Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Патаемная інтэграцыя. Чаму маўчыць сьпікер Андрэйчанка


Прачытаў інтэрвію са сьпікерам палаты прадстаўнікоў нацыянальнага сходу Уладзімерам Андрэйчанкам, у якім, сярод іншага, ён кажа і пра мэтазгоднасьць выбараў па прапарцыйнай сыстэме, і пра неабходнасьць прадстаўніцтва ў парлямэнце розных грамадзкіх арганізацый і партый.

Нібыта слушныя словы, шкада, сказаныя, калі роля партый у гэтым самым грамадзтве (я маю на ўвазе рэальныя арганізацыі) шматгадовымі намаганьнямі ўлады зьведзеная практычна да нуля.

Як і роля самога парлямэнту (разумею, што слова «парлямэнт» варта было б узяць у двукосьсі – як і «сьпікер», «дэпутаты», «выбары»).

І гэта асабліва выразна выяўляецца цяпер, калі чарговы этап беларуска-расейскай інтэграцыі, на думку прадстаўнікоў грамадзтва, можа каштаваць краіне незалежнасьці. Прэзыдэнцкая адміністрацыя ня мае патрэбы паведаміць дэпутатам, пра што дамовіўся ў Маскве прэм’ер Беларусі – а кіраўніцтва парлямэнту, як выглядае, ня мае сьмеласьці пра гэта запытацца.

Хаця Ўладзімер Андрэйчанка памятае іншыя часы, калі ў Авальнай залі прэзыдэнт Лукашэнка быў вымушаны адказваць на нязручныя для яго пытаньні дэпутатаў БНФ пра дамову паміж Расеяй і Беларусяй (восень 1994). А да гэтага – прэм’ер Кебіч і старшыня нацбанку Багданкевіч ня раз і ня два і чырванелі, і бляднелі пад палемічным абстрэлам з нагоды аб’яднаньня грашовых сыстэмаў (восень 1993).

І між іншым: дэпутаты мелі самую сьвежую, актуальную інфармацыю пра тое, што зьбіраюцца падпісваць у Маскве кіраўнікі выканаўчай улады, прычым усе дэпутаты – і намесьнік старшыні Віцебскага аблвыканкаму Андрэйчанка, і намесьнік старшыні Апазыцыі БНФ Заблоцкі. Як ужо яны распараджаліся гэтай інфармацыяй – іншая справа. Аўтар гэтых радкоў, напрыклад, імгненна перадаваў праекты дамоваў калегам-журналістам.

Увогуле дэпутаты Апазыцыі БНФ цягам бліжэйшых дзён, нават гадзінаў, разам зь юрыстамі і эканамістамі рабілі экспэртны аналіз праектаў і на іх падставе рыхтавалі запыты да ўраду.

У выпадку, калі сэсіі ў гэты момант не было, прэм’ер ці ягоныя намесьнікі адказвалі цягам пяці дзён. Калі ж сэсія ішла – яны былі вымушаныя адказваць, стоячы на трыбуне, і тое былі зусім не камфортныя для іх хвіліны.

Ну а за фразу кшталту той, якую напісаў міністар эканомікі ў адказе Алене Анісім (што публікацыя праекту «праграмы інтэграцыі» «магла б стварыць глебу для інфармацыйных маніпуляцый і фармаваньня ў грамадзтве скажоных уяўленьняў»), міністар вылецеў бы з пасады з хуткасьцю катапульты.

Істотны момант: у першыя гады Незалежнасьці журналісты, а празь іх і грамадзтва, атрымлівалі зьвесткі пра магчымы лёс незалежнасьці ад дэпутатаў. Цяпер, як мне вядома, дэпутаты даведваюцца пра інтэграцыйныя праекты з маскоўскіх газэт (найбольш «прасунутыя» – з пракрамлёўскіх тэлеграм-каналаў).

Прыкметна, што ў адным з тэлеграм-каналаў на пытаньне, ці гатовыя падпісчыкі выступіць супраць анэксіі Беларусі, 20% адказалі, што будуць абараняць незалежнасьць «са зброяй у руках» (яшчэ 20% выйдуць на Плошчу). У апытаньні ўзяло ўдзел больш як 16 тысяч; які заўгодна сацыёляг пацьвердзіць, што гэта даволі прадстаўнічая выбарка (нават з папраўкай на спэцыфічнасьць аўдыторыі).

Мінімальна, гэта сьведчыць пра ступень занепакоенасьці грамадзтва – на фоне маўчаньня парлямэнту і яго сьпікера.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG