Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Харасьці спадзяецца, што нарэшце прыедзе ў Беларусь ў сваім асноўным статусе


Спэцыяльны дакладчык ААН у пытаньнях правоў чалавека ў Беларусі Міклаш Харасьці

Спэцыяльны дакладчык ААН у пытаньнях правоў чалавека ў Беларусі Міклаш Харасьці выказаў спадзяваньне, што наступным разам наведае беларускую сталіцу ў сваім асноўным статусе.

Пра гэта, як паведамляе БелаПАН, ён заявіў на паралельным форуме грамадзянскай супольнасьці, які праходзіць у Менску напярэдадні сэсіі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ (5–9 ліпеня).

У сёньняшнім форуме бяруць удзел больш за 100 праваабаронцаў і грамадзкіх актывістаў з краінаў — удзельніц АБСЭ, іх беларускія калегі і дыпляматы, акрэдытаваныя ў Беларусі.

У сваім выступе Міклаш Харасьці падкрэсьліў, што прыехаў у Менск у якасьці экспэрта для ўдзелу ў сэсіі ПА АБСЭ на запрашэньне намесьніка старшыні асамблеі Кента Гэрштэта.

«Я вельмі рады і крануты тым, што бачу Менск. Гэта вельмі прыгожы эўрапейскі горад. Буду спадзявацца, што змагу аднойчы вярнуцца ў маёй афіцыйнай ролі», — сказаў Міклаш Харасьці.

Тым часам ён падзякаваў беларускай праваабарончай супольнасьці за падтрымку правоў чалавека, за самаадданасьць і гераізм. Ацэньваючы сытуацыю ў Беларусі, падкрэсьліў, што ня варта блытаць часовыя паслабленьні з боку ўладаў з сыстэмным характарам выкананьня правоў чалавека.

Міклаш Харасьці прыбыў у Менск 3 ліпеня для ўдзелу ў 26-й штогадовай сэсіі ПА АБСЭ. Па прыезьдзе ён выказаў шкадаваньне, што візыт ажыцьцяўляе не ў сваёй асноўнай місіі.

Ад 2012 году Харасьці зьяўляецца адмысловым дакладчыкам ААН пра сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі. Беларускія ўлады не прызнаюць ягонага мандата, адмаўляюцца ад супрацоўніцтва i не даюць запрашэньня наведаць краіну, што неабходна для аб’ектыўнай ацэнкі сытуацыі.

Сваю апошнюю справаздачу Міклаш Харасьці прадставіў Радзе ААН па правах чалавека ў сярэдзіне мінулага месяца. 23 чэрвеня была прынятая рэзалюцыю наконт Беларусі, якая яшчэ на год падоўжыла мандат спэцдакладчыка.

XS
SM
MD
LG