Дзяржаўныя СМІ стрымліваюць ці нават блякуюць палітычную актыўнасьць, — БАЖ

© Shutterstock
© Shutterstock

Беларуская асацыяцыя журналістаў прэзэнтавала 14 лістапада вынікі другога этапу маніторынгу асьвятленьня выбараў у Палату прадстаўнікоў у сродках масавай інфармацыі.

Літаральна ў апошнія дні — як пачалося датэрміновае галасаваньне — падыход дзяржаўнай тэлевізіі да асьвятленьня выбараў зьмяніўся, адзначыў старшыня БАЖ Андрэй Бастунец.

Пакуль ішла агітацыйная кампанія, «ТВ маўчала», расказвае ён. Цяпер эфірны час пра выбары значна павялічыўся, але пра кандыдатаў і іх праграмы ня сталі расказваць больш. Асноўны пасыл — «трэба галасаваць».

Дзяржаўныя мэдыі «практычна ніколі» не акцэнтавалі ўвагу на канкурэнцыі ідэяў і не імкнуліся пашырыць праграмы кандыдатаў і партыяў, адзначае кіраўнік маніторынгавай групы Алесь Анціпенка. Паводле яго, дзяржаўныя СМІ «выконвалі ролю стрымліваньня ці нават блякаваньня палітычнай актыўнасьці».

Гэтую выснову ён робіць на падставе таго, што:

  • выступы кандыдатаў на БТ і радыё не дубляваліся ў інтэрнэце;
  • трансьляваліся не на самых рэйтынгавых каналах і ня ў самых тыражных газэтах;
  • з праграмы перадач немагчыма было даведацца пра час выступу ці дэбатаў канкрэтных кандыдатаў;
  • пытаньні ад дзяржаўнай прэсы да выбарнікаў у эфіры «ня мелі выразнага палітычнага характару»;
  • у дзяржаўных СМІ не было інфармацыі, зь якой можна было б зразумець пляны розных палітычных сілаў па вырашэньні праблемаў беларускага грамадзтва;
  • вобраз Палаты прадстаўнікоў фармаваўся не праз заканадаўча-палітычныя функцыі, а праз партрэты патэнцыйных дэпутатаў: узрост, пол, сямейны статус, прафэсія і досьвед працы;
  • у «Панараме», галоўнай навіновай перадачы дзяржаўнага тэлеканалу «Беларусь-1», выбарам надалі 1,6% часу, у «Наших новостях» на АНТ — каля 1% (для параўнаньня — прагнозу надвор’я адвялі 7% часу, а спорту 11%);
  • пра апазыцыю ў дзяржаўных СМІ кажуць «ці адмоўна, ці вельмі адмоўна, без пэрсаніфікацыі» або ня згадваюць зусім, а пра дзяржаўныя арганізацыі кшталту БРСМ кажуць у пазытыўным сьвятле.
​
XS
SM
MD
LG