Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ўлады вяртаюцца да брутальнага сцэнару выбарчай кампаніі


Акцыя, якую сабраў Мікола Статкевіч, карыстаючыся пэрыядам перадвыбарчай лібэралізацыі
Акцыя, якую сабраў Мікола Статкевіч, карыстаючыся пэрыядам перадвыбарчай лібэралізацыі

Дэманстратыўная нерэгістрацыя найбольш заўважных і знакавых прадстаўнікоў апазыцыі і незалежнага грамадзтва сьведчыць пра тое, што ўлады вяртаюцца да брутальнага сцэнару выбарчай кампаніі, які практыкаваўся ў 2000-я гады.

Сьцісла

  • Зьмянілася тактыка ўладаў адносна апазыцыйных кандыдатаў.
  • На тле масавага недаверу насельніцтва да існага рэжыму ўлады асьцерагаюцца, што за месяц агітацыйнай кампаніі апазыцыя можа расхістаць сытуацыю.
  • Моцна зьменшылася неабходнасьць торгу з Захадам вакол праблем з дэмакратыяй у Беларусі.
  • Нерэгістрацыя дзейных дэпутатак Палаты прадстаўнікоў Алены Анісім і Ганны Канапацкай азначае, што ўлады ня хочуць дадаваць ім палітычнай вагі.

У 2000-я ўлады асабліва не турбаваліся гульнёй у дэмакратыю, а проста ў масавым парадку не рэгістравалі апазыцыйных кандыдатаў, каб нават іх сьледу ў выбарчай кампаніі не было.

Пазьней, пачынаючы недзе з кампаніі 2008 году, улады ладзілі больш складаную і гнуткую гульню. Рэгістравалі амаль усіх апазыцыянэраў, але выбракоўвалі іх на этапе галасаваньня і падліку галасоў. Маўляў, мы тут ні пры чым, народ іх не падтрымаў.

А вось цяпер, здаецца, улады вяртаюцца да жорсткага сцэнару пачатку 2000-х. Яны пайшлі на дэманстратыўную нерэгістрацыю найбольш заўважных і знакавых прадстаўнікоў апазыцыі і незалежнага грамадзтва. Не прайшлі рэгістрацыю дзейныя дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў (ПП) Алена Анісім і Ганна Канапацкая, а таксама Ірына Халіп, Максім Вінярскі і іншыя прадстаўнікі «Эўрапейскай Беларусі». Адначасова выдалілі ўсіх прадстаўнікоў «Руху за свабоду» ў Менску на чале зь яго лідэрам Юрасём Губарэвічам. Не зарэгістравалі трох з чатырох праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага заводу пад Берасьцем. Не пусьцілі на выбары нават старшыню Рэспубліканскай асацыяцыі інвалідаў-вазочнікаў Яўгена Шаўко. Гэта тое, што вядома на момант напісаньня матэрыялу.

То бок цяпер улады ня лічаць патрэбным спасылацца на народ, які нібыта не падтрымлівае апазыцыянэраў, а наадварот, дэманструюць, што гэта яны самі іх не пускаюць.

Чаму зьмянілася тактыка? Чаму адбываецца адкат на 15–20 гадоў таму? На мой погляд, дзеля гэтага існуюць дзьве прычыны: унутраная і вонкавая.

Найперш пра ўнутраны чыньнік. Этап збору подпісаў выявіў непрыемную для рэжыму акалічнасьць. А менавіта — масавы недавер насельніцтва да ўлады. Пра гэта сьведчаць ня толькі апазыцыянэры, якія ўдзельнічаюць у выбарчай кампаніі, але і праўладныя кандыдаты. На гэтым тле правядзеньне пікетаў пад бел-чырвона-белым сьцягам, часам з радыкальнымі лёзунгамі, нэрвуе палітычнае кіраўніцтва. Мікола Статкевіч нават ухітрыўся правесьці мітынг, карыстаючыся пэрыядам перадвыбарчай лібэралізацыі.

І ўлады прыйшлі да высновы, што калі іх усіх зарэгістраваць, то давядзецца яшчэ цярпець цэлы месяц перадвыбарчай агітацыі на плошчах і вуліцах. Калі б грамадзкая атмасфэра была іншая, хоць бы такая, як 3-4 гады таму, калі ўсе былі запужаныя падзеямі ва Ўкраіне, то можна было б і патрываць. А цяпер, калі падтрымка ўлады мінімальная, зьявіўся страх, што за месяц агітацыйнай кампаніі апазыцыя можа расхістаць сытуацыю. Таму нэрвы ня вытрывалі.

Дарэчы, не зарэгістравалі і прыхільнікаў «русского мира» Арцёма Агафонава і Сяргея Лушча. Каб усходнія «браты» не спакусіліся выкарыстаць выбарчую кампанію ў сваіх мэтах.

Цяпер пра вонкавыя прычыны. Чыньнік торгу з ЭЗ і ЗША вакол праблем з дэмакратыяй адышоў на другі плян. Адносіны з Захадам размарожаныя, ЭЗ зьняў санкцыі, а ЗША — прыпынілі. Праблема правоў чалавека фактычна вынесена за дужкі дачыненьняў афіцыйнага Менску з эўрапейцамі і амэрыканцамі. Геапалітыка і пытаньне незалежнасьці Беларусі выціснулі астатнія праблемы. Краіны ЭЗ дэ-факта прызналі парлямэнт Беларусі, сюды едуць парлямэнцкія дэлегацыі, яны сустракаюцца з тутэйшымі дэпутатамі. Ніякіх вялікіх пэрспэктываў канвэртаваць прагрэс на выбарах у практычныя дывідэнды ад супрацоўніцтва з Захадам бліжэйшым часам ня бачна. Улады палічылі, што рызыка ад выбарчай кампаніі апазыцыі большая, чым магчымыя выгады ад супрацоўніцтва з ЭЗ і ЗША.

Дарэчы, варта зьвярнуць увагу, што мясцовыя выбары 2018 году не пацьвердзілі трэнд на пашырэньне прадстаўніцтва апазыцыі ў саветах, як многія меркавалі па выніках выбараў у Палату прадстаўнікоў 2016 г.

Нерэгістрацыя дзейных дэпутатак Алены Анісім і Ганны Канапацкай не выключае таго, што нейкія апазыцыянэры могуць зьявіцца ў парлямэнце, хоць верагоднасьць такога сцэнару вельмі нізкая. З гледзішча ўладаў, другі тэрмін гэтых дэпутатак дадаў бы ім палітычнай вагі. Яны і так за тры гады сталі вядомымі, пазнавальнымі, іх мэдыйны рэйтынг вырас, што з дэпутатамі адбываецца рэдка. І ўлады вырашылі, што хопіць. Калі на іх месца хто і зьявіцца, то зусім невядомы, і яму давядзецца пачынаць здабываць сваю вядомасьць з нуля.

Гэта ня першы выпадак штучнага рэгуляваньня рэйтынгу прадстаўнікоў апазыцыі. Узгадайце прэзыдэнцкія выбары 2015 году, калі дзяржаўныя мэдыі нават спрабавалі зьлёгку піярыць Тацяну Караткевіч. У выніку яна набыла пэўную вядомасьць, папулярнасьць. Усе чакалі, што праз год Тацяна пройдзе ў Палату прадстаўнікоў. Аднак — не, улады вырашылі, што хопіць, ня варта больш дадаваць ёй палітычнай вагі. І зь яе акругі прапусьцілі Ганну Канапацкую.

Цяпер гісторыя паўтарылася, са складу Палаты прадстаўнікоў выключылі ўжо Канапацкую і Анісім. Бо ў краіне павінен быць толькі адзін палітык. А яму нават мінімальная канкурэнцыя непатрэбная.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG