Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лукашэнка мне сказаў адкрыта: „У Беларусі толькі беларускія вайскоўцы“», — Зяленскі распавёў пра сустрэчу з Лукашэнкам


А абмяняць журналіста Паўла Шаройку на беларуса Юрыя Палітыку дзьве краіны ў пэўны момант проста забыліся. Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі адказаў на пытаньні карэспандэнткі Радыё Свабода падчас прэс-маратону.

«Ці мае Ўкраіна „дарожную карту“, каб не дапусьціць выкарыстаньня тэрыторыі Беларусі ў дзеяньнях супраць Украіны?» — спытала журналістка Алена Літвінава.

«Гэта пытаньне да беларусаў. Гэта ж пытаньне да іх грамадзян. Гэта пытаньне да кіраўніцтва Беларусі, — адказаў Уладзімір Зяленскі. — Я яму (Лукашэнку. — РС) казаў, што мы вельмі баімся, калі расейская армія, калі будуць нейкія карпусы... Спадар прэзыдэнт Лукашэнка сказаў мне адкрыта: „На тэрыторыі Беларусі толькі беларускія вайскоўцы“. Таму што мы ўсе баімся такога пытаньня, якое вы ставіце».

Зяленскі распавёў таксама, што абмен журналіста Паўла Шаройкі, якога ў Беларусі абвінавачвалі ў шпіянажы, на беларуса Юрыя Палітыку, затрыманага ва Ўкраіне па аналягічным абвінавачаньні, мог бы адбыцца раней.

«Мы зрабілі абмен, думаю, гэта правільны крок для наладжваньня нашых дачыненьняў. Дарэчы, там вельмі цікавая гісторыя з нашым украінцам, журналістам. Яго там забылі... У пэўны момант два прэзыдэнты... Ну, мне здаецца, два прэзыдэнты... З таго боку дакладна быў прэзыдэнт Беларусі. Яны дамовіліся пра абмен, а пасьля забылі... Скажам так, абмен не адбыўся. Чаму ён не адбыўся, не хачу нават думаць, нават казаць пра гэта, але галоўнае, што мы вырашылі гэтае пытаньне вельмі хутка. Гэта кажа пра тое, што ў нас будуць зь Беларусьсю таксама наладжвацца стасункі», — сказаў Уладзімір Зяленскі.


Журналістка запыталася, ці агучваліся падчас сустрэчы прэзыдэнтаў пытаньні бясьпекі ўкраінцаў у Беларусі. Яна нагадала пра выпадкі, калі ўкраінцаў дэпартавалі зь Беларусі на запыт расейскіх спэцслужбаў.

«Мы ўздымалі і такія вельмі тонкія палітычныя пытаньні. Глядзіце, спадар прэзыдэнт Беларусі Лукашэнка... у нас была вельмі добрая размова, на ўсе такія балючыя пытаньні ён адказаў, што мы заўжды будзем камунікаваць наконт такіх пытаньняў. І калі ўжо пры мне такія пытаньні ўзьнікнуць з грамадзянамі Ўкраіны на тэрыторыі Беларусі, калі штосьці такое будзе адбывацца, мы будзем у адным інфармацыйным полі, і ён заўжды будзе паважаць грамадзян Украіны. Гэта тая частка размовы, якую я магу вам расказаць», — адказаў Зяленскі.


У той жа час Уладзімір Зяленскі ўхіліўся ад адказу на пытаньне, ці будзе закрытая крымінальная справа, якая разглядаецца ў чарнігаўскім судзе адносна беларускага грамадзяніна Юрыя Паліты́кі. Як вядома, у дачыненьні да ўкраінскага журналіста Паўла Шаройкі быў вынесены вырак, а ва Ўкраіне справу грамадзяніна Беларусі толькі пачалі разглядаць па сутнасьці — цяпер суд вывучае доказы і дапытвае сьведак.

«Я ня ведаю, у якім стане гэтая справа. Калі шчыра, мне абыякава, бо наш украінскі чалавек вярнуўся дадому. Адказваюць праваахоўныя органы. Ёсьць пэўныя крокі, этапы... я не займаюся гэтай справай».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG