Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БТ пакажа «Слугу народу», сэрыял зь Зяленскім пра зьмену ўлады

абноўлена

Уладзімір Зяленскі ў час здымак сэрыялу «Слуга народу», архіўнае фота

Тэлеканал «Беларусь-1» анансаваў як «галоўную тэлепрэм’еру восені» паказ украінскага тэлесэрыялу «Слуга народу». Усе тры сэзоны будуць паказвацца ад 11 лістапада па адным эпізодзе панядзелка па чацьвер ад 20.00.

Абноўлена. Як пазьней паведамілі на БТ, трансьлявацца будуць па два эпізоды на дзень з панядзелка па пятніцу.

Тэлесэрыял здымала з 2015 году студыя «Квартал 95», прэм’ера прайшла на ўкраінскім тэлеканале «1+1». Усяго выйшаў 51 эпізод.

Паводле сюжэту, настаўнік гісторыі Васіль Галабародзька становіцца вядомым, калі выказвае на відэа абурэньне сытуацыяй у краіне. Скарыстаўшыся папулярнасьцю, ён выстаўляецца кандыдатам у прэзыдэнты і перамагае. Пасьля правалу рэформаў (у 2-м сэзоне) ён сыходзіць у адстаўку і ідзе кандыдатам на наступныя выбары, але прайграе. Урэшце (у 3-м сэзоне) ён апынаецца ў турме, а Ўкраіна распадаецца на 28 дзяржаваў.

Галоўную ролю выконваў комік Уладзімір Зяленскі, які пасьля трэцяга сэзону стаў прэзыдэнтам Украіны ў рэальным сьвеце. Вакол Зяленскага склалася партыя, якую назвалі «Слуга народу» — цяпер яна мае 254 з 424 крэслаў ў парлямэнце.

У міжнароднай базе зьвестак IMDb сэрыял мае 7 зь 10 балаў ад гледачоў, на расейскім «Кинопоиске» — 8 з 10.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG