Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што азначае расейская забарона на экспарт нафтапрадуктаў у Беларусь


Ілюстрацыйнае фота.
Ілюстрацыйнае фота.

Расея ўводзіць забарону на экспарт сьветлых і цёмных нафтапрадуктаў, а таксама звадкаванага вуглевадароднага газу ў Беларусь.

У чым прычыны расейскага рашэньня

Расейцы заяўлялі, што Беларусь купляе занадта шмат расейскіх нафтапрадуктаў, у некалькі разоў больш, чым трэба самой Беларусі для яе ўнутраных патрэбаў. Унутраныя патрэбы ацэньваюцца экспэртамі ў паўмільёна тон на год, толькі сёлета Беларусь набыла два мільёны тон нафтапрадуктаў з Расеі.

Пастаўкі расейскай сырой нафты ў Беларусь бяз мыта былі абмежаваныя загадзя вызначанай квотай. Пры гэтым нафтапрадукты бяз мыта Беларусь магла купляць у Расеі ў неабмежаваных памерах.

І што Беларусь рабіла з такімі вялікімі аб’ёмамі нафтапрадуктаў, закупленых у Расеі

Часткова перапрацоўвала на заводах «Белнафтахіму» у прадукты больш высокага ўзроўню перапрацоўкі, часткова — проста рээкспартавала, прадавала за межы Эўразійскага саюзу, найперш у краіны Эўразьвязу і ва Ўкраіну.

А ў чым была выгада Беларусі

Пераважна ў экспартным мыце. Калі б расейская фірма прадавала нафтапрадукты, скажам, у Эўразьвяз, то яна з цаны на іх мусіла плаціць экспартнае мыта ў расейскі бюджэт. Калі гэтыя нафтапрадукты прадаваліся ў Беларусь, то яны прадаваліся па цане, меншай чым для ЭЗ, на велічыню гэтага экспартнага мыта. У выпадку, калі беларуская фірма перапрадавала гэтыя прадукты ў той жа ЭЗ, то яна таксама плаціла экспартнае мыта, але ўжо ў беларускі бюджэт.

Ці мелі рацыю расейцы, калі казалі, што Беларусь на нафтапрадуктах забірае даходы расейскага бюджэту

У пэўнай ступені так. Аднак частка расейскіх нафтапрадуктаў усё ж перапрацоўвалася і толькі потым экспартавалася ў трэція краіны. Якая менавіта частка расейскіх нафтапрадуктаў усё ж перапрацоўвалася, а якая — проста перапрадавалася, сказаць складана. Беларусь экспартуе ў трэція краіны і нафтапрадукты, якія сама вырабляе з расейскай нафты, на што мае поўнае права. У беларускім экспарце нафтапрадуктаў ня проста вылучыць, што было зроблена ў Беларусі з расейскай нафты, а што — куплена ў Расеі і проста перапрададзена. Паводле ацэнак некаторых экспэртаў большая частка купленых у Расеі нафтапрадуктаў усё ж рээкспартавалася без перапрацоўкі.

Чаму расейцы выставілі прэтэнзіі і ў тым выпадку, калі Беларусь перапрацоўвала нафтапрадукты і толькі потым экспартавала, а ня проста перапрадавала

Расейцы лічылі, што ступень перапрацоўкі была невысокай. Эканаміст Сяргей Чалы параўнаў гэтыя схемы з так званымі «беларускімі крэвэткамі» для расейскага рынку. Толькі ў схемах з «крэветкамі» падсанкцыйныя тавары з Эўразьвязу крышачку, часам касмэтычна, перапрацоўваліся для расейскага рынку, каб туды трапляў фармальна беларускі прадукт, а не прадукт з краінаў, імпарт зь якіх у Расею забаронены. З нафтапрадуктамі была падобная схема, толькі ў другі бок. Беларусь зьлёгку перапрацоўвала расейскія нафтапрадукты і прадавала ў трэція краіны, атрымліваючы ў бюджэт экспартнае мыта.

Колькі грошай страціць Беларусь у выніку адмовы Расеі прадаваць нафтапрадукты

Экспартнае мыта варʼюецца ў залежнасьці ад гатунку нафтапрадуктаў ад 40.6 даляраў да 76.5 даляраў за тону. Калі дапусьціць, што Беларусь купляла ў Расеі 2 млн тон нафтапрадуктаў, 0.5 млн тонаў спажывала для ўнутраных патрэбаў, то атрымліваецца, што 1.5 мільёна тонаў яна экспартавала наўпрост ці пасьля перапрацоўкі. Сумарнае экспартнае мыта за такія абʼёмы складала ад 60 мільёнаў да 114 мільёнаў даляраў. Страты Беларусі складуць суму паміж гэтымі лічбамі.

Ці будзе атрымліваць Беларусь расейскія нафтапрадукты для ўласных патрэбаў

Так, будзе. Расейскі пасол Міхаіл Бабіч нядаўна заявіў, што пастаўкі нафтапрадуктаў Беларусі для яе ўласных патрэбаў будуць нават павялічаныя на 10-15%. Але гэтыя патрэбы будуць дакладна вызначаныя.

Ці прадугледжвае расейскае рашэньне скарачэньне паставак і сырой нафты, паколькі Беларусь жа і яе рээкспартавала

Не, да канца 2019 году скарачэньне паставак сырой нафты не прадугледжанае. Так, Беларусь рээкспартавала 6 мільёнаў нафты ў год, таксама атрымліваючы ў свой бюджэт экспартнае мыта за гэтыя абʼёмы. Але гэта была формула, выпрацаваная падчас перамоваў Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзімера Пуціна летась у красавіку. Гэтая формула паклала канец працяглай спрэчцы пра цану на газ, якая расьцягнулася на ўвесь 2016 год і на пачатак 2017 году.

Формула палягала ў тым, што 6 мільёнаў тон нафты, якія Беларусь мае права рээкспартаваць, атрымліваючы ў свой бюджэт экспартнае мыта, былі кампэнсацыяй за больш высокую цану на газ, чым тая, на якой настойваў Менск.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG