Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Быў добры хлопец». Міліцыянт з Рэчыцкага раёну скончыў жыцьцё самагубствам

абноўлена

Бацькоўскі дом Івана ў весцы Холмеч
Бацькоўскі дом Івана ў весцы Холмеч

Супрацоўнік Рэчыцкага дэпартамэнту аховы, 36-гадовы Іван Яфімчык скончыў жыцьцё самагубствам 23 кастрычніка, расказалі Свабодзе жыхары вёскі Холмеч, дзе адбылося здарэньне.

Першым пра самагубства паведаміў Telegram-канал Nexta. Сьцьвярджалася, што зьвесткі пра гэта «адразу ж былі засакрэчаныя нават ад асабовага складу, а ў афіцыйныя зводкі выпадак ня трапіў».

Паводле Nexta, міліцыянт нібыта спачатку жорстка зьбіў свайго бацьку, затым паспрабаваў ускрыць сабе вены, а калі не ўдалося, вырашыў засіліцца. Але мясцовыя расказваюць іншую вэрсію.

Паводле мясцовых жыхароў, мужчына ўчыніў самагубства пасьля пахаваньня бацькі, які памёр ад хваробы. Гэта адбылося каля суседняй вёскі Чаплін, рыбакі знайшлі цела на беразе Дняпра.

Сям’ю яны характарызуюць цалкам станоўча. Бацька міліцыянта, кажуць яны, працаваў у нафтавай галіне, лётаў на поўнач Расеі на заробкі, маці працавала дырэктаркай мясцовай школы, а старэйшая сястра працуе настаўніцай.

У мужчыны, дадаюць мясцовыя, засталася дачка, з жонкай быў разьведзены.

«Ён тут ня жыў, не зарэгістраваны быў, прыяжджаў бацькам дапамагаць, — расказалі ў сельсавеце. — Учора тата памёр ягоны, ён хварэў. Маці трымала гаспадарку, козаў, дапамагала старэйшай дачцэ зь дзецьмі, дачка ў школе працуе. Каб Іван піў ці скандаліў — такога не было. Гэта ж вёска, усе бы адразу ведалі».

На момант выхаду публікацыі Свабодзе не ўдалося атрымаць камэнтары ў прэс-службе Міністэрства ўнутраных спраў і УУС Гомельскага аблвыканкаму. Пазьней у Telegram зьявіўся афіцыйны камэнтар Сьледчага камітэту.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG