Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новыя нафтадамовы могуць вярнуць эпоху «разбаўляльнікаў і растваральнікаў» — экспэрт


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Расея і Беларусь 10 кастрычніка ўзгаднілі індыкатыўныя балянсы і пратаколы па нафтапрадуктах на лістапад-сьнежань 2018 году і на 2019 год. Дакладныя аб’ёмы паставак расейскіх нафтапрадуктаў не агучваюцца. Пра агульны аб’ём паставак расейскай нафты ў Беларусь перамовы працягваюцца. Беларусь спадзяецца на 24 мільёны тон нафты.

Што можа стаяць за ўчорашнім пагадненьнем, Свабодзе тлумачыць экспэрт у галіне энэрганосьбітаў Тацяна Манёнак.

Пра цёмныя нафтапрадукты для беларускіх прадпрыемстваў

Тацяна Манёнак
Тацяна Манёнак

Тут, на думку экспэрта, праблемы ня будзе. Цёмных нафтапрадуктаў у Беларусі чакаюць «Магілёў-Хімвалакно», «Горадня-Хімвалакно», «Палімір» і яшчэ некалькі прадпрыемстваў. Яны купляюць пэўныя нафтапрадукты, якія не выпрацоўваюцца ў Беларусі. Гэта невялікі аб’ём, ён наўрад ці дасягне паўмільёна тон. І Расея паставіць столькі, колькі нам патрэбна. І нават болей, бо нядаўна расейскі амбасадар заявіў, што можна дадаць яшчэ 10%, паколькі вядзецца мадэрнізацыя некаторых прадпрыемстваў.

Пра нафтапрадукты на рээкспарт

Экспэрт адзначае, што летась Беларусь імпартавала з Расеі крыху болей за 4 мільёны тон нафтапрадуктаў. А беларускай нафтахіміі патрэбна толькі паўмільёна тон. Куды падзеліся астатнія? Яны рээкспартаваліся празь Беларусь. У частку расейскіх нафтапрадуктаў дадавалі нейкі кампанэнт, пасьля чаго яны прадаваліся за мяжу як беларускія. Але такой прадукцыі было зусім нямнога. Пераважная бальшыня расейскіх нафтапрадуктаў ішла празь Беларусь адразу на рээкспарт.

Ці магчымы кантроль?

Тацяна Манёнак кажа, што ў яе адразу ўзьнікае пытаньне: як пракантраляваць тое, што будзе прадавацца за мяжу? Адразу ўзгадваецца гісторыя з растваральнікамі і разбаўляльнікамі. Тая гісторыя пачыналася яшчэ ў 2012 годзе. Сур’ёзныя дзяржаўныя мужы абяцалі паставіць крыж на падобных варыянтах. Але дагэтуль усё цягнецца. Бо існуе вельмі шырокая гама нафтапрадуктаў. Нейкія зь іх абкладаюцца мытам, нейкія — не. Вось прадпрымальнікі і шукаюць розных пралазаў.

На думку экспэрта, толькі пасьля таго, як Расея цалкам адмовіцца ад мыта на нафтапрадукты, зьнікне сама патрэба ў сумнеўным бізнэсе.

Ні ў Маскве, ні ў Менску дагэтуль не ўдакладняюць умоваў пастаўкі расейскіх нафтапрадуктаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG