Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка ня верыў у перамогу Зяленскага, а цяпер зь ім сустракаецца. Што кіраўнікі Беларусі і Ўкраіны казалі адзін пра аднаго


3-4 кастрычніка ў Жытоміры пройдзе ІІ Форум рэгіёнаў Украіны і Беларусі, які наведаюць вышэйшыя кіраўнікі дзьвюх дзяржаў — Уладзімір Зяленскі і Аляксандар Лукашэнка. Іх сустрэча мае адбыцца ў пятніцу. Гэта будзе першае вочнае знаёмства палітыкаў — вэтэрана і пачаткоўца.

Першая такая імпрэза адбылася год таму ў Гомлі, тады Ўкраіну яшчэ прадстаўляў Пятро Парашэнка.

Раней Лукашэнка заявіў, што разьлічвае вырашыць з новым кіраўніком Украіны тыя пытаньні, якія не ўдавалася ўзгадніць з Парашэнкам. Дарэчы, менавіта апошняму беларускі лідэр прагназаваў «элегантную перамогу» на прэзыдэнцкіх выбарах.

Свабода сабрала выказваньні Ўладзіміра Зяленскага і Аляксандра Лукашэнкі адзін пра аднаго.

«Прэзыдэнцкія выбары выйграе Парашэнка!»

Нягледзячы на вялізны палітычны досьвед — усё ж чвэрць стагодзьдзя ва ўладзе — у адносінах да суседняй Ўкраіны Лукашэнка аказаўся слабым прагназістам.

Так, падчас «Вялікай размовы з прэзыдэнтам» 1 сакавіка ён заявіў, што новым прэзыдэнтам Украіны будзе Пятро Парашэнка.

«Абсалютна. Ён выйдзе ў другі тур, можа зь Зяленскім, можа яшчэ зь некім. І той, хто прагаласаваў за Зяленскага, тыя за яго і прагаласуюць. А тыя, хто прагаласаваў за іншых, аддадуць галасы Парашэнку».

Празь месяц у інтэрвію турэцкаму інфармацыйнаму агенцтву Anadolu Аляксандар Лукашэнка зноў пацьвердзіў свой прагноз. Гэта адбылося пасьля першага туру, які паказаў, што грамадзкія сымпатыі выразна схіляюцца на бок Уладзіміра Зяленскага.

«Ніхто яшчэ нічога ня выйграў, пасьля першага туру лідзіруе Зяленскі, Парашэнка ад яго адстае. Як скончыцца другі тур, ніхто не адважыцца прадказаць. Я ўсё ж такі схільны думаць, што прэзыдэнцкія выбары выйграе Парашэнка».

«Кожны прэзыдэнт у чымсьці артыст!»

Мала таго, Лукашэнка нават раіў не галасаваць за апанэнта Парашэнкі. Ён адзначыў, што ва Ўкраіне нямала людзей галасуе за Зяленскага, думаючы, што «галасаваць фактычна няма за каго». Ён параіў так не рабіць.

«Хай мяне прабачаць украінцы, але хачу ім сказаць: калі няма за каго галасаваць, то і галасаваць ня трэба, — параіў Лукашэнка. — Навошта галасаваць за чалавека, у якім ты ня ўпэўнены, бо ўкраінцы такі цяжкі палітычны шлях прайшлі за апошнія гады. Яны ўжо наеліся незразумелых абяцаньняў.

Як адзначаў у камэнтары для Свабоды палітоляг Валер Карбалевіч, лёгіка Лукашэнкі зразумелая: у ягоныя палітычныя ўяўленьні абсалютна ня ўпісваецца, каб дзейны прэзыдэнт прайграў прэзыдэнцкія выбары. У гэтым і палягае прырода памылковасьці ягонага прагнозу.

Нягледзячы на стратэгічную прамашку, Лукашэнка павіншаваў «нелягічнага пераможцу», выказаўшы надзею, што сумесныя намаганьні дазволяць захаваць пазытыўную дынаміку двухбаковага супрацоўніцтва, а дзейнасьць Уладзіміра Зяленскага ў якасьці кіраўніка дзяржавы будзе спрыяць росквіту Украіны, усталяваньню міру і грамадзянскай згоды.

Але на інаўгурацыю ў Кіеў не паехаў і працягваў глядзець на Зяленскага, як выпускнік на першаклясьніка. Вось што казаў Лукашэнка падчас сёлетняга суботніка.

«Валодзя Зяленскі — чалавек новы ў палітыцы. Так, малады; так, недасьведчаны. Я таксама быў калісьці маладым і неспрактыкаваным. Валодзя шоўмэн, артыст. І тут няма чага пасьмейвацца — кожны прэзыдэнт у чымсьці артыст! Думаю, мы пабудуем добрыя стасункі».

«Валодзя і Дональд адзін аднаму спадабаліся»

26 верасьня Аляксандар Лукашэнка ўпершыню сустрэўся з прадстаўнікамі ўкраінскіх СМІ — раней такога гонару ўдастойваліся толькі расейскія мэдыя.

Ён падкрэсьліў, што Беларусь працягне рабіць усё, што ад яе залежыць, дзеля міру ва Ўкраіне: ад працы трохбаковай кантактнай групы ў Менску да аказаньня гуманітарнай дапамогі і ўдзелу ў аднаўленьні інфраструктуры на Данбасе. І панаракаў, што на ягоныя ініцыятывы па беларускіх міратворцах ва Ўкраіне і кантролі мяжы рэакцыі не было.

Аляксандар Лукашэнка паабяцаў, што знойдзе агульную мову з Ўладзімірам Зяленскім на сустрэчы, якая мае прайсьці ў Жытоміры. Хоць пакуль і ня мае зь ім «практычна ніякіх» узаемаадносін, Лукашэнка кажа пра добрае ўражаньне ад калегі, няхай той і «памылак таксама не пазьбег».

«Абяцаю, што буду сумленным і шчырым у размове, — казаў Лукашэнка. — Гэта мая фішка. Я прывык гаварыць сумленна».

Расказаў і пра ўласныя ўражаньні ад нядаўняй сустрэчы прэзыдэнтаў ЗША і Ўкраіны ў Нью-Ёрку.

«Сустрэча, як я яе бачыў, прайшла прыстойна, разумна, прыгожа. Цяпер яшчэ афарбоўку надалі гэтыя тэлефонныя размовы, кансьпіралёгія нейкая зьявілася. Вось гэта прыцягнула пэўную ўвагу. Наогул гэта было знаёмства двух прэзыдэнтаў сам-насам. З майго пункту гледжаньня, яны спадабаліся адзін аднаму. Можна сказаць, што гэты гарачы дзень быў нармальным для амэрыканска-ўкраінскіх стасункаў».

Згаданую публікацыю Белым домам расшыфроўкі размовы Трампа і Зяленскага ён адзначыў асобна.

«Магу зьдзівіць вас: я не запісваю перамовы з Пуціным ці Зяленскім. У нас няма гэтай практыкі. Калі мне двойчы прапаноўвалі запісваць гутаркі, я казаў: „Не, гэта нашы размовы, ня трэба, каб яны былі недзе запісаныя“».

Пры гэтым ня выключыў, што калісьці можа «прыйсьці да таго», каб запісваць тэлефанаваньні.

«Не зразумела, хто зойме другое месца пасьля Лукашэнкі»

А вось Уладзімір Зяленскі, выглядае, яшчэ не пасьпеў ацаніць маштаб фігуры Аляксандра Лукашэнкі. Вядома толькі, што падчас тэлефоннай размовы ў канцы ліпеня ён пацьвердзіў сваё запрашэньне кіраўніку Беларусі наведаць Украіну ў рамках II Форуму рэгіёнаў у Жытоміры. Нейкіх іншых выказваньняў няма.

Затое шоўмэн Зяленскі шматразова кпіў зь яго яшчэ задоўга да таго, як агучыў прэзыдэнцкія амбіцыі — у папулярнай перадачы студыі «Квартал 95».

«Аляксандар Лукашэнка балятуецца на пасаду прэзыдэнта Беларусі, — казаў ён голасам дыктара навінаў. — Праўда, сэнсацыя? Няправільна ставіцца да выбараў кіраўніка Беларусі, як да прадказальнай падзеі: незразумела, хто зойме другое і трэцяе месцы», — іранізаваў ён.

Неаднойчы Зяленскі сам пераўвасабляўся ў «бацьку». Тут пазнавальна-сіпатым голасам Лукашэнка напрошваецца да «нармандцаў» у міратворцы па Ўкраіне.

«Калі ласка, ну вазьміце мяне ў сваю групу — будзе Нармандзкая пяцёрка. Не? Добра, давайце тады хоць чацьвёрка з палавінкай. А на нітачцы? А на сопельцы?»

«Усе сьмяюцца з палітыкаў і кіраўнікоў краінаў»

Падчас прэзыдэнцкай кампаніі Ўладзімір Зяленскі толькі аднойчы згадаў пра Аляксандра Лукашэнку — выказаў спадзяваньне, што той мае пачуцьцё гумару.

«Паглядзіце, калі ласка, любое шоў — амэрыканскае ці эўрапейскае, бо менавіта ў тым кірунку разьвіваюцца дэмакратычныя краіны. Паглядзіце — усе сьмяюцца з палітыкаў, з кіраўнікоў краінаў. Прэзыдэнты, у якіх выдатнае пачуцьце гумару, яны ўсе разумныя».

Нядаўна на міжнароднай канфэрэнцыі ў Кіеве Зяленскі зноў ад душы пасьмяяўся з Лукашэнкі — праўда, ужо не ў сваім выкананьні. На вячэры ў гонар замежных гасьцей акторы студыі «Квартал 95» паказалі мініятуру, як кіраўнік Беларусі спрабуе зрабіць віншавальнае сэлфі ў чаце на мабільны тэлефон. Спачатку відаць толькі вуха і палова вока, потым асобна вусы і ўрэшце партрэт у рамцы.

Пры гэтым у першыя месяцы кадэнцыі Зяленскага ў якасьці прэзыдэнта Ўкраіны назіральнікі адзначалі, што той міжволі «капіюе» Лукашэнку, калі эмацыйна «разносіць» падначаленых. Але адразу ж удакладнялі: адрозна ад беларускага калегі, які 25 гадоў разграбае ўласныя ж памылкі, Зяленскі такім чынам вычышчае карумпаванае атачэньне сваіх папярэднікаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG