Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Суд за Nexta» зь «Беларускім партызанам» прыпынілі. Старшыня Слонімскага райвыканкаму будзе судзіцца з самім Nexta


Сьвятлана Калінкіна ў судзе 8 кастрычніка

Старшыня Слонімскага райвыканкаму Генадзь Хоміч, які падаў пазоў аб абароне гонару, годнасьці і дзелавой рэпутацыі, цяпер патрабуе ад Сьвятланы Калінкінай 10 тысяч рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды. На пачатку працэсу ён патрабаваў з журналісткі 50 тысяч.

30 кастрычніка ў Савецкім судзе Менску разглядаўся пазоў старшыні Слонімскага райвыканкаму Генадзя Хоміча да ўладальніцы сайта «Беларускі партызан» Сьвятланы Калінкінай за публікацыю зьвестак з паста Telegram-каналу Nexta.

Ні пазоўнік, ні адказчык у суд не зьявіліся, іх інтарэсы прадстаўлялі адвакаты Марыя Колесава-Гудзіліна і Алег Агееў.

Хоміч «зьлітаваўся» над «Беларускім партызанам»

Генадзь Хоміч, які раней заявіў, што атрыманыя праз суд у журналістаў грошы пойдуць на рамонт інфэкцыйнага аддзяленьня Слонімскай бальніцы, адмовіўся патлумачыць карэспандэнту Свабоды сваё рашэньне зьменшыць прэтэнзіі.

«Усе камэнтары атрымаеце ў адваката», — сказаў ён і паклаў слухаўку.

Марыя Колесава-Гудзіліна сказала, што Хоміч «проста зьлітаваўся над журналістамі».

«Гэта не азначае, што мы на менш пацярпелі, мы пацярпелі больш чым на 10 тысяч. Больш зьмяншаць суму ня будзем — такога ў пляне не было», — сказала яна.

У судзе адвакатка заявіла, што адказчык не раскаяўся, таму кампэнсацыя ў 10 тысяч рублёў «зьяўляецца разумнай».

Сёньня ж па просьбе Марыі Колесавай-Гудзілінай суд далучыў да справы тры квітанцыі аб аказаньні юрыдычнай дапамогі Хомічу на 1200 рублёў. Раней у суд пададзена квітанцыя на аплату пазоўнікам дзяржаўнай пошліны ў 153 рублі, якія ён таксама патрабуе спагнаць з журналістаў.

Працэс прыпынілі да 18 лістапада

Падчас працэсу рабіліся два перапынкі: адзін дзеля таго каб разабрацца зь лічбамі статыстыкі наведваньня сайтаў паводле Google Analytics, а другі ў сувязі з тым, што ў будынку суду зьнік доступ у інтэрнэт, а трэба было атрымаць электронную копію пасьведчаньня аб шлюбе Генадзя Хоміча.

Пасьля другога перапынку судзьдзя Марыя Ляшкевіч пастанавіла прыпыніць працэс «па згодзе бакоў» да 18 лістапада. Чакаецца, што якраз да гэтага дня ў судзе Менскага раёну будзе разгледжаны аналягічны пазоў Хоміча да ўладальніка Telegram-каналу Nexta Сьцяпана Пуцілы.

На папярэднім пасяджэньні суд Менскага раёну вырашыў разглядаць справу ў адсутнасьць адказчыка. Асноўнае паседжаньне там прызначылі на 12 лістапада.

Хоміч згадаў пра Язэпа Палубятку

У судзе Марыя Колесава-Гудзіліна расказала: паводле Хоміча, Telegram-канал «Гродненские сливы — Новости Гродно» правёў уласнае расьсьледаваньне, паводле якога інфармацыя пра Хоміча, што ён нібыта быў п’яны, распаўсюджвалася журналістам з Мастоў Язэпам Палубяткам, які і перадаў яе каналу Nexta.

«Нават гэты факт пацьвярджае, сярод іншага, непраўдзівасьць інфармацыі, якая таксама была апублікаваная на «Беларускім партызане», — сказала адвакатка.

Алег Агееў сказаў, што «Гродненские сливы» — гэта «даволі цікавае чытво, якое тычыцца ўяўнага выкрыцьця крыніц Telegram-каналу Nexta агулам».

«Да разгляданай справы гэты канал ня мае ніякіх адносін, бо туды зьліваюцца абсалютна бяздоказныя рэчы», — сказаў Агееў.

«Чалавек на кіроўнай пасадзе карыстаецца меншай абаронай ад крытыкі»

Прадстаўнік Сьвятланы Калінкінай Алег Агееў сказаў, што Хомічу трэба поўнасьцю адмовіць у пазове. Артыкул на «Беларускім партызане» мае два пункты погляду — блогера Nexta і Слонімскага райвыканкаму — пра тое, ці быў Хоміч п’яны ў непрацоўны час.

«У артыкуле ёсьць дзьве пазыцыі, гэта сьвятая сьвятых СМІ, — адзначыў Агееў. — І вельмі дзіўна, што пазоўнік просіць у цэлым абвергнуць гэты артыкул. У тым ліку і тое, што супрацоўнікам райвыканкаму невядома, што Хоміч быў п’яны, што ён працуе і яны не рэагуюць на плёткі».

Паводле Агеева, частка інфармацыі праўдзівая, а шэраг зьвестак ня можа разглядацца судом, бо ня тычыцца пазоўніка. У тым ліку і заява, што жонка чыноўніка знаходзіцца ў залежнасьці ад яго.

«Гэта даволі дзіўна і супярэчыць Кодэксу аб шлюбе і сям’і, — патлумачыў Агееў. — І калі такая залежнасьць існуе, то я магу парэкамэндаваць ёй зьвярнуцца да добрага адваката, каб абараніць свае правы ад замахаў мужа. Даверанасьці на прадстаўленьне яе інтарэсаў у гэтым працэсе яна нікому не перадала і не зьяўляецца пазоўнікам. Таму інфармацыя адносна яе ня можа быць разгледжана ў рамках гэтай грамадзянскай справы».

Сярод іншага Агееў сказаў, што ўсе пяць сказаў, якія патрабуе абвергнуць Хоміч, «па сутнасьці ня могуць зьневажаць пазоўніка».

«Бо існуе так званая піраміда крытыкі адносна грамадзян, — казаў у судзе прадстаўнік Калінкінай. — Пазоўнік займае дзяржаўную пасаду, і таму ён павінен і можа быць паддадзены дадатковаму грамадзкаму кантролю мэдыяў. Чалавек на кіроўнай пасадзе карыстаецца меншай абаронай ад крытыкі. Ён больш публічная пэрсона, чым звычайны чалавек. Калі ён пагаджаецца займаць кіроўную пасаду, апрыёры павінен быць гатовы да таго, што яго будуць крытыкаваць больш».

Памер кампэнсацыі «яўна завышаны», мяркуе адвакат Калінкінай

Агееў прасіў суд поўнасьцю адмовіць у задавальненьні пазову Хоміча. Памер кампэнсацыі маральнай шкоды ён назваў «яўна завышаным».

«Ніводнага доказу, які пацьвярджае глыбіню маральных пакутаў пазоўніка, у судзе не было вывучана, — сказаў Агееў. — Яны адсутнічаюць у справе, і, апроч галаслоўных цьверджаньняў, нічога іншага няма».

Паводле адваката, яшчэ як мінімум 12 выданьняў распаўсюджвалі аналягічныя зьвесткі пра Хоміча.

«Глыбіня маральных пакутаў па такой катэгорыі спраў залежыць ад колькасьці людзей, якія такую інфармацыю атрымалі», — сказаў Агееў.

Ён спаслаўся на зьвесткі Google Analytics, што артыкул на «Беларускім партызане» меў каля 5 тысяч праглядаў (у Nexta было каля 215 тысяч). Таму, паводле адваката, «абсалютна не зразумела», як Хоміч вызначыў аднолькавы памер кампэнсацыі да «Беларускага партызана» і Nexta — па 10 тысяч рублёў.

«Дзе лёгіка?» — пытаецца Агееў.

Што зь іншымі пазовамі Хоміча

Апроч «Беларускага партызана», аналягічныя пазовы Хоміч таксама падаў супраць уласьнікаў незалежных выданьняў 21.by і «Вечерний Бобруйск», якія таксама перадрукавалі пост Nexta.

Паводле Марыі Колесавай-Гудзілінай, суд Маскоўскага раёну зацьвердзіў міравое пагадненьне паміж Хомічам і выданьнем 21.by, якое сплаціць грашовую кампэнсацыю і апублікуе абвяржэньне. Адносна «Вечернего Бобруйска» працэс працягнецца 6 лістапада, там памер кампэнсацыі заяўлены ў 7 тысяч рублёў.

Паводле адвакаткі, у Хоміча «яшчэ ёсьць права выставіць пазовы да астатніх выданьняў, якія распаўсюдзілі непраўдзівую інфармацыю».

Асноўнае пасяджэньне па пазове Хоміча ў Менскім раённым судзе супраць стваральніка Telegram-каналу Nexta Сьцяпана Пуцілы прызначана на 12 лістапада.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG