Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка расейскаму паслу Бабічу: «Гаварыць пра ўключэньне Беларусі ў склад Расеі проста сьмешна»


Кіраўнік Беларусі сустрэўся з новапрызначаным расейскім амбасадарам.

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з новым амбасадарам Расеі ў Беларусі Міхаілам Бабічам. Пра сустрэчу паведаміла інфармацыйнае агенцтва БелТА. Ужо на самым пачатку сустрэчы кіраўнік Беларусі нагадаў, што да прызначэньня Міхаіла Бабіча на пасаду пасла былі розныя развагі на гэты конт.


«Напэўна, рэагуючы на тое, што сказана і напісана, — пачаў Лукашэнка. — Сказаць, што там няма праўды нейкай долі, будзе несумленна. Калі сказаць, што там ёсьць праўда, таксама будзе несумленна. Кожная група людзей, якія цікавяцца беларуска-расейскімі дачыненьнямі, спрабавала праецыраваць праз асобу пасла... Тым больш вы ведаеце, што вельмі доўга працаваў ранейшы пасол, тэма не была актуалізаваная ў Беларусі... Скажу шчыра, што больш было нэгатыву. Дык вось самае галоўнае, што я хацеў сказаць публічна: не дачакаюцца!»


Паводле Аляксандра Лукашэнкі, кандыдатуру Бабіча ён неаднаразова абмяркоўваў асабіста з Уладзімірам Пуціным.

«Я гэта ня ўтойваю — мы абмяркоўвалі, прытым неаднаразова, вашу кандыдатуру, — сказаў Лукашэнка. — Прэзыдэнт вельмі шмат мне расказваў. І мы вельмі цьвёрда дамовіліся, што, надзяляючы пасла Расеі дадатковымі паўнамоцтвамі, а яны вельмі маштабныя, у беларуска-расейскіх стасунках, перш за ўсё ў сфэры эканомікі, чаго раней не бывала, прэзыдэнт Расеі зьвяртае ўвагу ўсіх, што Беларусь — гэта найважнейшая сёньня краіна, зь якой Расея будзе выстройваць адносіны».

Міхаіл Бабіч
Міхаіл Бабіч


Аляксандр Лукашэнка ў размове з Міхаілам Бабічам таксама адзначыў, што народ Беларусі бачыць у Расеі блізкага саюзьніка.


«Непахісна адно, і вы гэта ведаеце: мы сувэрэнная і незалежная краіна, — сказаў Лукашэнка. — Калі ўжо шчыра казаць, ня толькі дзякуючы памкненьням нашага народу мы сталі сувэрэннай і незалежнай дзяржавай. Гэтага хацела Расея і тагачаснае кіраўніцтва Расеі. Цяперашняе кіраўніцтва заяўляла пра пераемнасьць курсу. У XXI стагодзьдзі гаварыць пра інкарпарацыю, уключэньне Беларусі ў склад Расеі проста сьмешна. І я ні разу ад цяперашняга прэзыдэнта Расеі гэтага не чуў, і мінулага, першага прэзыдэнта Расеі».


У сваю чаргу Міхаіл Бабіч адзначыў, што адчувае сябе ў Беларусі ўтульна.

«Зь першых дзён адчуў і ўвагу, і жаданьне ўсіх калег зрабіць так, каб пэрыяд уваходжаньня ў абстаноўку быў як мага больш кароткім і эфэктыўным, — сказаў Бабіч. — Эфэктыўнасьць — гэта тое, які тэмп вы з Уладзімірам Уладзіміравічам задалі нам. Таму што частата, глыбіня і сыстэмнасьць вашых сустрэч, нават за апошнія паўтара месяца, не дае нам расслабляцца. Гэты тэмп мы стараемся напоўніць рэальным зьместам», — сказаў пасол.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG