Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вечерний Бобруйск» пакаралі за публікацыю зьвестак з тэлеграм-каналу Nextа


Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock
Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock

Паводле рашэньня суду, з газэты «Вечерний Бобруйск» павінны быць спагнаныя 2000 рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды на карысьць старшыні Слонімскага райвыканкаму Генадзя Хоміча. Пазоў чыноўніка аб абароне гонару, годнасьці і дзелавой рэпутацыі задаволіў суд Бабруйскага раёну 13 лістапада.

Выданьне мае дадаткова аплаціць 753 рублі судовых расходаў і разьмясьціць абвяржэньне публікацыі, якая стала нагодай для суду.

У публікацыі газэты былі непраўдзівыя зьвесткі пра чыноўніка

Як вынікае з рашэньня судзьдзі Веранікі Сафонавай, газэту прыцягнулі да адказнасьці за матэрыял «Председатель райисполкома пойман пьяным за рулём», у якой выкарыстоўваліся зьвесткі з тэлеграм-каналу Nexta.

У судовай пастанове гаворыцца, што публікацыя зьмяшчала непраўдзівую інфармацыю, якая «нэгатыўна паўплывала на грамадзкую ацэнку дзелавых і прафэсійных якасьцяў пазоўніка, які з 2018 году працуе на пасадзе старшыні Слонімскага райвыканкаму». Чыноўнік ацаніў маральную шкоду ў 7000 рублёў.

Прэтэнзіі газэта прызнала часткова

Заснавальнік «Вечернего Бобруйска» ​Валянцін Сысой ў судзе заяўленыя пазоўнікам прэтэнзіі прызнаў часткова і «ня стаў аспрэчваць той факт, што ў пазванага адсутнічаюць доказы праўдзівасьці зьвестак, пададзеных у спрэчным артыкуле». Але ён ня лічыць, што на сайце была апублікаваная непраўдзівая інфармацыя.

Паводле яго, нататка з цытатамі тэлеграм-каналу NEXTA зьявілася на сайце пасьля таго, як стала шырока вядомай і займела рэзананс у грамадзтве. Журналісту выданьня не ўдалося датэлефанавацца да старшыні Слонімскага райвыканкаму, каб яе пацьвердзіць, альбо абвергнуць. Валянцін Сысой адзначыў, што пра гэтую акалічнасьць у нататцы гаварылася, але ў судзе на яе не зьвярнулі ўвагі.

Таксама заснавальнік «Вечернего Бобруйска» не пагадзіўся з заяўленай сумай кампэнсацыі маральнай шкоды. Сысой настойвае, што сума кампэнсацыі завышаная і незразумела, з чаго яе налічвалі. На ягоную думку, яна не павінна перавышаць 1 500 рублёў. Разам з тым абскарджваць рашэньне суду Сысой ня будзе, бо «гэта марнаваньне сродкаў, аргумэнты выданьня не ўплываюць на пазыцыю судоў».

Ён удакладніў, што пакараная не газэта, а яе сайт, і прызнаўся, што «Вечерний Бобруйск» спадзяваўся на міравое пагадненьне з чыноўнікам, як гэта было раней з сайтам 21by. На думку Сысоя, вырашыць пытаньне са спрэчнай публікацыяй можна было і без суду — для гэтага герою публікацыі дастаткова было зьвязацца з рэдакцыяй.

«Мы маем практыку, калі нейкая інфармацыя бывае недакладнай на сайце і калі крыніца пра гэта паведамляе, то мы яе выпраўляем. У гэтым выпадку так магло быць таксама», — тлумачыць Валянцін Сысой.

З кім яшчэ судзіцца чыноўнік за рэпост зьвестак з тэлеграм-канала Nexta

  • З самім стваральнікам тэлеграм-каналу Nexta Сьцяпанам Пуцілам.
  • Кампэнсацыі маральнай шкоды ён патрабуе і з уладальніцы сайту «Беларускі партызан» Сьвятланы Калінкінай за публікацыю зьвестак з паста Telegram-каналу Nexta.

У чым сутнасьць справы

Старшыня Слонімскага райвыканкаму Генадзь Хоміч судзіцца са стваральнікам Telegram-каналу Nexta Сьцяпанам Пуцілам, а таксама з трыма выданьнямі («Беларускі партызан», 21.by і «Вечерний Бобруйск»), якія апублікавалі інфармацыю з гэтага каналу.

10 жніўня Nexta паведаміў пра затрыманьне Хоміча. Паводле яго, чыноўніка заўважылі п’яным двойчы. Хоміч стаў аспрэчваць, што яго і ягоную жонку супрацоўнікі ДАІ засьпелі ў нецьвярозым стане. Ва ўпраўленьні ДАІ Горадзенскай вобласьці заявілі, што ня маюць зьвестак пра затрыманьні Хоміча. Як гаворыцца ў пазове, пост Nexta пра затрыманьне Хоміча ўбачылі каля 200 тысяч чалавек. На гэтую інфармацыю спасылаліся СМІ. Генадзь Хоміч патрабуе публікацыі абвяржэньня непраўдзівых зьвестак. Нанесеную яму маральную шкоду ён ацаніў у 50 тысяч рублёў. Грошы ён зьбіраецца пералічыць Слонімскай бальніцы на рамонт інфэкцыйнага аддзяленьня.

Таксама ён патрабуе спагнаць з пазваных па 373 рублі за судовыя выдаткі і аплату адваката.

З 2014 году да СМІ былі задаволеныя сем судовых пазоваў, паведамілі ў БАЖ. Сумы маральных кампэнсацый, сплачаных СМІ, вагаліся ад 49 да 378 даляраў. Сярэдняя сума склала 213 даляраў. Паводле БАЖ, у бальшыні выпадкаў суды адмаўляюць у задавальненьні пазоваў аб маральнай кампэнсацыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG