«Адміністрацыя шпіталя складае сьпісы». Доктар аб прымусе датэрмінова галасаваць

Ілюстрацыйнае фота. Скрыня для датэрміновага галасаваньня
Ілюстрацыйнае фота. Скрыня для датэрміновага галасаваньня

«Загадчык аддзяленьня сказаў, што мы на дзяржаўнай працы і мусім быць удзячныя». У рэдакцыю Свабоды зьвярнуўся адзін зь лекараў Берасьцейскай вобласьці і расказаў, што на датэрміновае галасаваньне заганяюць ня толькі студэнтаў і салдатаў.

«Я працую ў вялікім шпіталі. Тыдні за два да правядзеньня гэтых няшчасных выбараў загадчык стаў такую прапаганду праводзіць, што ўсе супрацоўнікі нашага аддзяленьня, мэдработнікі, лекары, мусяць паказваць прыклад і галасаваць датэрмінова. Маўляў, мы працуем на дзяржаўнай працы, атрымліваем не такі ўжо малы заробак і мусім быць удзячныя».

Доктар кажа, што сам браць удзел у выбарах не зьбіраўся. Сёньня ў яго выходны, але з працы яму пазванілі на мабільны.

«Сказалі, што адміністрацыя шпіталя абавязала ўсе аддзяленьні складаць сьпісы — хто прагаласаваў датэрмінова, а хто не. Мяне спыталі, ці я прагаласаваў. Я сказаў, што не і ня буду. Праз гадзіну пасьля гэтага званка мне ў пакой у інтэрнаце пагрукалі выхавальнікі і сталі патрабаваць, каб я пайшоў на выбары проста цяпер. Я ветліва адмовіўся. Але гэтым фактам я вельмі абураны», — адзначае доктар.

Ён кажа, што працуе ў шпіталі далёка ня першы год, а такая сытуацыя паўтараецца перад кожнымі выбарамі. «Але цяпер гэтыя людзі пераходзяць усе межы дазволенага — парушаюць мае асабістыя межы», — абураецца ён.

Паводле яго, гэта робіцца, каб «аблегчыць фальсыфікацыі» і «запалохаць насельніцтва»:

«Асабліва якое мае вышэйшую адукацыю і разумее, што адбываецца вакол. І тое, якое прыкладна здагадваецца, што трэба рабіць, каб нешта зьмяніць у гэтай краіне».

​
XS
SM
MD
LG