Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты: які вецер задзьме ў парлямэнце?


Чаму не зарэгістравалі Алену Анісім і Ганну Канапацкую? Каго зарэгістравалі, а каго — не? Ці можна спрагназаваць склад будучага парлямэнту?

На гэтыя пытаньні свае адказы ў Праскім акцэнце прапануюць палітычныя аналітыкі Паўлюк Быкоўскі і Ўладзімер Глод.

Сьцісла

Глод:

Зьяўленьне ў Палаце прадстаўнікоў Анісім і Канапацкай зьмяніла стаўленьне да так званага беларускага парлямэнту

Новы склад парлямэнту будзе разглядаць пытаньне транзыту ўлады ў Беларусі

Быкоўскі:

Сярод тых, хто вылучаўся праз збор подпісаў, «выкасілі» першы эшалён апазыцыянэраў, мэдыйных пэрсонаў, але другі эшалён збольшага зарэгістравалі

З 10 прадстаўнікоў «рускага сьвету», якія вылучаліся праз збор подпісаў, ня быў зарэгістраваны ніводзін

Чаму не зарэгістравалі Анісім і Канапацкую?

Дракахруст: Пра што сьведчаць вынікі рэгістрацыі прэтэндэнтаў на дэпутацкія мандаты?

Напачатку — пра галоўную сэнсацыю гэтага этапу кампаніі. Не былі зарэгістраваныя кандыдаткамі цяперашнія дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім і Ганна Канапацкая — дзьве адзіныя прадстаўніцы незалежнага грамадзтва ў цяперашнім парлямэнце.

На думку некаторых яны выконвалі ролю дэмакратычнай вітрыны беларускага аўтарытарнага рэжыму. У чым прычына іх нерэгістрацыі, чаму іх «зрэзалі» на гэтым, папярэднім этапе кампаніі?


Глод: Я думаю, што адказ на гэтае пытаньне такі: Лукашэнку не патрэбныя канкурэнты. Згадаем 2015 год. Ідзе прэзыдэнцкая кампанія. Сярод прэтэндэнтаў — на тле традыцыйных Лукашэнкі і Гайдукевіча — энэргічная, зьнешне прывабная маладая жанчына Тацьцяна Караткевіч. Пра яе шмат гавораць. І што далей? На наступны год Караткевіч удзельнічае ў парлямэнцкіх выбарах. Зразумелае яе жаданьне замацаваць свой пасьпяховы імідж праз працу ў Палаце прадстаўнікоў. І што ў адказ робяць улады? Яны праводзяць нестандартную апэрацыю. У той жа акрузе аказваецца Ганна Канапацкая. І яе — апазыцыянэрку з АГП — абвяшчаюць пераможцай і дэпутаткай. Гэта, я лічу, тонкі і падступны разьлік.

Калі б дэпутацкі мандат аддалі камусьці з уладных кандыдатаў, то Караткевіч апэлявала б: маўляў, бюлетэні не лічылі, мандат падаравалі стаўленіку ўлады. А тут усё ня так проста, нашмат хітрэй. Станоўчы імідж Караткевіч разбураны цалкам. Што гэта за канкурэнт для Лукашэнкі, якая ня здольная перамагчы нават у асобнай акрузе?!

Сёлета гэтаксама паставіліся да Анісім і Канапацкай. Уявіце, што яны ў наступным годзе захочуць балятавацца ў прэзыдэнты. І што скажуць пра іх афіцыйныя мэдыя: ды гэта ж нейкія недарэкі, яны не змаглі сабраць нават АДНУ тысячу подпісаў, а на прэзыдэнцкіх выбарах трэба мець СТО тысяч. Дык чаго ад іх чакаць? Няздольныя яны ні на што сур'ёзнае.

І яшчэ. Шмат у чым вінаватыя самі Анісім і Канапацкая. Хіба ж яны ня ведалі, што кожны подпіс на іх карысьць у выбарчых камісіях будуць не адзін раз праглядаць праз павелічальнае шкло? Значыць і стаўленьне да збору подпісаў павіннае было быць надзвычай адказнае. У Анісім, пра што яна мне распавядала, здарылася бяда. Сёлета памерла жанчына, якая кіравала яе ініцыятыўнай групай у 2016 годзе. Зразумела, што давялося шукаць іншага чалавека. Без досьведу вельмі спэцыфічнай працы.

У выніку ў падпісных лістах зьявіліся памылкі: не пазначаны дом ці вуліца ў вёсцы, не пазначаны раён, у некаторых падпісных лістах дату паставіў зьбіральнік подпісаў, а не сам падпісант. Канечне, можа казаць, што гэта дробязі. Але ж парушэньні, няхай фармальныя, ёсьць. І куды ад гэтага падзецца?

А пра канфлікт Канапацкай з АГП усім добра вядома. Не было б сваркі, не патрэбна было б спадарыні Ганьне зьбіраць подпісы наагул. Вылучыў бы яе зьезд і гэтага дастаткова было б для рэгістрацыі.

Быкоўскі: У нас зараз было 34 дэпутаты дзейнага парлямэнту, якія пайшлі на сёлетнія выбары. 2 зь іх адсеялі — Анісім і Канапацкую. Але такая ж прапорцыя была на мінулых і на пазамінулых выбарах.

Што да асобаў, то можна казаць, што Канапацкая была патрэбная, каб змагацца з Караткевіч. Як вэрсія, гэта магчыма. Але само па сабе зьяўленьне прадстаўніцы апазыцыі разглядалася як пэўны прагрэс, гэта абмяркоўвалі з прадстаўнікамі Захаду.

Гэта была дэпутатка, якая задавала пытаньні, рабіла дэпутацкія запыты, агучвала некаторыя рэчы, пра якія мы, журналісты, даведваліся толькі ад яе, напрыклад, праект бюджэту. Гэта наўрад ці можна разглядаць як сур’ёзную канкурэнцыю Аляксандру Лукашэнку.

Партыя адмовілася вылучыць Канапацкую на зьезьдзе. А са зборам подпісаў узьніклі праблемы. Яна ўсё ж спадзявалася на партыйнае вылучэньне.

Што тычыцца Анісім, то ў яе на мінулых выбарах не было кандыдата, сувымернага зь ёй паводле вагі. А тут раптам зьявіўся кандыдат — начальнік мясцовай міліцыі. Прычым ён быў вылучаны працоўным калектывам.

Часта такое вылучэньне — маркёр таго, што гэты кандыдат і стане дэпутатам. Хаця на гэтых выбарах гэта ўжо не настолькі выразны маркёр. Ёсьць 40 акругаў, дзе працоўнымі калектывамі вылучаныя 2 ці болей кандыдатаў.

Цяперашнія праблемы Анісім можа і не фатальныя, яна яшчэ можа адмову абскардзіць у судзе. І для гэтага ёсьць падставы, у некаторых подпісах у яе было пазначанае паселішча, але не пазначаны раён. Гэта палічылі парушэньнем.

Былі зарэгістраваныя збольшага тыя партыйцы, якія былі вылучаныя зьездамі.

Па выніках рэгістрацыі можна сказаць, што сярод тых, хто вылучаўся праз збор подпісаў, «выкасілі» першы эшалён апазыцыянэраў, мэдыйных пэрсонаў, але другі эшалён збольшага зарэгістравалі.

Рэкорд вылучэньня і рэкорд адсеву

Дракахруст: Сёлета было вылучана кандыдатамі ў кандыдаты больш за 700 прэтэндэнтаў. Гэта рэкордна высокая колькасьць, раней было значна менш. Лідзія Ярмошына адзначыла гэта як паказьнік дэмакратызму выбараў. А сапраўды, чаму так шмат было вылучэньняў? Зь іншага боку, быў і вялікі адсеў — 20%, працягнуць змаганьне за мандаты змогуць толькі 560 чалавек. Чым можна патлумачыць такі вялікі адсеў?

Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына галасуе на выбарах
Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына галасуе на выбарах

Глод: Давайце пачынаць зь лічбаў. У 2012 годзе вылучаліся «кандыдатамі ў кандыдаты» 494 чалавекі. У 2016 іх паболела — 630. Сёлета іх яшчэ болей — 703. То бок тэндэнцыя да павелічэньня сапраўды існуе. Чаму? Я думаю, зьяўленьне ў Палаце прадстаўнікоў шостага, апошняга, скліканьня Алены Анісім і Ганны Канапацкай усё ж зьмяніла стаўленьне да так званага беларускага парлямэнту. Людзі пераканаліся, што магчымасьць засьвяціцца ўсё ж існуе. Калі гэта атрымалася ў Алены і Ганны, то чаму ня можа атрымацца ў мяне? — разважаюць актыўныя людзі. І менавіта з гэтым, я думаю, зьвязаны рост колькасьці ахвочых ісьці ў дэпутаты.

Цяпер пра адсеў. Тут лічбы такія: 2012 год — 25%, 2016 — 17%, сёлета — 20%. Пакуль я не маю тлумачэньня, чаму ў 2019 годзе атрымалася павелічэньне долі адсеяных.

Упершыню за найноўшую гісторыю выбараў палітычныя партыі вылучылі болей за палову (дакладна 51,5%) кандыдатаў ад агульнага сьпісу. Паколькі партыйцаў вылучаюць зьезды, то «зарубіць» іх, зразумела, цяжэй. Подпісы ж яны не зьбіраюць. Таму «злавіць» іх можна толькі на няправільным запаўненьні дэклярацыяў. Мабыць сёлета так і адбываецца.

У ЦВК мне казалі, што найчасьцей кандыдаты на рэгістрацыю дапускаюць тыповую памылку: паказваюць не налічаныя ім грошы, а толькі тыя, якія яны атрымалі на рукі. Верагодна, у гэтым галоўная прычына адсеву.

Уладам ня трэба ні «сьвежага ветру» за незалежнасьць, ні «затхлага» — за «рускі мір»


Дракахруст: Сёлета спрабавала зарэгістравацца кандыдатамі пэўная колькасьць актывістаў прарасейскіх, «рускамірскіх» арганізацыяў. Тыя зь іх, хто вылучаўся шляхам збору подпісаў, не былі зарэгістраваны ніводны. Чаму? Як вам наступная вэрсія: З Расеяй няпростыя адносіны, дужаньне, у наступным годзе — прэзыдэнцкія выбары, Расея можа папсаваць крыві Лукашэнку. Таму сёлета ў парлямэнце трэба, як той казаў, забіць усе цьвікі па плешку. Ня трэба ні «сьвежага ветру» за незалежнасьць, ні «затхлага» — за «рускі мір». Ня трэба ніякага «ветру» у парлямэнце. Такая лёгіка ўлады?

Быкоўскі: Яшчэ да пачатку актыўнай стадыі кампаніі падобную гіпотэзу выказваў экспэрт «Белай Русі», філёзаф Пётра Пятроўскі. Ён казаў, што ад складу новага парлямэнту будзе шмат што залежыць, таму ён мусіць быць вельмі кансалідаваным.

У лютым была сустрэча экспэртаў, на якой гаварылася, што калі парлямэнцкія выбары будуць спачатку, а прэзыдэнцкія — потым, то ў парлямэнце ня будзе месца для іншадумцаў. Я не цалкам падзяляю гэтую думку, але яна не пазбаўленая рацыі.

Толькі адна прадстаўніца «рускага сьвету» была вылучаная ад партыі і яна была зарэгістраваная. Усе астатнія прадстаўнікі гэтай плыні, а іх было каля дзясятка, усе зьбіралі подпісы і ніводзін зь іх ня быў зарэгістраваны.

Дракахруст: Ці азначае нерэгістрацыя Анісім і Канапацкай, што ў новым складзе Палаты прадстаўнікоў незалежнага грамадзтва ня будзе ніводнага чалавека? Ці знойдуць іншых? Анісім ужо на прэзыдэнцкія выбары сабралася, Канапацкая заяўляла, што яна — самы рэйтынгавы палітык. Магчыма, улада проста вырашыла падсекчы іх амбіцыі і знайсьці новых людзей, гатовых гуляць ролю дэмакратычнай вітрыны?

Глод: У мяне ёсьць аргумэнты і за, і супраць. Спачатку пра тое, чаму ўладам патрэбна было б мець у Палаце прадстаўнікоў вылучэнцаў ад дэмакратычнага грамадзтва. Нядаўна ў Менску пабывалі высокія, паводле беларускіх меркаў, госьці з Вашынгтону. І яны выразна намякнулі: для адмены санкцыяў патрэбны хоць нейкі прагрэс на выбарах. І ўлады могуць знайсьці замену Анісім і Канапацкай. Ну, напрыклад, Андрэя Дзьмітрыева з «Гавары праўду» і Ігара Барысава, старшыню Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада). Чаму б не?

Другі аргумэнт, чаму афіцыйнаму Менску не з рукі зараз настройваць супраць сябе Брусэль — гэта лёс пагадненьня аб спрашчэньні візавага рэжыму. Для любога беларуса, акрамя таго, хто атрымлівае «шэнген» бясплатна, усё ж істотна важна — 35 альбо 80 эўра будзе каштаваць ягоная віза. І ўлады мусяць улічваць рэакцыю грамадзтва, бо грашовыя праблемы заўжды найбольш балючыя.

Ёсьць і аргумэнты «супраць». Улады паспрабавалі пусьціць двух дэмакратаў у сярэдзіну сыстэмы. І гэта, як высьветлілася, даволі рызыкоўна. На пачатку кадэнцыі супраць звычайна галасавалі адзін-два чалавекі (Канапацкая, Анісім). Напрыканцы іх было ўжо аж 9. Таму навошта ўладзе рызыкаваць? Нават, калі Эўразьвязу гэта не спадабаецца, ну і што? У Брусэлі ўжо і так шмат чаго «праглынулі».

Мяркуецца, што новы склад парлямэнту будзе разглядаць пытаньне транзыту ўлады ў Беларусі. І тут ёсьць надзвычайная зацікаўленасьць уладаў, каб у гэты час у парлямэнце ўсё было ціха. Чацьвёрты раз запар балятуецца 70-гадовы Ўладзімер Андрэйчанка, які кіраваў палатай тры апошнія скліканьні. А на дапамогу яму, як я думаю, прыйдзе галоўны юрыст прэзыдэнцкай адміністрацыі Валер Міцкевіч.

Таму ў дадзенай сытуацыі магчымы кожны з абодвух варыянтаў: альбо ўлады прапусьцяць у палату некалькі дэмакратаў альбо спрацуе засьцярога і Палата прадстаўнікоў ізноў будзе стэрыльнай.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG