Міністар замежных справаў Беларусі ў інтэрвію расейскаму выданьню РБК згадаў пра адхіленыя Беларусьсю прапановы Расеі ў «паглыбленьні інтэграцыі».
Паводле Ўладзімера Макея, у ліку «абсалютна непрымальных» прапановаў было «стварэньне некалькіх наднацыянальных структураў», але кіраўнікі Беларусі і Расеі на сустрэчы 18 ліпеня ў Санкт-Пецярбурзе «адназначна вырашылі», што такія прапановы «не адпавядаюць палажэньням дамовы».
«Таму трэба сканцэнтравацца на эканамічнай праблематыцы, на паглыбленьні гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяньня, на ўзгадненьні правілаў, зьвязаных з мытным заканадаўствам, з сэртыфікацыяй, стандартызацыяй і іншым, — патлумачыў Макей. — Мы павінны ўдзяліць больш увагі правядзеньню ўзгодненай сельскагаспадарчай і прамысловай палітыкі — гэта самае галоўнае».
У плянах інтэграцыі, расказаў ён, няма гаворкі пра адзіны эмісійны цэнтар Беларусі і Расеі, бо перад стварэньнем адзінай валюты «трэба спачатку наладзіць нармальнае гандлёва-эканамічнае ўзаемадзеяньне і ліквідаваць усе бар'еры і перашкоды».
Праца над адзіным Падатковым кодэксам Беларусі і Расеі прадугледжваецца, але «выглядае як палітычная мэта», мяркуе Макей, бо яна «мусіць весьціся прынамсі цягам некалькіх месяцаў, а тое і гадоў».
«Ніякіх палітычных момантаў, зьвязаных са стварэньнем фэдэрацыі, канфэдэрацыі там няма і ня будзе, — пераконвае міністар. — Я яшчэ раз паўтараю, што сувэрэнітэт для абедзьвюх дзяржаваў гэта сьвятое, і Беларусь ня мае намеру ахвяраваць ім ва ўгоду нейкім каньюнктурным поглядам».
8 сьнежня Ўладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка маюць падпісаць дакумэнт аб «паглыбленьні інтэграцыі» з «дарожнымі мапамі» для ўрэгуляваньня праблемных пытаньняў. Макей адзначае: «Будзем спадзявацца, што гэта адбудзецца».
Перад пачаткам «паглыбленьня інтэграцыі», дадаў Макей, трэба вырашыць «вельмі адчувальныя» актуальныя праблемы: кампэнсацыю Беларусі стратаў ад расейскага падатковага манэўру, цэны на газ і нафту, перашкоды ў пастаўках сельскагаспадарчай і прамысловай прадукцыі.