Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэсія ПА АБСЭ ў Менску: важная падзея ці руцінная сустрэча?


«Умацаваньне ўзаемнага даверу і супрацоўніцтва ў інтарэсах міру і працьвітаньня ў рэгіёне АБСЭ» — пад такім дэвізам 5 ліпеня ў Менску пачнецца штогадовая летняя сэсія Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, перадае прэсавая служба ПА АБСЭ.

Паводле яе, асноўныя выступы на сэсіі зробяць чатыры асобы: кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка, старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Андрэйчанка, прэзыдэнт Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Крыстын Мутанэн і дзейны старшыня АБСЭ, міністар замежных спраў Аўстрыі Сэбастыян Курц.

На парадку дня будуць такія пытаньні, як барацьба з тэрарызмам, зьмены клімату, міграцыя і ўмацаваньне мэханізмаў праваўжываньня ў галіне правоў чалавека. Дэбаты чакаюцца вакол крызісу ва Ўкраіне, раззбраеньня, зацяжных канфліктаў на Паўднёвым Каўказе, кібэрбясьпекі, сьмяротнага пакараньня, барацьбы з карупцыяй, а таксама правоў уцекачоў. Іншыя тэмы абмеркаваньняў будуць уключаць у сябе энэргетычную бясьпеку, рэлігійную дыскрымінацыю, распрацоўваньне эфэктыўных захадаў рэагаваньня на новыя псыхаактыўныя рэчывы.

Сэсія ў сталіцы Беларусі завершыцца прыняцьцем Менскай дэклярацыі, якая дапаможа сфармаваць палітыку нацыянальных урадаў, парлямэнтаў і міжнароднай супольнасьці ў галіне палітычных спраў, бясьпекі, эканомікі, навакольнага асяродзьдзя і правоў чалавека.

Удзельнікі сэсіі таксама абяруць старшыню Парлямэнцкай асамблеі і ягоных намесьнікаў.

Старшыня сталай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Валер Варанецкі, які да сярэдзіны мінулага году быў прадстаўніком Беларусі пры АБСЭ, лічыць, што ў гэтыя дні, безь перабольшаньня, цэнтар парлямэнцкай дыпляматыі перамяшчаецца ў Менск:

Валер Варанецкі
Валер Варанецкі

«Да нас прыедзе больш за 600 замежных гасьцей. І дзе, як не на міжнародных пляцоўках, тым больш такіх аўтарытэтных арганізацый, як АБСЭ, разглядаць актуальныя пытаньні супрацоўніцтва і бясьпекі ў Эўропе? Таму, вобразна кажучы, пульс парлямэнцкай дыпляматыі ў гэты час будзе біцца ў Менску. Рашэньне аб правядзеньні летняй сэсіі Парлямэнцкай асамблеі ў Менску было прынята яшчэ летась аднагалосна. І гэта яскравае сьведчаньне ўзрастаньня аўтарытэту нашай краіны і парлямэнту на міжнароднай арэне.

Нам не патрэбныя новыя канфлікты ў рэгіёне, нам патрэбны мір і стабільнасьць. Беларусь у гэтым сэнсе зьяўляецца донарам стабільнасьці і бясьпекі ў рэгіёне. Гэта наш абʼектыўны інтарэс».

Палітоляг Андрэй Фёдараў, які ў свой час быў сакратаром дэлегацыі Вярхоўнага Савету Беларусі 12 і 13 скліканьня ў Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, у размове са Свабодай падкрэсьлівае:

Андрэй Фёдараў
Андрэй Фёдараў

«Парлямэнцкая асамблея АБСЭ — вельмі спэцыфічная міжнародная арганізацыя. У яе ўваходзяць дэпутаты нацыянальных парлямэнтаў 57 краін у адпаведнасьці з пэўнай квотай. То бок, калі ты не дэпутат парлямэнту сваёй краіны, то ў ПА АБСЭ ты трапіць ня можаш.

Рашэньні ў Парлямэнцкай асамблеі прымаюцца звычайнай большасьцю. Ніякага кансэнсусу тут не прадугледжана. Такі парадак, зразумела, лягчэйшы. Але ніякай абавязковасьці гэтыя рашэньні не нясуць. Я сказаў бы так: гэта хутчэй маральная ацэнка той ці іншай падзеі, той ці іншай краіны».

Андрэй Фёдараў кажа, што Парлямэнцкая асамблея — гэта адлюстраваньне самой АБСЭ, дзе вельмі цяжка знайсьці кансэнсус:

«Бо ў адной і той жа арганізацыі знаходзяцца, напрыклад, настолькі розныя краіны, як Туркмэністан і Швэцыя. А мы ж ведаем, якія ў іх розныя падыходы да шэрагу пытаньняў, асабліва правоў чалавека».

На думку каардынатара праекту «Belarus Security Blog» Андрэя Паротнікава, гэтая сэсія важная для Беларусі «выключна ў якасьці іміджавага мерапрыемства»:

Андрэй Паротнікаў
Андрэй Паротнікаў

«Безумоўна, такая падзея павялічвае сымбалічны капітал зьнешняй палітыкі Беларусі. Але калі казаць пра рашэньне нейкіх актуальных практычных праблем, якія стаяць перад нашай краінай, то тут ніякага ўплыву ня будзе — ні цяпер, ні ў доўгатэрміновай пэрспэктыве», — сказаў экспэрт у інтэрвію Thinktanks.by.

Менск даў згоду на правядзеньне ў сябе летняй сэсіі Парлямэнцкай асамблеі, зыходзячы выключна з іміджавых мэтаў, упэўнены і спадар Фёдараў:

«У Менску штогадовая сэсія не праходзіла ніколі, хоць ПА АБСЭ існуе з 1992 году. Сёлетняя сустрэча — 26-я па ліку, а ўсіх краін у АБСЭ 57. Проста чарга да Беларусі не даходзіла.

Я згадаю, што да 2003 году Нацыянальны сход Беларусі ня быў прадстаўлены ў Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, бо арганізацыя не лічыла выбары, якія праходзілі ў нашай краіне, дэмакратычнымі. Урэшце беларускія чыноўнікі і дэпутаты здолелі ўгаварыць старшыню спэцыяльнай працоўнай групы па Беларусі ў Парлямэнцкай асамблеі нямецкую дэпутатку Уту Цапф, што чарговыя выбары ў Беларусі пройдуць адпаведна са стандартамі АБСЭ. І АБСЭ ўзнавіла статус афіцыйнага парлямэнту. А спадарыню Цапф, якая прыехала ў Менск паглядзець „на станоўчыя зьмены“, двойчы нават не пусьцілі на выбарчы ўчастак».

Аналітык Цэнтру палітычнага аналізу і прагнозу ў Варшаве Павал Вусаў лічыць, што ўсімі дзеяньнямі Менску на зьнешняй арэне кіруе перш за ўсё прагматычны інтарэс — краіне патрэбныя грошы:

Павал Вусаў
Павал Вусаў

«Пацяпленьне адносін з Захадам дазваляе, як спадзяюцца ў Менску, дасягнуць балянсу ў адносінах з Расеяй, у нейкай ступені ўсталяваць парытэт у адносінах з Захадам і Масквой. Правядзеньне падобных мерапрыемстваў дасьць магчымасьць таксама, зноў жа, як разьлічваюць улады, стварыць пазытыўны эканамічны імідж краіны, зьнізіць уяўленьне пра яе як пра зону эканамічных рызык. Наступствам гэтага павінны стаць інвэстыцыі і крэдыт МВФ», — кажа Павал Вусаў.

Раз-пораз ПА АБСЭ прымала крытычныя рэзалюцыі па Беларусі. Ня выключана, што так можа адбыцца і гэтым разам. Хоць беларускія ўлады і зрабілі некаторыя захады, каб такая крытыка не прагучала. У прыватнасьці, да пачатку сэсіі на волю выпушчаныя ўсе ўдзельнікі «справы патрыётаў». Улады таксама дазволілі прыехаць у Менск спэцдакладчыку ААН па Беларусі Міклашу Харасьці. Праўда, ён змог прыехаць у Беларусь не як спэцдакладчык, а толькі на запрашэньне АБСЭ. І выступаць ён будзе, паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», не на асноўным мерапрыемстве, а на адной з паралельных пляцовак, якія будуць дзейнічаць падчас сэсіі.

Міклаш Харасьці
Міклаш Харасьці

Міністэрства замежных спраў Беларусі працягвае настойваць, што не прызнае мандату спэцыяльнага дакладчыка Рады ААН па сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Міклаша Харасьці.

«Паводле наяўнай інфармацыі, спадар Харасьці прыбыў у Беларусь для ўдзелу ў адным з пазапраграмных мерапрыемстваў, якое арганізуюць дэлегаты 26-й сэсіі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, — патлумачыў на сайце МЗС афіцыйны прадстаўнік ведамства Дзьмітры Мірончык. — Прымаючы ў сябе такі аўтарытэтны міжнародны форум, Беларусь узяла на сябе пэўныя абавязаньні, у тым ліку ў дачыненьні да шырокага кола яго ўдзельнікаў. Гэта агульнапрынятая міжнародная практыка».

«Міклаш Харасьці прыбыў у Беларусь ня ў якасьці спэцыяльнага дакладчыка, — тлумачыць Дзьмітры Мірончык. — Адносна ажыцьцяўленьня спэцыяльнымі дакладчыкамі краінавых візытаў існуе адмысловая працэдура, якая мае на ўвазе адпаведны афіцыйны запыт Упраўленьня вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека і атрыманьне па дыпляматычных каналах афіцыйнай згоды прымаючага боку. Беларусь не ўзгадняла візыт спадара Харасьці ў якасьці спэцыяльнага дакладчыка Рады ААН па правах чалавека».

7 ліпеня на Кастрычніцкай плошчы ў Менску пройдзе акцыя з патрабаваньнем вызваліць палітвязьняў і адмяніць вучэньні «Захад-2017». Пра гэта гаворыцца ў звароце каардынатара грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь» Максіма Вінярскага.

Максім Вінярскі
Максім Вінярскі

Важную ролю ў вызваленьні ўдзельнікаў «справы патрыётаў», кажа актывіст «Эўрапейскай Беларусі», адыграў ціск на рэжым як унутры Беларусі, так і звонку. На яго перакананьне, улады вымушаныя ісьці на саступкі, у тым ліку праз правядзеньне ў Менску важнага міжнароднага форуму, які рэжым імкнецца выкарыстаць дзеля сваёй легітымізацыі. Гэта сэсія Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, якая адбудзецца 5–9 ліпеня.

«Мы патрабуем, каб падчас яе правядзеньня было ўзьнятае пытаньне аб парушэньнях правоў чалавека ў Беларусі, а таксама аб тым, што дыктатура ўяўляе сабой небясьпеку ня толькі для беларусаў, але і для ўсяго рэгіёну», — кажа Максім Вінярскі.

У склад беларускай дэлегацыі, якая будзе працаваць на менскай сэсіі, уваходзяць шэсьць чалавек: Баляслаў Пірштук — кіраўнік дэлегацыі, Сяргей Рахманаў, Сяргей Гайдукевіч, Валер Варанецкі, Вольга Папко і Андрэй Рыбак.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG