Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ідзе ў асноўным агентура». Зянон Пазьняк пра парлямэнцкую кампанію ў Беларусі


У інтэрвію Свабодзе старшыня Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Зянон Пазьняк расказаў, з чым зьвязвае тое, што гэтым разам у Палату прадстаўнікоў зьбіраецца вылучацца шмат моладзі і грамадзкіх актывістаў.

«Сьведчыць пра расчараваньне рэжымам і пагаршэньне ўзроўню жыцьця. Людзі пачынаюць шукаць выйсьце з гэтага становішча і праяўляюць у гэтым поўны палітычны інфантылізм», — сказаў палітык.

На яго думку, у сытуацыі адсутнасьці вольнай палітыкі і самастойнага парлямэнту той палітычны досьвед, які, як актывісты думаюць, яны здабываюць, ідзе на карысьць рэжыму.

«Ідуць на выбары... у асноўным агентура ідзе. Думаюць, што здабываюць палітычны досьвед, але ён на карысьць рэжыму. Таму што рэжыму трэба, каб людзі ўдзельнічалі ў выбарах, каб была яўка. І тады рэжым можа прадставіць на Захадзе, што ў нас дэмакратыя, усе ўдзельнічаюць. На самой справе выбараў няма, ніхто зь іх ня пройдзе ў гэтую „палатку“, якая ня ёсьць парлямэнтам і ня мае ніякіх заканадаўчых функцый».

Зянон Пазьняк лічыць, што ўладам Беларусі вельмі зручна выкарыстаць факт актыўнасьці на парлямэнцкіх выбарах, таму што заходнія палітыкі «вельмі недалёкія ў гэтым пляне»:

«Бальшыня заходніх палітыкаў, нават тых, якія 10 ці 20 гадоў цікавяцца Беларусьсю, не разумеюць элемэнтарных рэчаў».

На думку лідэра КХП-БНФ, адзіная правільная тактыка — байкот: няўдзел у выбарах ні ў якасьці кандыдатаў, ні ў якасьці выбарнікаў. Гэтага прынцыпу партыя пасьлядоўна прытрымліваецца ўжо шмат гадоў.

Хто такі ​Зянон Пазьняк

​Зянон Пазьняк нарадзіўся 24 красавіка 1944 году ў мястэчку Суботнікі Івейскага раёну Горадзенскай вобласьці. У 1967-м скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут, а яшчэ празь пяць гадоў — асьпірантуру пры Інстытуце этнаграфіі, мастацтвазнаўства і фальклёру Акадэміі навук Беларусі. У 1981-м абараніў у Ленінградзе дысэртацыю па гісторыі беларускага тэатру. Працаваў у аддзеле археалёгіі Інстытуту гісторыі Акадэміі навук, адстойваў ад разбурэньня гістарычныя кварталы Менску.

У 1988 годзе адкрыў для беларускай і ўсясьветнай грамадзкасьці масавыя пахаваньні ахвяраў сталінізму ў Курапатах. Адзін з заснавальнікаў «Мартыралёгу Беларусі» і Беларускага Народнага Фронту «Адраджэньне».

У 1996-м празь перасьлед уладаў пакінуў Беларусь, цяпер жыве ў Нью-Ёрку. Ад таго часу ў Беларусі ня быў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG