Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьміцер Дашкевіч: «Каб абараніць незалежнасьць, трэба проста размаўляць па-беларуску. Паўсюль»


Зьміцер Дашкевіч
Зьміцер Дашкевіч

Зьміцер Дашкевіч тлумачыць, чаму беларуская мова — найлепшая зброя ў абароне незалежнасьці; заяўляе, што патэнцыял кожнай апазыцыйнай структуры — ад 10 да 50 чалавек, і кажа, што «апроч змагарнасьці, трэба мець трошкі здаровага розуму».

Сьцісла:

  • Зашмат пустой балбатні, якая ў некаторых актывістаў пераходзіць у гістэрыку
  • Калі б заўтра ўсе тыя беларусы, якія выступаюць за дзяржаўнасьць адзінай беларускай мовы, пачалі размаўляць толькі па-беларуску, не было б і думкі і згадкі ні пра якога Пуціна
  • За год абараняць Курапаты прыйшлі 500 чалавек — гэта ўсе, на каго мы можам разьлічваць
  • Адзін актывіст зьбірае тысячу подпісаў, не адрываючыся ад працы, ведаю гэта з свайго досьведу.
Наўпроставы лінк


Апроч Курапатаў, на сёньня ў мяне асабіста ні на што іншае не было б сілаў

— Зьміцер, вы заўсёды вылучаліся актыўнасьцю ў самых розных акцыях і праектах, зьбіралі подпісы, удзельнічалі і арганізоўвалі самыя розныя пратэсты. Але такое ўражаньне, што на сёньня вы ў сваёй грамадзка-палітычнай дзейнасьці засяродзіліся выключна на курапацкай варце.

— Мне здаецца, што, апроч Курапатаў, на сёньня ў мяне асабіста ні на што іншае не было б сілаў, ды й жаданьня. Курапаты — гэта тая тэма, якая пры ўсёй цяжкасьці і відавочнай безвыніковасьці ня можа пакінуць цябе абыякавым. Яна падымае цябе нават тады, калі б ты не хацеў падымацца. Я лічу, яна ў Беларусь на сёньняшні дзень самая важная і ў духоўным пляне, і ў палітычным.

Зьміцер Дашкевіч у Курапатах
Зьміцер Дашкевіч у Курапатах

Тое, як мы жывём, сталася вынікам таго, што не адбылася дэкамунізацыя ў 90-я гады. Нешта недарабіў нацыянальны рух пасьля развалу СССР. Прыйшоў чалавек, яшчэ горшы за камуністаў. Узяў самае горшае ад камуністычнай мадэлі, можа, нешта горшае ад Захаду, і будуе нейкі сымбіёз ці то рынкавай эканомікі, ці то камуністычнай аўтакратыі. І пакуль не адбудзецца пакаяньня ў злачынствах камунізму, мы так і будзем жыць.

І таму я, наколькі мне дазваляюць сілы і магчымасьці, стаю ў Курапатах. 29 кастрычніка мы ўжо трэці раз рыхтуем «Ноч расстраляных паэтаў».

— Як гэта будзе выглядаць на гэты раз? Ёсьць нейкія адрозьненьні, ці форма правядзеньня ўжо ўсталявалася і няма сэнсу нешта мяняць і дадаваць?

— Фармат той самы. Сьціпла, годна чытаем творы паэтаў, гучаць сьпевы, выступы. А 20-й гадзіне пачатак у Курапатах, на Галгофе, дзея будзе працягвацца 2-3 гадзіны. Гэта не палітычная падзея, ня мітынг, — гэта ўшанаваньне памяці нявінна забітых. Гэта ўшанаваньне памяці патрыётаў, уся віна якіх была ў тым, што ім «сьняцца сны аб Беларусі», як пісаў клясык.

«Ноч расстраляных паэтаў» у Курапатах, 2017 год
«Ноч расстраляных паэтаў» у Курапатах, 2017 год

— Курапаты, безумоўна, важная тэма — і ў маральным, і ў палітычным, і ў сакральным сэнсе. Але значна большую частку беларусаў хвалюе пагроза незалежнасьці Беларусі, якая, на думку многіх, цяпер абвастрылася. Некаторыя палітыкі ўжо прапануюць рыхтаваць масавую акцыю пратэсту супраць інтэграцыі, у абарону незалежнасьці. Ці зьбіраецеся вы браць у гэтым удзел?

— Мне здаецца, што зашмат пустой балбатні, якая ў некаторых актывістаў часам пераходзіць у гістэрыку. Пагроза расейскай імпэрыі была, ёсьць, і напэўна яшчэ вельмі доўга будзе ў Беларусі. Я разважаў — чаму так адбываецца, чаму ў нас увесь час такая рыторыка пра страту незалежнасьці?

І я зразумеў, што адны людзі зыходзяць з таго, што Беларусь, наша дзяржава і наша гісторыя — гэта Божы провід. Мы парадокс, нас ніхто не хацеў з суседзяў, нас сотні гадоў выразалі — але ёсьць незалежная дзяржава. Ёсьць дзяржаўная мова — ужываецца ці не, але яна ёсьць.

І ёсьць людзі, якія разважаюць, што Беларусь — гэта зьбег нейкіх абставінаў і акалічнасьцяў, і таму трэба кідацца ўправа і ўлева, каб знайсьці тых, хто нас падтрымае. То Расея саюзьніца, то Нямеччына, то яшчэ нехта. Калі ты не перакананы, што Беларусь ёсьць, была і будзе (а такую перакананасьць можа даць толькі Бог), то ты ўвесь час будзеш турбавацца і кідацца справа ўлева і крычаць: «Страта незалежнасьці, нам усім хана!»

Кожны патрыёт мае самую магутную і простую зброю. Трэба проста размаўляць па-беларуску, паўсюль.


Другая праблема — безумоўна, існуе пагроза ад расейскай імпэрыі. І што нам варта рабіць, каб яе мінімізаваць? Я лічу, што кожны патрыёт мае самую магутную і простую зброю. Дзеля яе ня трэба садзіцца ў турмы, ня трэба пісаць прасьціны тэкстаў, відэазвароты, ствараць новыя арганізацыі, рухі, кааліцыі. Трэба проста размаўляць па-беларуску, паўсюль. А ня толькі з карэспандэнтам Радыё Свабода. Выйшаў у краму — і гавары па-беларуску.

І гэта тое, што ўмацуе незалежнасьць больш за ўсё. І мяне дзівяць людзі, якія выступаюць з рознымі ініцыятывамі пра тое, як трэба бараніцца, розныя арганізацыі ствараць. І ўся іхняя камунікацыя, уся іхняя дзейнасьць расейскамоўная. У той час, калі Пуцін кажа, што расейская мова — гэта стрыжань расейскай імпэрыі і падмурак пад нагамі на постсавецкай прасторы, гэтыя людзі самі сваёй дзейнасьцю ствараюць для Пуціна ўсю аргумэнтацыю.

Калі б заўтра ўсе тыя, магчыма, 30 адсоткаў беларусаў, якія выступаюць за дзяржаўнасьць толькі беларускай мовы, пачалі размаўляць толькі па-беларуску, не было б і думкі і згадкі ні пра ніякага Пуціна. Але яны працягваюць паўсюль карыстацца расейскай мовай і распавядаць, якія яны барацьбіты за незалежнасьць.

Трэці аспэкт — калі мы кажам пра акцыі. Я колькі гляджу за тым, як дэмакратычны рух арганізуе мерапрыемствы зь лёзунгамі кшталту «Заўтра вырашальны дзень у гісторыі беларускага супраціву, праверка баяздольнасьці апазыцыі, шматтысячная акцыя», — усё гэта заканчваецца расчараваньнем людзей. Людзі прыходзяць на акцыі, адны атрымліваюць дубінкай па галаве, іншыя сустракаюцца з прабеламі ў школе, на працы — а вырашальны дзень не настаў.

Мы так 25 гадоў жывём. І людзі расчароўваюцца яшчэ больш. І сёньня вельмі важна ацаніць рэальны стан, у якім мы знаходзімся. І мне здаецца, Курапаты вельмі добра сьведчаць пра той стан, у якім знаходзіцца незалежнае грамадзтва Беларусі. Калі ўважыць, што за год 500 ці тысяча чалавек паўдзельнічала ў абароне Курапатаў — то гэта прыблізна тая лічба, на якую дэмакратычны рух можа разьлічваць.

Для мяне відавочна, што патэнцыял кожнай апазыцыйнай структуры — ад 10 да 50 чалавек

Зьміцер Дашкевіч
Зьміцер Дашкевіч

— Магчыма, гэта занадта радыкальная ацэнка сытуацыі. Іншыя людзі могуць падтрымліваць тэму Курапатам усім сэрцам, але зь нейкіх прычынаў не знаходзіць матываў туды прыходзіць. Магчыма, іншыя людзі не знаходзяць для сябе прычынаў ці сілы волі заўсёды гаварыць па-беларуску, ім гэта не камфортна...

— Ясна, навошта ўвогуле напружвацца? «Мы не прынцыповыя, у нас няма сілаў, у нас няма магчымасьцяў». Ведаеце, я б таксама хацеў сядзець дома па пятніцах, а не стаяць у Курапатах. Я хацеў бы ехаць зь дзецьмі на лецішча. Але я не магу гэтага зрабіць. Калі нязручна, няўтульна — дык навошта ўвогуле чымсьці заганяцца? Ці мы робім над сабой нейкія высілкі, ці не.

Я згодны, што ня ўсе нават прыхільнікі дэмакратычнага руху, ня ўсе беларускамоўныя, ня ўсе расейскамоўныя патрыёты могуць прыйсьці ў Курапаты. Але калі мы кажам пра апазыцыю, то для мяне гэта відавочна, што патэнцыя кожнай апазыцыйнай структуры — ад 10 да 50 чалавек. І калі б партыі гэта прызналі, то быў бы зусім іншы эфэкт. Яны думаюць, што стане горш — бо донарам немагчыма сказаць, што ў цябе партыя з 50 чалавек. Але для грамадзтва гэта быў бы станоўчы эфэкт, бо людзі зразумелі б, што гэтыя 50 чалавек нешта робяць.

Калі апазыцыя ня можа сабраць сто тысяч подпісаў — значыць, ста чалавек адэкватных няма.


Яны падаюць сьпісы ў Міністэрства юстыцыі на 3-5 тысяч сяброў партыі і потым думаюць, як сабраць на выбарах 100 тысяч подпісаў за кандыдата. Адзін актывіст зьбірае тысячу подпісаў, не адрываючыся ад працы, — я ведаю гэта з уласнага досьведу. І калі апазыцыя ня можа сабраць сто тысяч подпісаў — значыць, ста чалавек адэкватных няма. Калі мы гэта прызнаем, то лепш будзем рухацца.

— Магчыма, тут многія не пагодзяцца з вашай ацэнкай. Але нават калі мы гэта прызнаем, як вы заклікаеце, то што ад гэтага зьменіцца ў лепшы бок?

— Будуць зусім іншыя адносіны грамадзтва да апазыцыі. Калі я нарэшце ўсьвядоміў неабходнасьць прызнаць, што ў нас 6 чалавек у «Маладым фронце», мы, 6 чалавек, выйшлі ў 2016 годзе — і сабралі 10 тысяч подпісаў за бел-чырвона-белы сьцяг. І мы гэта зрабілі за месяц, і я бачыў, як гэта ўражвала людзей, якія сачылі за гэтай кампаніяй.

Перад гэтым былі апазыцыйныя кааліцыі, якія заяўлялі, што маюць 50 тысяч чалавек, і яны паўтара года зьбіралі 50 тысяч подпісаў. А па факце гэта пшык.

Калі мы выйшлі ў 2017 годзе, таксама некалькі чалавек, абараняць Курапаты, то мы сказалі — «нас 6 чалавек, нас закачаюць у бэтон ці не», але мы выйшлі, і Бог нават даў нейкую перамогу, якой мы не чакалі. Гэта наяўны стан рэчаў, пакуль ён ня будзе прызнаны дэмакратычным рухам, мы будзем з году ў год расчароўваць сваіх прыхільнікаў.

Зьміцер Дашкевіч у Курапатах, на акцыі супраць рэстарацыі «Поедем поедим»
Зьміцер Дашкевіч у Курапатах, на акцыі супраць рэстарацыі «Поедем поедим»

— Пяройдзем да наступнай тэмы, і нешта мне падказвае, што я ведаю ваша стаўленьне да парлямэнцкіх выбараў. Але задам пытаньне так. Ёсьць людзі, у змагарнасьці якіх можна не сумнявацца — Вінярскі, Халіп, Мікалайчык — але яны ўдзельнічаюць у гэтай палітычнай кампаніі. Вы па-ранейшаму нэгатыўна ставіцеся да любога ўдзелу, у тым ліку і гэтых людзей?

Апроч змагарнасьці, трэба мець трошкі здаровага розуму.


— Мне здаецца, апроч змагарнасьці, трэба мець трошкі здаровага розуму. Часта людзі ствараюць небясьпеку самі сабе, дражняць шалёнага сабаку, кладуць яму палец у рот і потым з выглядам вялікага змагара пакутуюць, што ім гэты палец грызуць.

Тое, што гэтыя людзі дзясяткі гадоў крычалі, што толькі байкот, а потым пайшлі на выбары; ганьбілі Канапацкую з Анісім, якія атрымалі мандат у «палатку», а цяпер самі пашлі гэты мандат прасіць, — я таксама бачу ў гэтым нейкі Божы провід. Шапказакідальніцтва, завязанае з адарванасьцю ад рэальнасьці. Вынік будзе сумны.

— Стаўленьне да прэзыдэнцкай кампаніі, напэўна, можа быць трохі іншым, бо гэта магчыма адзіны рэальны шанец сапраўды дабівацца зьмены ўлады.

— Я згодзен, прэзыдэнцкая кампанія зусім іншая ў сваёй сутнасьці. І я да 2010 году гэтыя кампаніі так і разглядаў — як адзіную магчымасьць, якую дае нам заканадаўства, той самы адзіны дзень раз на 5 гадоў, калі мы можам істотным чынам зьмяніць лёс Беларусі. Мы шчыра верылі, што гэта можна зрабіць, і клалі косьці, каб гэта зрабіць.

І тады, у 2010 годзе, мы ўсе казалі пра Плошчу. А цяпер жа нават ніхто і ня кажа, што «мы нешта зьменім». Я ня ведаю такіх людзей, палітыкаў, якія кажуць: «Мы пойдзем у прэзыдэнцкую кампанію і нешта памяняем». Яны кажуць: нам трэба пагрэцца, партыйныя структуры разбудаваць і ўзмацніць, пазнавальнасьць павялічыць. Але асабіста я не гатовы класьці свой час, а тым больш сілы і здароўе, каб павялічыць чыюсьці пазнавальнасьць.

Лукашэнка сам сябе зьменіць. Няма ў Беларусі большага чалавека, які руйнуе гэтую сыстэму злачынства і хлусьні, як Лукашэнка.


На сёньняшні дзень я прыйшоў да высновы, што Лукашэнка сам сябе зьменіць. Няма ў Беларусі большага чалавека, які руйнуе гэтую сыстэму злачынства і хлусьні, як Лукашэнка. Ён гэта робіць вельмі пасьпяхова, і ён гэта даробіць, я думаю, неўзабаве.

Пытаньне толькі адно. У той дзень, калі Лукашэнка даробіць сваю працу зьнішчэньня самога сябе, ці застанецца ў Беларусі нехта пры памяці? Ці застануцца людзі, пра якіх прыхільнікі пераменаў змогуць сказаць — вось гэтыя хлопцы і дзяўчаты засьведчылі, што яны нармальныя, і я гатовы за імі пайсьці? Толькі адно пытаньне — ці застанецца нехта ў дзень Х пры памяці і адэкватны?..

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG