якасьць? Я так сказала, таму што пайшлі такія распараджэньні. Таму я і сказала, што датэрмінова, вось і ўсё. Ад каго пайшлі распараджэньні? Давайце заўтра мы з вамі зьвяжамся».

Дырэктар інстытуту БДЭУ, у якім працуе Аксана Аніскевіч, у размове са Свабодай адмовіў факт існаваньня распараджэньняў аб датэрміновым галасаваньні для студэнтаў.

«Такога загаду з боку кіраўніцтва няма, — сказаў дырэктар БДЭУ Аляксандар Лапцёнак. — Справа ў тым, каб студэнты выканалі свой грамадзянскі абавязак. Толькі гэта. Загадаў няма. Гэта можа быць зьвязана з тым, што студэнты на выходныя могуць дадому паехаць. Яны ў розных інтэрнатах жывуць. Гэта заклік да таго, каб студэнты асэнсавалі свой грамадзянскі абавязак. Яны грамадзяне Рэспублікі Беларусь. Гэта заклік, не загад. Ці будзе адсочвацца ўдзел студэнтаў у датэрміновым галасаваньні? Ва ўсякім разе, я пра гэта ня ведаю. Яшчэ раз кажу, гэта толькі заклік да студэнтаў. Ніхто ж ня сочыць, як яны будуць галасаваць. Гэта іх справа. Чыя ініцыятыва зьвярнуцца да студэнтаў з такім заклікам? Гэта і выкладчыкі самі могуць ініцыяваць. Зьвярнуцца да студэнтаў нават не на занятках, а на перапынках».

Паводле інфармацыі Свабоды, прапанову, агучаную куратаркай Аксанай Аніскевіч, студэнты ўспрынялі моўчкі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG