Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка папрасіў Парлямэнцкую асамблею АБСЭ «не павучаць». Яна ўжо і не павучае, прынамсі публічна


Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы з Кентам Гэрстэтам

Аляксандар Лукашэнка 23 студзеня прыняў у Менску спэцыяльнага прадстаўніка Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Кента Гэрстэта. Мяркуючы па дзяржаўнай беларускай прэсе, крытыка гучала ня з боку Гэрстэта, а з боку Лукашэнкі.

Як піша БЕЛТА, Кент Гэрстэт выказаў прыязнасьць да беларускага народу і падзякаваў за правядзеньне летась у Менску летняй сэсіі арганізацыі. А Аляксандар Лукашэнка падзякаваў Гэрстэту за «разуменьне, што ён праяўляе адносна Беларусі».

Сэсія ПА АБСЭ ў Менску: важная падзея ці руцінная сустрэча?

Таксама Лукашэнка заявіў, што будзе рады «­мець добрыя стасункі з арганізацыяй» і што гатовы да абмеркаваньня любых пытаньняў.

«Умова адна: мы сувэрэнная незалежная дзяржава, і як любая іншая краіна, як і вашая родная Швэцыя, мы ня можам пагадзіцца або дапусьціць, каб нас штурхалі ў сьпіну, нападганялі нас, павучалі нас», — казаў Лукашэнка, падкрэсьліўшы, што Беларусь «гатовая вучыцца», але нэгатыўна рэагуе, калі «павучаюць».

Ён нагадаў пра «стаўленьне Беларусі да рэгіянальнай бясьпекі ў Эўропе» (днём раней Лукашэнка скардзіўся, што Эўропа і Расея даюць мала грошай на ахову беларускай мяжы) і пра ідэю «новага ўсясьветнага парадку» з новым «Хэльсынскім працэсам».

«Бізун адкладзены ў бок», — Класкоўскі пра стаўленьне АБСЭ да Беларусі

Як адзначае ў камэнтары Свабодзе палітоляг Аляксандар Класкоўскі, цяпер АБСЭ і ў прыватнасьці ПА АБСЭ дэманструе адносна Беларусі «лагодную лінію» паводзінаў, як і Эўропа з Эўразьвязам.

Аляксандар Класкоўскі, архіўнае фота
Аляксандар Класкоўскі, архіўнае фота

Класкоўскі кажа, «бізун адкладзены ў бок»: Эўропа стараецца знайсьці зь беларускімі ўладамі агульныя тэмы і «такую праблематыку, што дазваляла бы быць на адной хвалі», а «далікатныя» пытаньні, зьвязаныя з крытыкай беларускага рэжыму, адсоўваюцца на другі плян.

«Мы самі ведаем, што нам рабіць». Як адказвае беларуская ўлада на закіды наконт парушэньняў правоў чалавека

На сустрэчы з Лукашэнкам, заўважае Класкоўскі, Гэрстэт выказваецца «выключна дыпляматычна», хоць днём раней ён сустракаўся з прадстаўнікамі беларускай апазыцыі, дзе, верагодна, «гаворка была больш вострая».

Але, мяркуе Класкоўскі, «не для прэсы» Гэрстэт на сустрэчах з Лукашэнкам і іншымі прадстаўнікамі ўладаў нагадваў пра рэкамэндацыі АБСЭ, дадзеныя яшчэ па выніках правядзеньняпарлямэнцкіх выбараў 2016 году.

Ды АБСЭ «ня цісьне» ў пытаньні выкананьня сваіх рэкамэндацыяў — цярпліва чакала больш за год нейкіх крокаў беларускага кіраўніцтва, пакуль беларускі бок «зацягвае час» (мясцовыя выбары ў Беларусі пройдуць паводле старога закону) і «разыгрывае тэму нацыянальнага гонару».

АБСЭ, адзначае Класкоўскі, «ня тая арганізацыя, што раздае грошы», таму Менск больш зацікаўлены ў «пацяпленьні» з Эўразьвязам, а з АБСЭ «іншая пэрспэктыва»:

Давайце адсунем у бок гэтыя эфэмэрныя пытаньні каштоўнасьцей і правоў чалавека — будзем супрацоўнічаць у такіх прыземленых прагматычных галінах
Аляксандар Класкоўскі апісвае «стратэгічную лінію беларускай дыпляматыі»

«Сёньня Лукашэнка рабіў акцэнт на тым, што Беларусь гэта краіна, што займаецца міратворчасьцю, вылучае ініцыятывы, — разважае Класкоўскі. — У прыватнасьці, сёньня беларускі кіраўнік нагадаў пра ініцыятыву „Хэльсынкі-2“. Гэта сымптаматычна: паколькі ніякіх дэмакратычных зьменаў унутры Беларусі фактычна не адбываецца, афіцыйны Менск хоча пагуляць на заклапочанасьці Эўропы пытаньнямі бясьпекі і піярыць сваю гатоўнасьць удзельнічаць у міратворчасьці, „забясьпечваць мяжу“ і „адлоўліваць мігрантаў“.

Маўляў, у гэтым пляне мы надзейны партнэр, таму давайце адсунем у бок гэтыя эфэмэрныя пытаньні каштоўнасьцей і правоў чалавека — будзем супрацоўнічаць у такіх прыземленых прагматычных галінах. Гэта стратэгічная лінія беларускай дыпляматыі, сёньня яна адлюстравалася ў выказваньнях Лукашэнкі».

Караткевіч: прадстаўнік ПА АБСЭ запэўніў, што будзе настойваць на зьменах у выбарчае заканадаўства Беларусі

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG