Кандыдатку без папярэджаньня зьнялі з выбараў пасьля тэлевыступу

Паліна Шарэнда-Панасюк
Паліна Шарэнда-Панасюк

Берасьцейскую актывістку кампаніі «Эўрапейская Беларусь» Паліну Шарэнду-Панасюк​ выключылі зь ліку кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.

Як сказала Свабодзе Паліна Шарэнда-Панасюк, яна даведалася ад даверанай асобы, якая была на паседжаньні выбарчай камісіі, што яе зьнялі з выбараў.

Шарэнда-Панасюк адзначае, што гэта было зроблена без папярэджаньня. Зьняцьце з выбараў яна лічыць беспадстаўным і зьбіраецца абскарджваць.

У ліку прычынаў зьняцьця камісія называла і тое, што яна незаконна раздавала ўлёткі на пікетах (гэта «невыкананьне абмежаваньняў пры правядзеньні перадвыбарнай агітацыі» — можа быць падставай для здыманьня без папярэджаньня паводле арт. 70-1 Выбарчага кодэксу).

Але, як даведалася актывістка, «больш за ўсё іх разьюшыў тэлевыступ».

У выступе яна заклікала не ісьці на выбары, якіх «няма з 1994 году», бо «дыктатар Лукашэнка забраў у беларусаў неад’емнае права любога чалавека — выбар». Згадаўшы шэраг праблемаў, ад будаўніцтва акумулятарнага заводу да перамоваў па «паглыбленьні інтэграцыі» з Расеяй, яна запатрабавала адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі, закрыцьця БелАЭС і забесьпячэньня годнай працы за годны заробак.

«Цярпеньне іхнае лопнула, нэрвы іхныя ня вытрымалі, вось і зьнялі адразу», — мяркуе Шарэнда-Панасюк. Яна лічыць, што толькі «назвала рэчы сваімі імёнамі», а ў выбарчай камісіі «падганяюць усё гэта пад зьвяржэньне ўлады і паклёп».

​
XS
SM
MD
LG