Дзяржаўная газэта ўгледзела крамолу ў фразе «З Лукашэнкам у краіны няма будучыні»

Аляксандар Комар
Аляксандар Комар

Фраза «З Лукашэнкам у краіны няма будучыні» дала нагоду газэце Бабруйскага гарвыканкаму «Бабруйскае жыцьцё» адмовіць у разьмяшчэньні перадвыбарчай праграмы вылучэнцу ў Палату прадстаўнікоў ад АГП Аляксандру Комару.

Ён вылучаецца ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Бабруйскай Ленінскай акрузе № 78. У разьдзелах перадвыбарчай праграмы апазыцыйны вылучэнец падае сваё бачаньне таго, як дамагчыся пераменаў у Беларусі. Фразай, якая выклікала незадаволенасьць рэдакцыі газэты, адкрываецца разьдзел «Як гэта рабіць».

«Прапанавалі перарабіць або прыбраць фразу з Лукашэнкам»

Пратакол пасяджэньня рэдакцыйнай рады
Пратакол пасяджэньня рэдакцыйнай рады

Апазыцыйны кандыдат у дэпутаты сьцьвярджае, што рашэньне не друкаваць агітацыйны матэрыял прымалася на рэдакцыйнай радзе, якая «рэкамэндавала ўнесьці зьмены ў фармулёўку ў пункт «Як гэта рабіць». Яму сказалі: калі не пагодзіцца гэта зрабіць, то публікаваць перадвыбарчую праграму ня будуць. Па словах Аляксандра Комара, у газэце не пагадзіліся, што іхная пазыцыя — гэта цэнзура.

Яму выдалі копію пратаколу пасяджэньня рэдакцыйнай рады № 1. Як відаць з тэксту, на пасяджэньні ацэньвалі агітацыйныя матэрыялы кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў на адпаведнасьць заканадаўству і Выбарчаму кодэксу. Разгледзелі матэрыялы пяці кандыдатаў, прэтэнзіі выставілі толькі Комару.

«Яны прапанавалі гэтае месца перарабіць ці наагул прыбраць, тады праграму надрукуюць», — кажа ён.

Намесьнік рэдактара газэты: прапанавалі падкарэктаваць праграму

У камэнтары Свабодзе намесьнік галоўнага рэдактара газэты «Бабруйскае жыцьцё» Аляксандар Лескавец не згадаў фразы зь перадвыбарчай праграмы Аляксандра Комара пра Лукашэнку. Ён настойвае: рэдакцыйная рада патлумачыла, што трэба рабіць вылучэнцу, каб ягоную праграму надрукавалі.

«Было сказана: падкарэктуйце адзін пункт перадвыбарчай праграмы. Няхай уважліва чытае пратакол пасяджэньня рэдакцыйнай рады», — сказаў Аляксандар Лескавец.

Паводле Аляксандра Комара, з друкарняй таксама праблемы. Там не памнажаюць агітацыйныя матэрыялы. Прычынай называюць няспраўнасьць абсталяваньня. Сам жа вылучэнец лічыць, што гэта таксама зьвязана з фразай пра Лукашэнку.

Партыец не гатовы казаць, што будзе рабіць, каб ягоныя матэрыялы пабачылі сьвет.

​
XS
SM
MD
LG