Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што вядома пра Міхаіла Бабіча, новага амбасадара Расеі ў Беларусі


Новым амбасадарам Расеі ў Беларусі 24 жніўня быў прызначаны Міхаіл Бабіч. Чуткі аб прызначэньні хадзілі больш за месяц, да таго ад Бабіча ў якасьці расейскага амбасадара адмовілася Ўкраіна.

На 29 гадоў маладзейшы за папярэдняга амбасадара. Былы амбасадар Аляксандар Сурыкаў займаў пасаду больш за 12 гадоў, быў зьняты зь яе ва ўзросьце 78 гадоў.

49-гадовы Міхаіл Бабіч нарадзіўся ў Разані. Жанаты, мае траіх дзяцей. Сябра партыі «Единая Россия».

Шмат дзе вучыўся

Кандыдат эканамічных навук. Скончыў Разанскую вышэйшую вайсковую камандную вучэльню сувязі, у 1998 годзе — юрыдычны факультэт Маскоўскага інстытуту эканомікі, мэнэджмэнту і права, у 2000 годзе — Дзяржаўную акадэмію кіраваньня, у 2005 годзе — факультэт перападрыхтоўкі і падвышэньня кваліфікацыі Вайсковай акадэміі Генэральнага штабу Ўзброеных Сілаў РФ.

Ваяваў, кіраваў урадам Чачні

У 1986–1995 гадах праходзіў службу на камандных пасадах у Паветрана-дэсантных войсках і войсках КДБ СССР, браў удзел у баявых дзеяньнях, даслужыўся да палкоўніка.

У 1995–1998 гадах кіраваў вайсковым канцэрнам «Антей», што вырабляе зброю для проціпаветранай абароны. Затым зьмяніў некалькі пасадаў на грамадзянскай службе. У 1998–1999 гадах кіраваў кампаніяй «Росмясторг» — украінскія СМІ любяць згадваць ягоную тагачасную мянушку «мясьнік».

Быў старшынём ураду Чачэнскай Рэспублікі зь лістапада 2002 году па люты 2003-га. З гэтай пасады быў прызначаны памочнікам міністра эканомікі. Пасаду паўнамоцнага прадстаўніка прэзыдэнта РФ у Прыволскай фэдэральнай акрузе Бабіч займаў з 15 сьнежня 2011 году.

Уводзіў войскі ў Крым — таму ад яго адмовілася Ўкраіна

Пасьля звальненьня амбасадара Расеі ва Ўкраіне Міхаіла Зурабава ў ліпені 2016 году разглядалася пытаньне аб прызначэньні Бабіча на гэтую пасаду, але яго кандыдатуру не зацьвердзіў МЗС Украіны. Адна з прычын адмовы была ў тым, што як сябра Савету бясьпекі РФ Міхаіл Бабіч у 2014 годзе прымаў удзел у рашэньні ўвесьці ў Крым расейскіх вайскоўцаў.

Акрамя таго, украінскія палітолягі адзначалі, што Міхаіл Бабіч «раней быў вайсковым дэсантнікам, падчас чачэнскай вайны кіраваў урадам рэспублікі, працаваў у ФСБ». Экспэрты ў Кіеве заяўлялі, што «Бабіч, біяграфія якога зьвязаная з савецкім КДБ і расейскай ФСБ», — «прафэсійны дывэрсант» і «клясычны кандыдат Крамля для ўзаемадзеяньня з сэпаратыстамі ў Данбасе дзеля арганізацыі сілавых апэрацый».

Менск пагадзіўся не адразу

Перавод Бабіча на дыпляматычную працу ў Менск у расейскіх палітычных колах называецца прызначэньнем «апаратна ўплывовага чалавека на стратэгічна важны кірунак». Палітолягі адзначаюць, што Бабіч — «чалавек з высокім узроўнем даверу прэзыдэнта Расеі», і прызначэньне яго амбасадарам у краіну — найбліжэйшую саюзьніцу Расеі было б цалкам лягічным.

Таксама ў Расеі казалі, што «Бабіча прызначаюць, каб не дазволіць беларускага Майдану». У Беларусі яго называлі «амбасадарам раздору».

Больш за месяц прайшоў ад паведамленьня расейскіх СМІ аб тым, што «Масква вызначылася з кандыдатурай амбасадара» да ўласна прызначэньня. Сьцьвярджалася нават, што афіцыйны Менск не хацеў пагаджацца на кандыдатуру Бабіча, а Міністэрства замежных справаў Беларусі спачатку казала, што не атрымлівала запыт на прызначэньне (агрэман), пасьля адмаўлялася камэнтаваць справу з агрэманам.

Чуткі аб прызначэньні Бабіча амбасадарам у Беларусь пачалі цыркуляваць за паўтара месяца да прызначэньня. Найбольш актыўна іх распаўсюджваў ананімны канал «Незыгарь» (беларускі блогер Эдуард Пальчыс заявіў, што правёў экспэрымэнт, які паказаў: канал публікуе што заўгодна ад каго заўгодна без праверкі зьвестак).

Прызначаны ў няісную дзяржаву

Ва ўказе Бабіч прызначаны амбасадарам у краіну, якой няма: у «Республику Белоруссию», хоць афіцыйная назва краіны на расейскай мове — Республика Беларусь.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG