Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БНФ запатрабаваў спыніць перамовы пра эканамічную інтэграцыю з Расеяй


Зьезд партыі БНФ, архіўнае фота

На XIX зьезьдзе партыі БНФ 21 верасьня была прынятая заява з патрабаваньнем да беларускіх уладаў спыніць перамовы з Расеяй аб эканамічнай інтэграцыі.

У гэтых перамовах партыя бачыць «сьмяротную пагрозу страты ўласнай незалежнасьці ды свабоды і паняволеньня пад дыктатам крамлёўскай тыраніі ды расейскіх алігархаў» «пад выглядам эканамічнай інтэграцыі».

Партыя заяўляе, што «размовы аб роўнасьці пры інтэграцыі» гэта падман, а любы крок па стварэньні новых супольных з Расеяй дамоваў ці органаў «толькі ўзмацняе крытычную залежнасьць ды фатальную небясьпеку ад Крамля».

Абурэньне партыі выклікае тое, што зьмест пагадненьняў, якія рыхтуюцца да падпісаньня, «утойваюць ад беларускага народу» — так, заяўляе БНФ, таемна рыхтуюць «нявыгадныя ды не патрэбныя беларусам пагадненьні».

«Любыя інтэграцыйныя дамовы з Расеяй незаконныя нават на этапе іх падрыхтоўкі, бо супярэчаць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, — заяўляе БНФ. — Падрыў дзяржаўнага сувэрэнітэту зьяўляецца цяжкім крымінальным злачынствам, і ўсе датычныя не пазьбегнуць справядлівага суду. Цьвёрдая пазыцыя Партыі БНФ палягае ў тым, што ўсе інтэграцыйныя дамовы з Расейскай Фэдэрацыяй, якія супярэчаць нацыянальным інтарэсам, будуць дэнансаваныя пасьля зьмены рэжыму, у аднабаковым парадку».

Да грамадзянаў БНФ зьвяртаецца з заклікамі выступіць супраць дамоваў з Расеяй, аб’ядноўвацца вакол нацыянальна-дэмакратычных сілаў і быць гатовымі абараняць незалежнасьць краіны любымі даступнымі сродкамі.

Раней Аб’яднаная грамадзянская партыя выдала заяву з заклікам да грамадзянаў «быць гатовымі да абароны сувэрэнітэту і незалежнасьці сваёй краіны, як гэтага патрабуе артыкул 57 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG