Міліцыя адмовілася пачынаць крымінальныя справы па заявах аб завышэньні яўкі на датэрміновым галасаваньні

абноўлена
Юрась Губарэвіч, архіўнае фота
Юрась Губарэвіч, архіўнае фота

Лідэр руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч, давераная асоба кандыдаткі ў дэпутаты Натальлі Гарачкі, выклікаў міліцыю на адзін з выбарчых участкаў у Менску, дзе назіральнік зафіксаваў завышэньне яўкі ў 10 разоў.

Паводле зьвестак Юрася Губарэвіча, на ўчастку 571 у першы дзень галасаваньня афіцыйна зафіксавана, што прагаласавалі 109 чалавек А назіральнік Уладзімер Шыла налічыў толькі 11 чалавек. Юрась Губарэвіч адзначае, што і ў скрыні для галасаваньня можна разгледзець толькі дзясятак, але ня сотню бюлетэняў.

Лейтэнант міліцыі, які назваўся прозьвішчам Саўчанка, прыбыў на ўчастак на выклік Губарэвіча ў суправаджэньні «чалавека ў цывільным» (той назваўся ўчастковым інспэктарам, але адмовіўся паказаць пасьведчаньне). Лейтэнант адмовіўся заводзіць крымінальную справу і праводзіць адпаведную праверку — толькі адміністрацыйную. Губарэвіч вёў жывую трансьляцыю на Facebook.

Палітык настойваў, што зафіксаваныя злачынствы падпадаюць пад артыкулы 192 (парушэньне заканадаўства аб выбарах) і 427 КК Рэспублікі Беларусь (службовы падлог). «Чалавек у цывільным» запярэчыў яму: «Крымінальнай справы ня будзе». Але скаргу кіраўніку аддзяленьня міліцыі ад Губарэвіча прынялі.

Губарэвіч пазьней расказаў БелаПАН, што ў 107-й акрузе «такіх участкаў зь дзясятак» — ён зьбіраецца падаваць заявы ў міліцыю на кожным, дзе назіральнікі зафіксавалі парушэньні. На ўчастку №568 назіральнік руху «За свабоду» Андрэй Рогаў ужо напісаў аналягічную заяву аб крымінальнай справе за завышэньне колькасьці выбарнікаў.

На іншым участку, куды Губарэвіч выклікаў міліцыю, «людзі ў цывільным» ня толькі адмовіліся прымаць заяву аб крымінальных злачынствах, але і сталі пагражаць адказнасьцю за ложны выклік. Палітык паабяцаў абскарджваць іхныя дзеяньні ў пракуратуры. На думку Губарэвіча, «міліцыя пакрывае крымінальныя злачынствы», «дзейнічае кругавая парука».

​
XS
SM
MD
LG