Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ня мае палітычнага кампанэнту, не пагражае сувэрэнітэту», — Мінэканомікі пра «паглыбленьне інтэграцыі»


Сустрэча беларускай і расейскай дэлегацыі пад Масквой, 6 верасьня
Сустрэча беларускай і расейскай дэлегацыі пад Масквой, 6 верасьня

Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім апублікавала адказ міністра эканомікі Беларусі Дзьмітрыя Крутога наконт праграмы інтэграцыі, узгодненай прэм’ерамі Расеі і Беларусі.

Алена Анісім пісала прэм’ер-міністру Беларусі Сяргею Румасу, што да яе зьвяртаюцца грамадзяне, якіх хвалюе лёс Беларусі — іх непакоіць, што ўзгадненьне праграмаў адбывалася за зачыненымі дзьвярыма. Яна прасіла апублікаваць дакумэнты пра «саюзную дзяржаву», падпісаныя 6 верасьня.

Дакумэнты не апублікавалі, але на зварот адказаў міністар эканомікі.

У адказе Дзьмітры Круты спасылаецца на вынікі рэфэрэндуму 1995 году, дзе большасьць галасоў залічылі ў падтрымку «дзеяньняў прэзыдэнта, скіраваных на эканамічную інтэграцыю з Расейскай Фэдэрацыяй», а таксама на дамову аб «саюзнай дзяржаве» 1999 году.

«Праца, што ладзіцца цяпер урадамі дзвюх краінаў, ахоплівае выключна эканамічную частку дамовы і накіраваная на яе адмысловую рэалізацыю», — запэўнівае дэпутатку міністар.

Паводле Крутога, дакумэнт цяпер «мае статус працоўнага» і можа быць зацьверджаны Аляксандрам Лукашэнкам і Ўладзімірам Пуціным толькі ў сьнежні разам з пакетам «дарожных мапаў».

Пакуль жа праца па тых мапах «толькі пачалася», таму публікацыя праекту «супярэчыла б б агульнапрынятай у сьвеце практыцы арганізацыі перамоваў, а таксама магла б стварыць глебу для інфармацыйных маніпуляцыяў і фармаваньня ў грамадзтве скажоных уяўленьняў адносна інтэграцыйнага працэсу», адзначае міністар.

«Па даручэньні прэм’ер-міністра запэўніваю Вас, што дакумэнты, над якімі мы працуем, ня ўтрымліваюць ніякага палітычнага кампанэнту і не ствараюць пагрозаў для сувэрэнітэту і незалежнасьці нашай Радзімы – Рэспублікі Беларусь», — завяршае ліст Круты.

***

Тэма «паглыбленьня інтэграцыі» пачалася зь перамоваў пра кампэнсацыю «падатковага манэўру». Але ў «праграме інтэграцыі», як прызнаў беларускі бок, няма кампэнсацыі «падатковага манэўру», бюджэт разьлічылі безь яе.

У канцы 2018 году расейскі прэм’ер Дзьмітрый Мядзьведзеў заявіў, што Расея гатовая «праводзіць адзіную палітыку ў галіне падаткаў, цэна- і тарыфаўтварэньня» толькі тады, калі будуць выкананыя ўмовы пагадненьня аб «саюзнай дзяржаве» 1999 году — а гэта агульныя валюта, суд і мытня.

Гэтыя ўмовы празвалі «ўльтыматумам Мядзьведзева». Аляксандар Лукашэнка тады адказаў жорстка: маўляў, «Шантажаваць марна. Разумею намёкі — уступайце ў склад Расеі. Гэтага ня будзе ніколі».

Беларусь не адмовілася ад «паглыбленьня інтэграцыі», але выкананьне ўмоваў «ультыматуму Мядзьведзева» не анансавалася. Самі дамовы яшчэ не падпісаныя — плянуецца, што праграму інтэграцыі кіраўнікі Беларусі і Расеі падпішуць у сьнежні.

Расея ж настойвае, што падатковы манэўр гэта ейная «сувэрэннае права», а патрабаваньне кампэнсацыі некарэктнае. Акрамя таго, Беларусь усё яшчэ чакае ад Расеі кампэнсацыю за брудную нафту, а расейскі бок не пагаджаецца зь беларускімі разьлікамі ўчыненай шкоды.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG