Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь зьмірылася. У «праграме інтэграцыі» няма кампэнсацыі «падатковага манэўру», бюджэт разьлічылі безь яе


Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, архіўнае фота

Міністар фінансаў Беларусі Максім Ермаловіч заявіў журналістам, што Менск працягвае настойваць на кампэнсацыі Расеяй ейнага «падатковага манэўру».

Але, перадае «Інтэрфакс», міністар сам прызнаў:

  • У дамове пра праграму «паглыбленьня інтэграцыі» з Расеяй, якую парафіявалі прэм’ер-міністры, пытаньне кампэнсацыі засталося нявырашаным.
  • Бюджэт Беларусі на наступны год разьлічаны з таго, што кампэнсацыі ня будзе, і «бюджэт дастаткова жорсткі», з дэфіцытам, бо, «не прырастаем па даходах у намінальным значэньні», а «даходы працягваюць аб’ектыўна расьці».
  • «З Расеяй ніякіх дэталяў не вядома», дадаў Ермаловіч, «але мы пачынаем працу» над тым, каб «выпрацаваць адзіныя правілы» «ў галіне фінансавай палітыкі».

Як менавіта Беларусь будзе цяпер настойваць на кампэнсацыі, ён не ўдакладніў. Але сама тэма «паглыбленьня інтэграцыі» пачалася зь перамоваў пра кампэнсацыю «падатковага манэўру».

У канцы 2018 году расейскі прэм’ер Дзьмітры Мядзьведзеў заявіў, што Расея гатовая «праводзіць адзіную палітыку ў галіне падаткаў, цэна- і тарыфаўтварэньня» толькі тады, калі будуць выкананыя ўмовы пагадненьня аб «саюзнай дзяржаве» 1999 году — а гэта агульныя валюта, суд і мытня.

Гэтыя ўмовы празвалі «ўльтыматумам Мядзьведзева». Аляксандар Лукашэнка тады адказаў жорстка: маўляў, «Шантажаваць марна. Разумею намёкі — уступайце ў склад Расеі. Гэтага ня будзе ніколі».

Беларусь не адмовілася ад «паглыбленьня інтэграцыі», але выкананьне ўмоваў «ультыматуму Мядзьведзева» не анансавалася. Самі дамовы яшчэ не падпісаныя — плянуецца, што праграму інтэграцыі кіраўнікі Беларусі і Расеі падпішуць у сьнежні.

Расея ж настойвае, што падатковы манэўр гэта ейная «сувэрэннае права», а патрабаваньне кампэнсацыі некарэктнае. Акрамя таго, Беларусь усё яшчэ чакае ад Расеі кампэнсацыю за брудную нафту, а расейскі бок не пагаджаецца зь беларускімі разьлікамі ўчыненай шкоды.

Што важна ведаць пра расейскі падатковы манэўр

Нафтавы падатковы манэўр у Расеі — паступовая замена спагнаньня экспартнага мыта падаткам на здабычу карысных выкапняў (ПЗКВ). Экспартнае мыта будзе зьмяншацца адначасова з павелічэньнем ПЗКВ.

  • Расея пачала рэалізацыю падатковага манэўра зь 2019 году.
  • Да канца 2018 году экспарт сырой нафты ў Расеі абкладаўся экспартным мытам у памеры 30% ад цаны. Мыта не спаганялася з паставак на ўнутрырасейскі рынак і ў межах квоты ў Беларусь.
  • У 2017-2018 гадах квота на пастаўкі бязмытнай расейскай нафты для Беларусі складала 24 млн тон (18 млн тон перапрацоўвалі беларускаія НПЗ, 6 млн тон ішлі на рээкспарт).
  • Беларусь мела права абкладаць экспартным мытам свае нафтапрадукты, вырабленыя з расейскай бязмытнай нафты, якія прадавала ў трэція краіны. Беларускае мыта ішло ў беларускі бюджэт.

Страты і кампэнсацыя

  • У сьнежні 2018 г. у адміністрацыі Лукашэнкі сьцьвярджалі, што за 3 апошнія гады Беларусь недаатрымала $3,6 млрд, а за наступныя 4 гады недаатрымае $11 млрд пры найгоршым разьвіцьці падзей.
  • Паводле падлікаў рэйтынгавага агенцтва Fitch, наўпроставыя страты беларускай эканомікі складуць $10,6 млрд цягам 2019–2024 гг.
  • Дырэктар дасьледніцкага цэнтру ІПМ Аляксандар Чубрык падлічыў, што страты для бюджэту Беларусі ў 2019 годзе склалі $272,3 млн. ​
  • У кастрычніку 2018 Расея абяцала пералічыць у бюджэт Беларусі каля $405 млн у якасьці аплаты экспартнага мыта за нафту. Пазьней у кампэнсацыі адмовілі.
  • 18 сьнежня 2019 расейскі партал РБК паведаміў са спасылкай на свае крыніцы, што Расея кампэнсуе Беларусі страты ад манэўра праз зваротны акцыз для беларускіх НПЗ. Суму субсыдыяў ацанілі ў $1,5 млрд. Афіцыйнага пацьвярджэньня гэтай інфармацыі не было.

Кароткая гісторыя нафтагазавых канфліктаў Беларусі і Расеі

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG