«Ад слоў „імпічмэнт Лукашэнку“ яны наклалі ў штаны». Як выступ кандыдата ў дэпутаты не пусьцілі ў эфір

Уладзімер Няпомняшчых
Уладзімер Няпомняшчых

Выступ кандыдата ад АГП гамельчука Ўладзімера Няпомняшчых ня выпусьцілі ў эфір тэлеканала «Беларусь-3» вечарам 22 кастрычніка. «Замест мяне па тэлевізары паказалі цікавінкі Гомельшчыны, цэрквы, касьцёлы», — зазначыў кандыдат.

Ён упэўнены, што прычына, чаму запіс не пайшоў у эфір, — першы пункт ягонай праграмы, «Імпічмэнт Лукашэнку».

«Ад гэтых слоў на тэвізіі, відаць, проста наклалі ў штаны. Хоць я нічога такога не сказаў! Імпічмэнт — законная працэдура. Я ж не сказаў яго на кол пасадзіць. Тым больш я прапаноўваў, каб Лукашэнка ўзначаліў хакейны клюб — гэта значыць, што я з павагай стаўлюся да яго, зычу яму спакойнай старасьці», — патлумачыў Няпомняшчых.

Ён ідзе на выбары, ведаючы, што ніяк ня трапіць у парлямэнт.

«Я іду, каб расказаць народу праўду, каб разгайдаць гэтую лодку зь піратамі», — дадаў кандыдат.

Між тым ён усьцешыўся, калі даведаўся, што запіс не паказалі па тэлевізіі.

«Значыць, я ўсе правільна сказаў, што так яны папалохаліся. Я казаў пра краіну для жыцьця, дзе праводзяць „Славянскія базары“ і будуюць прыбіральні за мільён даляраў, а па тэлевізіі круцяць ролікі аб зьбіраньні па капейцы дзецям на лекі. Гэта маразм, подласьць. Асабіста мне сорамна за такую краіну», — дадаў кандыдат.

Няпомняшчых у сваёй праграме напісаў, што пры зьмене ўлады супрацоўнікаў КДБ і АМАП трэба ўнесьці ў асаблівы сьпіс і прымяніць да іх «прэзумпцыю вінаватасьці», а дэпутатам парлямэнту зрабіць мінімальны заробак.

Ён далей будзе праводзіць кампанію і сёньня выставіць каля ўнівэрмага «Гомель» агітацыйны пікет.

​
XS
SM
MD
LG