Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна дамовілася аб разьвядзеньні войскаў на Данбасе і правядзеньні мясцовых выбараў


Уладзімер Зяленскі
Уладзімер Зяленскі

Украіна пагадзілася на ўрэгуляваньне сытуацыі на Данбасе паводле прапанавага «нармандзкай чацьвёркай» пляну, вядомага як «формула Штайнмаера».

Гэта пацьвердзіў сёньня на тэрміновым брыфінгу ў Кіеве прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі:

«Ліквідаваныя апошнія перашкоды для правядзеньня саміту ў нармандзкім фармаце. Найбліжэйшым часам мы будзем ведаць ужо і дату. Хачу паведаміць пра найбольшую страшылку апошніх тыдняў пад назвай „формула Штайнмаера“. Што яна азначае? Часовы закон пра асаблівы парадак мясцовага самакіраваньня ў асобных раёнах Данецкай і Луганскай абласьцей пачынае дзейнічаць пры ўмове, калі там абудуцца выбары, праведзеныя згодна з Канстытуцыяй і заканадаўствам Украіны. Ніякіх выбараў пад дулам кулямётаў ня будзе».

Новы закон аб статусе Данбасу

Прэзыдэнт Украіны падкрэсьліў, што будзе ўхвалены новы закон аб асаблівым статусе Данбасу пасьля грамадзкага абмеркаваньня.

«У гэтым новым законе ня будзе выхаду ні за адну чырвоную лінію. Менавіта таму няма, не было і ніколі ня будзе ніякай капітуляцыі. Ніякай».

Аб разьвядзеньні войскаў

Зяленскі ўдакладніў, што разьвядзеньне войскаў адбудзецца ў Залатым Луганскай вобласьці і Пятроўскім у Данецкай:

«Я асабіста гарантую, што мясцовае насельніцтва будзе абароненае, і адвод вайскоўцаў ніяк не паўплывае на бясьпеку. Прыкладам гэтага ёсьць Станіца Луганская, дзе адбылося пасьпяховае разьвядзеньне войскаў. Зараз аднаўляецца пешаходны мост».

Пра журналіста ў палоне «ДНР»

На пачатку брыфінгу Ўладзімір Зяленскі згадаў журналіста Станіслава Асеева, якому сёньня споўнілася 30 гадоў, і ён ужо больш як два гады знаходзіцца ў вязьніцы ў «ДНР». Станіслаў жыў у акупаваным Данбасе і супрацоўнічаў зь некалькімі ўкраінскімі СМІ, у тым ліку і Радыё Свабода:

«Мы робім максымальныя высілкі, каб вярнуць яго і ўсіх нашых грамадзян».

Што такое «Формула Штайнмаера»

Прэзыдэнты Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер і Расеі Ўладзімір Пуцін
Прэзыдэнты Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер і Расеі Ўладзімір Пуцін

«Формула Штайнмаера» прадугледжвае правядзеньне мясцовых выбараў пад назіраньнем місіі АБСЭ і ўвядзеньнем у законную моц закону, які гарантуе Данецкай і Луганскай абласьцям асаблівы рэжым, гэтак званы аўтаномны статус.

Паводле дакумэнту, закон аб асаблівым рэжыме часова пачне дзейнічаць з 20-й гадзіны ў дзень галасаваньня, а на сталай аснове — пасьля таго, як місія Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ) АБСЭ абнародуе выніковую справаздачу аб тым, што выбары прайшлі адпаведна дэмакратычным стандартам і ўкраінскаму заканадаўству.

У той жа час, у дакумэнце, падпісаным сёньня ў Менску, нічога не адзначаецца аб перадачы Кіеву да моманту правядзеньня выбараў кантролю над участкам украінска-расейскай мяжы на Данбасе і вывядзеньні расейскай вайсковай тэхнікі і вайскоўцаў. Таксама пакуль не зразумела, якім чынам на часова акупаванаых тэрыторыях будзе забясьпечаная магчымасць удзелу ў выбарах украінскіх партый.

Аб тым, што сёньня мае адбыцца падпісаньне адпаведнага дакумэнту ў Менску сёньня раніцай на сваёй старонцы ў Facebook паведаміў Раман Бясьсмертны (ён двойчы — у часы прэзыдэнта Пятра Парашэнкі і Ўладзімера Зяленскага — працаваў у складзе менскай групы). Ён лічыць такія саступкі недапусьцімымі.

У 2018 годзе Вярхоўная Рада Ўкраіны ўжо ўхвальвала закон аб асаблівым статусе асобных раёнаў Данбасу. Тады ён называўся «Аб асаблівасьцях дзяржаўнай палітыкі па забесьпячэньні дзяржаўнага сувэрэнітэту Ўкраіны на часова акупаваных тэрыторыях у Данецкай і Луганскай абласьцях» (аб рэінтэграцыі Данбасу). Гэты дакумэнт, сярод іншага, прадугледжваў, што камандаваньне пераходзіць ад Антытэрарыстычнага цэнтра СБУ да Аб’яднанага апэратыўнага штабу Ўзброеных сіл — гэта значыць ад спэцслужбаў да вайскоўцаў.

Адначасова ў законе Расея была прызнаная дзяржавай-агрэсаркай, а дзеяньні Ўкраіны ў рэгіёне вызначаюцца як стрымліваньне і адпор расейскай узброенай агрэсіі ў Данецкай і Луганскай абласьцях на падставе артыкулу 51 Статуту ААН, які вызначае права дзяржаваў на самаабарону. У дакумэнце таксама адзначаецца, што часовая акупацыя Расейскай Фэдэрацыяй тэрыторыяў Украіны, незалежна ад яе працягласьці, зьяўляецца незаконнай і не стварае для Расеі ніякіх тэрытарыяльных правоў. Прадугледжвалася, што гэты закон будзе дзейнічаць усяго тры гады.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG