Расея дадаткова пералічыць у бюджэт Беларусі каля 405 млн даляраў у якасьці аплаты экспартнага мыта за нафту. Дадатковыя пералічэньні зьвязаныя з ростам цаны на нафту, піша Інтэрфакс са спасылкай на міністра фінансаў Расеі Антона Сілуанава.
Гадавы балянс паставак нафты з Расеі ў Беларусь складае 24 млн тонаў, фактычна Менск закупляе 18 млн тонаў, за астатнюю нафту ў беларускі бюджэт Расея пералічвае экспартнае мыта з гэтага абʼёму. Гэтую схему бакі ўхвалілі ў красавіку 2017 году.
Што Беларусь рабіла з такімі вялікімі аб’ёмамі нафты, закупленай у Расеі
Часткова перапрацоўвала на заводах «Белнафтахіму» ў прадукты больш высокага ўзроўню перапрацоўкі, часткова — проста рээкспартавала, прадавала за межы Эўразійскага саюзу, найперш у краіны Эўразьвязу і ва Ўкраіну.
Зь лістапада 2018 году да канца 2019 году Расея забараніла экспартаваць у Беларусь нафтапрадукты.
Што важна ведаць пра расейскі падатковы манэўр
Нафтавы падатковы манэўр — зьмена спагнаньня экспартнага мыта на падатак на здабычу карысных выкапняў (ПЗКВ). Экспартнае мыта будзе зьмяншацца адначасова з павелічэньнем ПЗКВ.
- Раней і да канца 2018 году ў Расеі экспарт сырой нафты абкладаўся экспартным мытам у памеры 30% ад цаны.
- Мыта не спаганялася зь паставак у Беларусь на 18-20 мільёнаў тон у год.
- Беларусь мела права абкладаць экспартным мытам свае нафтапрадукты, вырабленыя з расейскай бязмытнай нафты, якія прадавала ў трэція краіны. Беларускае мыта ішло ў беларускі бюджэт.
Страты і кампэнсацыя
- У адміністрацыі Лукашэнкі сьцьвярджалі, што за 3 апошнія гады Беларусь недаатрымала 3 мільярды 600 мільёнаў даляраў, а за наступныя 4 гады недаатрымае 11 мільярдаў пры найгоршым разьвіцьці падзей.
- Міністар фінансаў Беларусі Максім Ермаловіч казаў, што агульныя страты ад падатковага манэўру ацэньваюцца ў 8–12 млрд даляраў.
- Віцэ-прэмʼер Беларусі Ігар Ляшэнка заявіў, што Беларусь разьлічвала на кампэнсацыю каля 310–315 мільёнаў даляраў.
- У якасьці аплаты экспартнага мыта за нафту Расея абяцала пералічыць у бюджэт Беларусі каля 405 млн даляраў. Пазьней у кампэнсацыі адмовілі.
Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com