Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За пост пра старшыню Слонімскага райвыканкаму Nexta павінен сплаціць 3 тысячы рублёў


Старшыня Слонімскага райвыканкаму Генадзь Хоміч, архіўнае фота
Старшыня Слонімскага райвыканкаму Генадзь Хоміч, архіўнае фота

12 лістапада ў Менскім раённым судзе разгледзелі пазоў старшыні Слонімскага райвыканкаму Генадзя Хоміча да стваральніка тэлеграм-канала Nexta Сьцяпана Пуцілы аб абароне гонару, годнасьці, дзелавой рэпутацыі і кампэнсацыі маральнай шкоды.

Па выніках паседжаньня Менскі раённы суд вырашыў спагнаць са стваральніка тэлеграм-канала Nexta Сьцяпана Пуцілы 3 000 рублёў (Хоміч прасіў 10 тысяч рублёў) кампэнсацыі маральнай шкоды, нанесенай старшыні Слонімскага райвыканкаму Генадзю Хомічу і абавязаў разьмясьціць на сваім тэлеграм-канале рашэньне суду.

Таксама Сьцяпан Пуціла павінен слаціць судовыя выдаткі ў 370 рублёў.

На папярэднім пасяджэньні Генадзь Хоміч, якога прадстаўлялі адвакаты, удакладніў пазоў і цяпер патрабуе 10 тысяч рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды замест ранейшых 50 тысяч. Грошы ён зьбіраецца пералічыць Слонімскай лякарні на рамонт інфэкцыйнага аддзяленьня.

І пазоўнік, і пазваны ў суд не зьявіліся. Інтарэсы Хоміча прадстаўлялі два адвакаты: Марыя Колесава-Гудзіліна і Арцём Калоша.

Паводле Марыі Колесавай-Гудзілінай, тэлеграм-канала Nexta быў першакрыніцай інфармацыі пра Хоміча, таму «на ім ляжыць найбольшая адказнасьць».

Марыя Колесава-Гудзіліна
Марыя Колесава-Гудзіліна

«У сваіх інтэрвію ўладальнік каналу неаднойчы казаў, што мае матэрыялы, якая пацьвярджаюць праўдзівасьць апублікаванай інфармацыі, але такіх дакумэнтаў не было паказана. Гэта пацьвярджаецца і пратаколам Савецкага суду Менска, дзе гаворыцца, што прадстаўнік уладальніцы „Беларускага партызана“ Сьвятланы Калінкінай зьвязваўся з Пуцілам, але той адмовіўся перадаваць ім нейкія дакумэнты. Мы лічым, што ніякіх дакумэнтаў і быць ня можа», — сказала адвакатка.

Паводле Гудзілінай, тое, што Хоміч зьяўляецца чыноўнікам ці прадстаўніком улады, не адрозьнівае яго ад іншых грамадзян Беларусі.

«Ён мае такія ж правы, як і ўсе астатнія, і мы лічым, што ён зьяўляецца сярод іншага прадстаўніком дзяржавы. Сваімі дзеяньнямі Сьцяпан Пуціла зьняважыў у асобе майго даверніка і Рэспубліку Беларусь», — сказала адвакатка.

10 жніўня тэлеграм-канал Nexta апублікаваў інфармацыю пра затрыманьне Хоміча. Паводле яе, чыноўніка і ягоную жонку супрацоўнікі ДАІ заўважылі ў нецьвярозым стане. Ва ўправе ДАІ Горадзенскай вобласьці заявілі, што ня маюць зьвестак пра затрыманьні Хоміча. Хоміч гэтую інфармацыю катэгарычна абвяргае.

Як гаворыцца ў пазове, пост Nexta пра затрыманьне Хоміча ўбачылі больш за 200 тысяч чалавек. На гэтую інфармацыю спасылаліся СМІ. Генадзь Хоміч патрабуе публікацыі абвяржэньня непраўдзівых зьвестак.

Што ў іншых судах?

Аналягічныя пазовы Хоміч таксама падаў супраць уласьнікаў незалежных выданьняў «Беларускі партызан», 21.by і «Вечерний Бобруйск», якія перадрукавалі пост Nexta.

Стваральнік тэлеграм-канала Nexta Сьцяпан Пуціла, архіўнае фота
Стваральнік тэлеграм-канала Nexta Сьцяпан Пуціла, архіўнае фота

Пазоў Хоміча да ўласьніцы сайту «Беларускі партызан» Сьвятланы Калінкінай Савецкі суд Менску пачаў разглядаць 8 кастрычніка, але на чарговым пасяджэньні 30 кастрычніка судзьдзя прыпыніла працэс «за паразуменьнем бакоў» да 18 лістапада. Чакаецца, што якраз да гэтага дня ў судзе Менскага раёну будзе разгледжаны аналягічны пазоў Хоміча да ўладальніка Telegram-каналу Nexta Сьцяпана Пуцілы.

Паводле Марыі Колесавай-Гудзілінай, суд Маскоўскага раёну зацьвердзіў міравое пагадненьне паміж Хомічам і выданьнем 21.by, якое выплаціць грашовую кампэнсацыю ў 1500 рублёў і ўжо апублікавала абвяржэньне.

Што тычыцца «Вечернего Бобруйска», наступнае паседжаньне суду прызначана на 13 лістапада, памер кампэнсацыі заяўлены ў 7 тысяч рублёў. Сьцяпан Пуціла прыцягнуты ў працэс у якасьці трэцяй асобы, аднак у суд ён не зьяўляўся.

Паводле адвакаткі, у Хоміча «яшчэ ёсьць права выставіць пазовы да астатніх выданьняў, якія распаўсюдзілі непраўдзівую інфармацыю».

З 2014 году да СМІ былі задаволеныя сем судовых пазоваў, паведамілі ў БАЖ. Сумы маральных кампэнсацый, выплачаных СМІ, вагаліся ад 49 да 378 даляраў. Сярэдняя сума склала 213 даляраў. Паводле БАЖ, у бальшыні выпадкаў суды адмаўляюць у задавальненьні пазоваў аб маральнай кампэнсацыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG