Змагаецца з эфэбіфобіяй. Сайт «Міс сусьвет» расказаў пра кандыдатку Васілевіч

Марыя Васілевіч на конкурсе «Міс Беларусь» у 2018 годзе
Марыя Васілевіч на конкурсе «Міс Беларусь» у 2018 годзе

На афіцыйным сайце конкурсу «Міс сусьвет» зьявілася навіна пра ўдзел эўрапейскай «Міс сусьвет» 2018 году Марыі Васілевіч у парлямэнцкіх выбарах у Беларусі.

Сайт «Міс сусьвет» ня толькі паведамляе пра сам факт рэгістрацыі Васілевіч кандыдаткай. Прыводзяцца і ейныя словы пра барацьбу за правы моладзі і эфэбіфобію — ірацыянальную агіду да падлеткаў.

«Гэта тэндэнцыя, якую я разумею і хачу зьмяніць, — кажа Марыя Васілевіч. — Моладзь — гэта годнасьць і адказнасьць. Я хачу паказаць такім маладым людзям, што вам ня трэба сядзець склаўшы рукі. Я заўсёды займала актыўную жыцьцёвую пазыцыю, і ў свае 22 гады, на мой погляд, маю нейкі вопыт, веды і жаданьне паспрыяць разьвіцьцю Беларусі».

Адзначаецца, што сярод 560 зарэгістраваных кандыдатаў толькі 27% жанчыны, а маладзейшых за 30 гадоў толькі 9,5%.

Пры тым на сайце ня згадваецца, што парлямэнцкія выбары ў Беларусі ні разу не прызнаваліся свабоднымі і дэмакратычнымі ў ЗША і Заходняй Эўропе, а таксама стасункі кандыдаткі з кіраўніком дзяржавы Аляксандрам Лукашэнкам.

Ня згадваецца і тое, што пра ўзрост Васілевіч выказвалася старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына.

«Думаю, насельніцтву гэта спадабаецца, — сказала Ярмошына пра Васілевіч. — Адзінае што, у мяне асабістая пазыцыя як выбарніка і дзяржаўнага чыноўніка: у дэпутаты павінны ісьці людзі сталыя», — сказала кіраўніца ЦВК.

Выданьне «Салідарнасьць» пабачыла завочны канфлікт старшыні ЦВК з кіраўніком дзяржавы. Неўзабаве пасьля заяваў Ярмошынай Лукашэнка казаў:

«Я ўжо не адзін раз казаў тое, што павінен быў сказаць прэзыдэнт. Праўда, мне кажуць, што кіраўніца ЦВК Ярмошына так і не пачула прэзыдэнта. Мы заўсёды кажам: моладзь — наша будучыня, за моладзьдзю ўсё. А колькі маладых вылучыліся? Пяць? Кажуць, што яны неспрактыкаваныя, яны нічога ня ведаюць. Ды яны ведаюць тое, чаго ня ведаем мы, яны ведаюць тое, што ведае моладзь!»

***

Марыя Васілевіч — пераможца конкурсу «Міс Беларусь» 2018 году і эўрапейская пераможца конкурсу «Міс сусьвет» таго ж году (увайшла ў топ-5). Дзяўчына часта суправаджала ў паездках Аляксандра Лукашэнку, які зьвяртаўся да яе «дзетка». У 2018 годзе Лукашэнка прапаноўваў Васілевіч узначаліць калгас, і тая нават пагадзілася, але кіраўніцай гаспадаркі ня стала.

Васілевіч 22 гады, яна мае спэцыяльнасьць эканаміста, беспартыйная (але чалец БРСМ). Балятуецца ў Менску па 104-й Кальварыйскай акрузе. Сярод ейных канкурэнтаў — сябры апазыцыйных АГП, БНФ, БСДП(Г), «Зялёных», а таксама праўладных БПП, КПБ, ЛБПБ і РППС і беспартыйная старшыня Фэдэрацыі фітнэсу. Самы малады ейны канкурэнт, Валер Клінцоў з праўладнай Беларускай патрыятычнай партыі, 1983 году нараджэньня (Максім Вінярскі з БНФ — 1981 году).

​
XS
SM
MD
LG