«Стварала напружаную абстаноўку». Назіральніцу, якая зафіксавала завышэньне яўкі, выдалілі з участку

Назіральніца Ганна Толчыкава
Назіральніца Ганна Толчыкава

Назіральніцу ад руху «За свабоду» Ганну Толчыкаву, якая зафіксавала за 12 лістапада ў пратаколах выбарчай камісіі завышэньне яўкі ў больш як чатыры разы, 14 лістапада «фактычна выштурхнулі з участку з пагрозамі прыцягнуць міліцыю​», расказвае кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары».

Назіральніцы далі напісаны ад рукі «акт» старшыні і чальцоў камісіі ўчастку № 589 Усходняй выбарчай акругі № 107 у Менску. У ім Толчыкаву абвінавачваюць у тым, што на ўчастку яна «вяла запіс на дыктафон, пагражала чальцам выбарчай камісіі турэмным зьняволеньнем, пагражала бацькам вучня, перашкаджала працы камісіі, стварала напружаную абстаноўку, называла чальцоў камісіі злачынцамі».

Хоць такі «акт» не зьяўляецца падставай не дапускаць назіральніцу на ўчастак, Толчыкаву выдалілі з участку. Калі яна спрабавала разабрацца, хто прымаў рашэньне аб пазбаўленьні акрэдытацыі, ёй заявілі, што адпаведныя дакумэнты нібыта перадалі ў акруговую камісію, але паказаць копіі адмовіліся.

Старшыня БСДП (Грамада), кандыдат у дэпутаты Ігар Барысаў на Facebook расказаў, што 13 лістапада назіральніцу выдалілі з участку № 536 Коласаўскай выбарчай акругі № 106 за тое, што «ўпусьціла тэрмас і падчас перапынку спрабавала зрабіць фатаздымак». А 14 лістапада яшчэ адну назіральніцу выдалілі за спробу сфатаграфаваць пратакол з вынікамі галасаваньня.

​
XS
SM
MD
LG