Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін прызначыў амбасадарам у Беларусі Міхаіла Бабіча, ад якога адмовіўся Кіеў


Міхаіл Бабіч, архіўнае фота

Указ Уладзіміра Пуціна аб прызначэньні Міхаіла Бабіча афіцыйна апублікаваны на расейскім прававым партале. Бабіч таксама прызначаны адмысловым прадстаўніком па разьвіцьці гандлёва-эканамічнай супрацы зь Беларусьсю.

Аляксандар Сурыкаў асобным указам вызвалены з пасады амбасадара. Таксама зьменены пастаянны прадстаўнік Расеі пры статутных і іншых органах СНД у Менску — замест Андрэя Шведава пасаду заняў Андрэй Грозаў.

Аб прызначэньні было абвешчана пасьля больш як месяца чутак і на другі дзень пасьля сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з Пуціным у Сочы — пры тым, што Лукашэнка казаў, што едзе туды «адцягнуцца ад штодзённых, прэзыдэнцкіх праблемаў».

Праўда, ва ўказе Бабіч прызначаны амбасадарам у краіну, якой няма: у «Республику Белоруссию», хоць афіцыйная назва краіны на расейскай мове — Республика Беларусь.

У Міністэрстве замежных справаў Свабодзе пацьвердзілі, што на прызначэньне Бабіча быў дадзены агрэман беларускага боку.

Камэнтуючы прызначэньне Бабіча адначасова спэцыяльным прадстаўніком прэзыдэнта Расеі па разьвіцьці гандлёва-эканамічнай супрацы зь Беларусьсю, прэсавы сакратар МЗС Анатоль Глаз сказаў Свабодзе, што «гэта не зьяўляецца нечым экстраардынарным у сусьветнай практыцы, такія выпадкі бываюць». Ці былі такія прыклады ў беларускай дыпляматычнай гісторыі, прэс-сакратар паабяцаў высьветліць.

Міхаіл Бабіч займаў пасаду паўнамоцнага прадстаўніка прэзыдэнта РФ у Прыволскай фэдэральнай акрузе Бабіч з 15 сьнежня 2011 году. Ён кандыдат эканамічных навук, член партыі «Адзіная Расея». Быў старшынём ураду Чачэнскай Рэспублікі зь лістапада 2002 году па люты 2003-га.

Пасьля звальненьня амбасадара Расеі ва Ўкраіне ў ліпені 2016 году разглядалася пытаньне аб прызначэньні Бабіча на гэтую пасаду, але яго кандыдатуру не зацьвердзіў МЗС Украіны. Адна з прычынаў адмовы была ў тым, што як сябра Савету бясьпекі РФ Бабіч у 2014 годзе прымаў удзел у рашэньні ўвесьці ў Крым расейскіх вайскоўцаў.

Акрамя таго, украінскія палітолягі адзначалі, што Міхаіл Бабіч «раней быў вайсковым дэсантнікам, падчас чачэнскай вайны кіраваў урадам рэспублікі, працаваў у ФСБ».

Экспэрты ў Кіеве заяўлялі, што «Бабіч, біяграфія якога зьвязаная з савецкім КДБ і расейскай ФСБ», — «прафэсійны дывэрсант» і «клясычны кандыдат Крамля для ўзаемадзеяньня з сэпаратыстамі ў Данбасе дзеля арганізацыі сілавых апэрацый».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG