Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Расея — фізычная сьмерць, а Эўропа яшчэ горш». Зянон Пазьняк патлумачыў, чаму Беларусі ня трэба ў Эўразьвяз


У інтэрвію Свабодзе старшыня Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Зянон Пазьняк прызнаўся, што лёзунг БНФ 1994 году «Беларусь — у Эўропу» больш не актуальны.

Палітык сказаў, што 23 гады жыцьця за мяжой далі яму магчымасьць паглядзець на Захад зблізку.


«Для нас, для Беларусі, трэба як мага далей трымацца ад Расеі і ні ў якім разе не ісьці ў Эўразьвяз. Таму што там фізычная сьмерць, а тут яшчэ горш. Гэта абсалютна гнілая цывілізацыя. Яна ня мае будучыні», — заявіў Пазьняк.

У 1994 годзе ў БНФ быў лёзунг: «Беларускі Народны Фронт — гэта вяртаньне ў Эўропу». Зянон Пазьняк кажа, што тады гэта было абгрунтавана неабходнасьцю ня даць Беларусі далучыцца да Расеі:

«У тыя гады ўсімі сіламі намэнклятура хацела загнаць Беларусь у Расею, калі хацелі аб’яднаць грашовыя сыстэмы. Тады вельмі важна было выставіць альтэрнатыву. Таму лёзунг быў такі: „Беларусь у Эўропу“, каб не заграбасталі ў Расею».

Цяпер, лічыць Пазьняк, нацыянальным сілам ня варта карыстацца лёзунгам «Беларусь у Эўропу», таму што «людзі разабраліся, што такое Расея, асабліва пасьля нападу на Ўкраіну».

«Тады, у 90-я гады, гэтага не было, і лёзунг быў вельмі важны. Цяпер які наш лёзунг? Беларусь перадусім. Бо, калі будзе Беларусь, будзе ўсё. Ня будзе Беларусі — ня будзе ні дэмакратыі, нічога, нас ня будзе. Таму „Беларусь перадусім!“ — вось наш лёзунг».

Хто такі ​Зянон Пазьняк

​Зянон Пазьняк нарадзіўся 24 красавіка 1944 году ў мястэчку Суботнікі Івейскага раёну Горадзенскай вобласьці. У 1967-м скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут, а яшчэ празь пяць гадоў — асьпірантуру пры Інстытуце этнаграфіі, мастацтвазнаўства і фальклёру Акадэміі навук Беларусі. У 1981-м абараніў у Ленінградзе дысэртацыю па гісторыі беларускага тэатру. Працаваў у аддзеле археалёгіі Інстытуту гісторыі Акадэміі навук, адстойваў ад разбурэньня гістарычныя кварталы Менску.

У 1988 годзе адкрыў для беларускай і ўсясьветнай грамадзкасьці масавыя пахаваньні ахвяраў сталінізму ў Курапатах. Адзін з заснавальнікаў «Мартыралёгу Беларусі» і Беларускага Народнага Фронту «Адраджэньне».

У 1996-м празь перасьлед уладаў пакінуў Беларусь, цяпер жыве ў Нью-Ёрку. Ад таго часу ў Беларусі ня быў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG