Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка выклікае ўсё больш раздражненьня ў «патрыятычных» расейскіх колах, — палітоляг


Аляксандар Лукашэнка

Пётра Рудкоўскі, акадэмічны дырэктар BISS (Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў), заяўляе, што Лукашэнка на «Менскім дыялёгу» выступаў «у духу заходняга і ўкраінскага наратыву», і тлумачыць, чаму Крэмль успрымае гэта даволі спакойна.

Сьцісла:

  • Выступ Лукашэнкі быў у духу заходняга і ўкраінскага наратыву.
  • На афіцыйным узроўні ў Маскве падтрымліваецца рыторыка, што ў нас партнэрскія, братэрскія адносіны з Лукашэнкам.
  • Ня ўсе ў Крамлі фанатычна мараць інкарпараваць Беларусь.

Афіцыйны Менск умее дыстанцыявацца ад Крамля

— Як можна ацаніць выступ Аляксандра Лукашэнкі на «Менскім дыялёгу»? Ці гэта проста рыторыка, ці тут ёсьць спроба паўплываць на рэальную палітыку?

— У пляне спосабу прамаўленьня ягоны выступ быў даволі жывы, у параўнаньні зь мінулым годам.

Што тычыцца тэматыкі і акцэнтаў, то выступ Лукашэнкі быў у духу заходняга і ўкраінскага наратыву. На расейскім «Спутніку» яны зрабілі парафраз словаў расейскага сэнатара Пушкова, які выказаўся ў тым сэнсе, што Лукашэнка прамаўляў голасам Зяленскага. Ёсьць у гэтым нямала рацыі.

Пётра Рудкоўскі
Пётра Рудкоўскі

Хаця б тое, што Лукашэнка пазначыў, што канфлікт у Данбасе — гэта канфлікт Украіны і Расеі. Таксама ён казаў пра важнасьць NATO, важнасьць ЗША. Гэта вельмі перагукаецца з тым, што нядаўна міністар замежныых спраў Уладзімер Макей казаў у інтэрвію РБК, што ЗША застаецца дзяржавай № 1, і ў бліжэйшае дзесяцігодзьдзе так і будзе.

— Прэс-сакратар кіраўніка Расеі Дзьмітры Пяскоў ужо адрэагаваў на абодва гэтыя тэзісы Лукашэнкі. Пяскоў заявіў агенцтву «Новости», што ідэя далучэньня ЗША да перамоваў у «нармандзкім фармаце» (Расея, Украіна, Нямеччына, Францыя) «не знаходзіць падтрымкі ва ўдзельнікаў». Пяскоў таксама заявіў, што з пазыцыяй Лукашэнкі па тым, што на Данбасе ваююць Расея і Ўкраіна, «можна толькі не пагадзіцца». Ці гаворыць гэта пра сур’ёзныя разыходжаньні паміж Менскам і Масквой у гэтым пытаньні?

— Маскве трэба было адрэагаваць, выканаць вэрбальны рытуал. Прамаўчаць не выпадала, і засталося соты раз выказаць тую самую мантру, што гэта ўнутраны канфлікт Украіны.

Той факт, што існуе ўзмацненьне напружаньня па ўкраінскім пытаньні паміж Крамлём і Менскам — тут таксама нічога новага, але гэта паказвае, што афіцыйны Менск умее дыстанцыявацца ад Крамля.

— Афіцыйны Менск, падаецца, можа сьмела вылучаць усялякія міратворчыя прапановы — бо гэта пэўны бяспройгрышны крок? Ці думаеце, што Лукашэнка сапраўды спадзяецца на рэальныя хады ў адказ?

— Праграма-мінімум — падтрымліваць гэтую рыторыку. Казаць, што мы гатовыя выслаць сваіх міратворцаў. Рытарычны эфэкт палягае ў тым, што гэта даволі канкрэтная прапанова. Але я думаю, што не выключаецца і праграма-максымум. У выпадку, калі так складуцца абставіны (гэта маларэальна), калі б Расея пагадзілася — то я перакананы, што Лукашэнка б выслаў беларускіх вайскоўцаў туды.

— Відавочным дыпляматычным посьпехам для Лукашэнкі была сустрэча ў 2015 годзе ў Менску кіраўнікоў Расеі, Украіны, Францыі і Нямеччыны ў рамках «нармандзкага фармату», і кіраўнік Беларусі, вядома, хацеў бы яго паўтарыць. Але наколькі на сёньня Менск зноў можа стаць цэнтрам такіх пагадненьняў? Ці хутчэй гэты фармат перанясуць у Парыж?

— Гэтая ідэя па-ранейшаму рэалістычная. Вядома, разглядаюцца ўсе іншыя альтэрнатыўныя варыянты — Парыж, Казахстан. Але я перакананы, што Менск можа застацца пляцоўкай для перамоваў. Сур’ёзных прадпасылак, каб пераносіць у іншае месца, няма.

— Калі Лукашэнка прамаўляе, як вы кажаце, «у духу заходняга і ўкраінскага наратыву», — відавочна, ня ўсім у Маскве гэта падабаецца. Крэмль пакуль рэагуе даволі спакойна, але ў розных Telegram-каналах гучаць ацэнкі, што Лукашэнка ўцякае ад Расеі, у Беларусі ідзе шалёная прыватызацыя, краіна напоўненая заходнімі структурамі і гэтак далей. Ці можа гэты наратыў у пэўны момант стаць галоўным для Крамля?

— Так, Лукашэнка выклікае ўсё больш раздражненьня ў «патрыятычных» колах. Яны ня моцна зьвязаныя з Крамлём і таму гавораць усё адкрытым тэкстам, у тым ліку і тое, што Лукашэнка — гэта не саюзьнік Расеі. На сайтах падобнай накіраванасьці нават праводзяць галасаваньні, дзе большасьць заяўляе, што Лукашэнка не саюзьнік Расеі.

Кіраўнікі Расеі і Беларусі Ўладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка падчас саміту Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў Душанбэ
Кіраўнікі Расеі і Беларусі Ўладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка падчас саміту Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў Душанбэ

Аднак на афіцыйным узроўні падтрымліваецца рыторыка, што ў нас партнэрскія, братэрскія адносіны з Лукашэнкам. Тут дзейнічаюць іншыя прынцыпы рытарычнай гульні, не надышоў час, каб спальваць масты.

— Ці азначае гэта, што Крэмль проста ня бачыць ва ўсіх гэтых «празаходніх» кроках Лукашэнкі нічога для сябе небясьпечнага? Маўляў, рабі што хочаш, сустракайся з кім хочаш — нашым інтарэсам гэта не замінае?

— Я казаў пра ірацыянальную плынь у расейскім экспэртным асяродзьдзі. Але сярод калякрамлёўскіх экспэртаў і палітыкаў значна больш прагматыкаў. Ня ёсьць так, што ўсе там фанатычна мараць, каб інкарпараваць Беларусь — гэта далёка ня так. Два месяцы таму расейская дзяржаўная сацыялягічная служба ВЦИОМ апублікавала вынікі дасьледаваньня, паводле якога большасьць расейцаў зусім не жадае занадта цеснай інтэграцыі зь Беларусьсю.

Ёсьць шмат меркаваньняў наконт таго, ці зроблена гэтае апытаньне «на замову» ўладаў, ці яно сапраўды адлюстроўвае грамадзкую думку. Але ў любым выпадку гэта таксама пра нешта сьведчыць. Альбо ў расейскім грамадзтве няма такой апантанасьці наконт Беларусі, каб яе захапіць — альбо проста ў самім Крамлі да гэтага ня рвуцца.

— Тым ня менш пагрозу беларускаму сувэрэнітэту ўсе абмяркоўваюць, гэтая тэма стала адной з галоўных у беларускай інфармацыйнай прасторы. Тут і славутая публікацыя «Коммерсанта», і абвешчаны намер падпісаць да 8 сьнежня нейкія інтэграцыйныя дакумэнты.

— Афіцыйны Менск і Крэмль мусяць паказаць сваім народам, што «саюзная дзяржава» — гэта нешта рэальнае. Што дакладна — сказаць немагчыма. Натуральна, што ніякай агульнай валюты ня будзе. Даручана міністрам эканомікі, вельмі прагматычным ведамствам, якія ўмеюць лічыць, прадставіць нейкія дакумэнты па інтэграцыі.

Не прадбачыцца ані агульнага парлямэнту, ані агульнага прэзыдэнта. Ім «нешта» трэба зрабіць, паказаць, хаця цьвёрдых плянаў няма ані ў Крамля, ані ў Менску. Варта рыхтавацца да любых сцэнараў, але няма падставаў меркаваць, што 8 сьнежня адбудзецца акупацыя ці нейкае паглынаньне.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG