Апрычнікі і крыварукія будаўнікі АЭС. За якія словы здымаюць з эфіру выступы кандыдатаў

ЦВК разгледзеў скаргі кандыдатаў на тое, што іхнія тэлезвароты да выбарцаў не выпускаюць у эфір.

Імпічмэнт

Выступ кандыдата ад АГП Уладзімера Няпомняшчых з Гомля ня выпусьцілі ў эфір тэлеканалу «Беларусь-3» 22 кастрычніка. Замест гэтага паказвалі краявіды Гомельшчыны, цэрквы і касьцёлы. Сам Няпомняшчых перакананы, што прычынай усяму першы пункт ягонай праграмы — імпічмэнт дзейнаму кіраўніку краіны.

«Ад гэтых слоў на тэлевізіі, відаць, проста наклалі ў штаны, — сказаў кандыдат у размове са Свабодай. — Хоць я нічога такога не сказаў! Імпічмэнт — законная працэдура. Я ж не сказаў яго на кол пасадзіць. Тым больш я прапаноўваў, каб Лукашэнка ўзначаліў хакейны клюб — гэта значыць, што я з павагай стаўлюся да яго, зычу яму спакойнай старасьці».

Адстаўка

Тэлевізійны запіс перадвыбарчага выступу кандыдата ад Партыі БНФ Міхася Бандарэнкі таксама не пусьцілі ў эфір тэлеканалу «Беларусь-3». 28 кастрычніка замест Бандарэнкі, які балятуецца ў Мазыры, гледачам прапанавалі паслухаць музыку. Кандыдат мяркуе, што прычына — ягоныя заклікі да Лукашэнкі сысьці ў адстаўку.

«Мабыць, выступ не пусьцілі таму, што я казаў пра дыктатуру ў Беларусі і што Лукашэнка павінен сысьці, — кажа Міхась Бандарэнка. — Скаргаў пісаць ня буду, выкладу свой выступ у інтэрнэт і буду праводзіць агітацыйныя пікеты».

Крыварукія будаўнікі БелАЭС

Выступ кандыдаткі ад АГП Ірыны Давідовіч, якая балятуецца ў Іўі, таксама не прайшоў цэнзуру на тэлебачаньні. Яго зьнялі з эфіру 23 кастрычніка.

Ірыны Давідовіч
Ірыны Давідовіч

«Я буду галасаваць за прыняцьце адстаўкі прэзыдэнта, згодна з пунктам 8 артыкула 97 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, — гаварыла ў ім кандыдатка. — Я буду за пачатак працэдуры імпічмэнту прэзыдэнта. Для гэтага я прыкладу ўсе мае намаганьні».

Пазьней у камэнтары «Эўрарадыё» кіраўнік тэлерадыёкампаніі «Гродна» Мікалай Мельячэнка патлумачыў, што прэтэнзіі ўзьніклі ня толькі да словаў пра імпічмэнт, але і да выказваньняў накшталт «крыварукія будаўнікі БелАЭС».

«Калі чалавек гаворыць „крыварукія будаўнікі“, разумееце... Калі б гэта пачулі будаўнікі Беларускай АЭС, то, напэўна, у суд падалі б, калі б выступ прайшоў, — сказаў Мельячэнка. — Альбо пра тое, што ўсе „грамадзяне Беларусі рабы“ — гэта можа пакрыўдзіць, і гэта крыўдзіць людзей, якія жывуць у краіне».

Князь і апрычнікі

Увечары 30 кастрычніка адбылося паседжаньне Назіральнай рады па кантролі за выкананьнем парадку і правіл правядзеньня перадвыбарчай агітацыі ў СМІ. Журналістаў не дапусьцілі, прысутнічалі толькі сябры рады і назіральнікі. Як сказаў Свабодзе старшыня БАЖ Андрэй Бастунец, які ўваходзіць у склад Рады, на ёй разглядалі скаргі трох кандыдатаў, чые відэазвароты былі зьнятыя з эфіраў.

Андрэй Бастунец
Андрэй Бастунец

«Рада разглядала ролікі кандыдатаў у дэпутаты, якія не былі паказаныя ў эфіры, — сказаў Андрэй Бастунец. — Я, праўда, ня думаю, што яна магла б вярнуць іх у эфір, Рада можа толькі выносіць рэкамэндацыі. Але і да гэтага не дайшло. Большасьцю галасоў, сем супраць аднаго, усе тры скаргі былі адхіленыя».

Сярод трох скаргаў дзьве былі ад Няпомняшчых і Давідовіч. Па словах Андрэя Бастунца, аспрэчыць недапушчэньне відэаролікаў кандыдатаў да тэлеэфіраў быў гатовы толькі ён. Іншыя сябры рады (на паседжаньні прысутнічалі, напрыклад, Павал Лёгкі і Лідзія Ярмошына) парушэньняў заканадаўства не знайшлі.

«У нас была канцэптуальная дыскусія зь іншымі ўдзельнікамі рады, — дадае кіраўнік БАЖ. — Я казаў, што трэба зыходзіць зь літаральнага тлумачэньня таго, што напісана ў Выбарчым кодэксе. Астатнія ўдзельнікі грунтаваліся на значна шырэйшай трактоўцы тэрмінаў, абапіраліся ў тым ліку на Закон аб СМІ, які гэтыя абмежаваньні робіць гнуткімі».

Па словах кіраўніка БАЖ, тэрмін «імпічмэнт», які сустракаўся ў зьнятых з эфіру відэазваротах, акурат не выклікаў пытаньняў на паседжаньні. Затое выклікалі іх іншыя словы.

«Там бурная дыскусія была, асабліва напачатку, — кажа Бастунец. — Я ім сказаў, што яны знайшлі ў выступах і распальваньне нацыянальнай варожасьці, і абразу прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, і яшчэ, і яшчэ. Я ім кажу: тут вы пяць артыкулаў Крымінальнага кодэксу знайшлі. Самыя розныя выказваньні выклікалі супраціў. Вельмі шырокае тлумачэньне выкарыстоўвалася. Слова «імпічмэнт», дарэчы, у прэтэнзіях не фігуравала. А вось слова «князь», альбо «апрычнікі», — ужо так.

Парлямэнцкія выбары пройдуць у Беларусі 17 лістапада. У якасьці кандыдатаў на іх зарэгістравана больш за 500 чалавек.

​
XS
SM
MD
LG