Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што стаіць за атакамі расейскіх мэдыя на Беларусь?


Ілюстрацыйнае фота. Прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка і прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін

Радыкальныя зьмены ў расейскай замежнай палітыцы паўплывалі на стаўленьне Расеі да Беларусі.

Расейскія выданьні «Росбалт» і «Коммерсант» выступілі з чарговымі алярмісцкімі прагнозамі адносна лёсу Беларусі і Аляксандра Лукашэнкі. Калі б гэта была разавая публікацыя, то на яе, можа, ня варта было б зьвяртаць увагі.

Але апошнім часам такія публікацыі ў расейскіх мэдыя пайшлі валам, адна страшнейшая за другую. Галоўны іх сэнс палягае ў тым, што зь Беларусьсю адбываецца нешта ня так, яна ідзе па шляху Ўкраіны, зь ёй трэба нешта тэрмінова рабіць.

Ня думаю, што гэта мэтанакіраваная інфармацыйная атака на Лукашэнку, інсьпіраваная Крамлём. Што такое сапраўдная мэдыйная вайна, мы добра бачылі ў 2010 годзе, калі па НТВ паказвалі сэрыял пад назвай «Хросны Бацька». Хоць сам Лукашэнка на гэтыя публікацыі рэагуе вельмі нэрвова, увесь час іх узгадвае, я ўсё ж ня думаю, што гэта такі арганізаваны зьверху мэханізм ціску.

Часткова такія публікацыі апошняга часу сталі рэакцыяй на прызначэньне новага амбасадара Расеі ў Беларусі Міхаіла Бабіча, чалавека з большым статусам і палітычнай вагой. Але менавіта толькі часткова.

Адкуль увогуле зьявілася ўяўленьне, што зь Беларусьсю нешта ня так і зь ёй трэба штосьці тэрмінова рабіць? Беларусь моцна зьмянілася — ці Расея?

Па вялікім рахунку, Беларусь зьмянілася нязначна. Палепшыліся адносіны з Эўразьвязам? Дык, насамрэч, усяго толькі нармалізаваліся.

Менск не падтрымаў вайну РФ супраць Украіны? Дык ніхто з саюзьнікаў па АДКБ не падтрымаў. І афіцыйная пазыцыя Крамля ў пытаньні вайны ў Данбасе тая, што «нас там нет».

Насамрэч за час пасьля Крыму моцна памянялася Расея. І гэтыя публікацыі на беларускую тэму — адлюстраваньне настрояў расейскага грамадзтва і эліты, якія зьмяніліся. Псыхалягічна сёньня соцыюм РФ жыве ў стане вайны, крэпасьці ў аблозе. Расейскае грамадзтва кіруецца прынцыпам: хто ня з намі, той супраць нас. Таму беларускі нэўтралітэт успрымаецца вельмі хваравіта.

Тым большае абурэньне ў Расеі выклікае тая акалічнасьць, што Беларусь — ня проста саюзьнік. Гэта краіна, якой РФ аказвае вялікую эканамічную дапамогу. Расейцы лічаць, што васал, якога мы кормім, павінен быць паслухмяны. Бо непаслухмяны нахлебнік — гэта нонсэнс.

З свайго боку, Лукашэнка прыйшоў да высновы, што падчас вайны саюзьніцтва каштуе больш, чым у мірны час. Таму, маўляў, калі хочаце большай ляяльнасьці, то яна цяпер каштуе даражэй. Вось і ідзе торг. Хоць фармальна Менск і Масква таргуюцца за газ і нафту, насамрэч яны спрачаюцца пра кошт саюзьніцтва.

Урэшце, насуперак алярмісцкім прагнозам, я ня думаю, што ў двухбаковых адносінах нешта моцна памяняецца. У Масквы няма іншых варыянтаў, як па-ранейшаму аказваць значную эканамічную падтрымку Беларусі. Бо калі гэтага не рабіць, то, па-першае, Менск можа знайсьці іншага саюзьніка. Па-другое, каляпс беларускай эканомікі нявыгадны Расеі. Бо гэта падарве давер да важнага расейскага геапалітычнага праекту — Эўразійскага эканамічнага саюзу.

Аўтар Дзьмітрый Дрызе ў выданьні «Коммерсант» свой артыкул назваў так: «Масква стамілася ад Лукашэнкі». Ён мяркуе, што Крэмль сасьпеў для таго, каб замяніць цяперашняга беларускага лідэра на іншага, больш паслухмянага. Але гэта наўрад ці. Бо гвалтоўная зьмена лідэра ў аўтарытарным рэжыме пэрсаналісцкага тыпу — гэта вялікая рызыка. Яна выкліча ў краіне дэстабілізацыю, а хаосам кіраваць нельга. Можна атрымаць вынік, супрацьлеглы жаданаму.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG