Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Бабіча прызначаюць, каб не дазволіць беларускага Майдану». Расейскія палітолягі пра будучага амбасадара


Міхаіл Бабіч
Міхаіл Бабіч

Камітэт Дзярждумы ў справах СНД і камітэт Савету Фэдэрацыі ў міжнародных справах падтрымалі кандыдатуру Міхаіла Бабіча на пасаду амбасадара Расеі ў Беларусі. Свабода пацікавілася ў расейскіх палітолягаў, чаму менавіта Бабіча Масква пасылае ў Менск.

49-гадовы Бабіч цяпер працуе паўнамоцным прадстаўніком прэзыдэнта Расеі ў Прыволскай фэдэральнай акрузе.

Паводле «РИА Новости», цяпер Бабіч чакае праходжаньня апошніх фармальнасьцяў для прызначэньня амбасадарам у Беларусь.

Прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Анатоль Глаз на мінулым тыдні паведаміў Свабодзе, што запыт агрэману на прызначэньне новага амбасадара Расеі ў беларускі МЗС не паступаў.

Амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў
Амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў

З 2006 году амбасаду РФ у Беларусі ўзначальвае 77-гадовы Аляксандар Сурыкаў.

Міхаіл Бабіч раней служыў у дэсанце (мае званьне палкоўніка ПДВ) і войсках КДБ СССР, браў удзел у баявых дзеяньнях. Кіраваў дзяржкарпарацыяй «Антэй».

Зь лістапада 2002-га па люты 2003-га быў старшынём ураду Чачэнскай Рэспублікі, калі там заканчвалася вайсковая апэрацыя.

Цяпер ён зьяўляецца паўнамоцным прадстаўніком прэзыдэнта Расеі ў Прыволскай фэдэральнай акрузе. Ён кандыдат эканамічных навук, сябра партыі «Адзіная Расея».

У ліпені 2016 году разглядалася пытаньне аб прызначэньні Бабіча амбасадарам Расеі ва Ўкраіне, але ягоную кандыдатуру не зацьвердзіў МЗС Украіны.

Адна з прычын адмовы ў тым, што як сябра Савету бясьпекі РФ Міхаіл Бабіч у 2014 годзе браў удзел у рашэньні ўвесьці ў Крым расейскія войскі.

Экспэрты ў Кіеве заяўлялі, што «Бабіч, біяграфія якога зьвязаная з савецкім КДБ і расейскай ФСБ», — «прафэсійны дывэрсант».

Беларусь — Расея: ход амбасадарам

Як расейскія палітолягі ацэньваюць шанцы Міхаіла Бабіча стаць амбасадарам у Беларусі, ці пагодзіцца зь ягонай кандыдатурай беларускі бок?

Паводле маскоўскага палітоляга Кірыла Коктыша, пачатак слуханьняў у парлямэнце азначае, што кансультацыі вяліся і адказы атрыманыя.

Кірыл Коктыш
Кірыл Коктыш

«Калі б гэтых кансультацый не вялося, то не пайшоў бы працэс зацьвярджэньня і слуханьняў у парлямэнце. Бо звычайна ўсе такія рэчы робяцца адначасова, каб ніхто ня трапіў у няёмкую сытуацыю. Вось учора былі тэлефонныя перамовы Лукашэнкі і Пуціна. Магчыма, што гэтае пытаньне таксама закраналася. Гэта ж няцяжка патэлефанаваць. Гэта куды таньней, чым калі потым адзін ці другі бок трапіць у няёмкую сытуацыю. Я думаю, што атрыманыя адказы дазволілі працэсу рухацца далей».

У адрозьненьне ад Украіны, Беларусь, хутчэй за ўсё, не адмовіцца ад кандыдатуры Бабіча на пасаду амбасадара, мяркуе праўладны расейскі палітоляг Сяргей Маркаў. Ён кажа, што Аляксандар Лукашэнка не баіцца Міхаіла Бабіча.

«У той жа час у Лукашэнкі складаныя стасункі з расейскім кіраўніцтвам, і таму ён можа праявіць свавольства і заблякаваць гэтае прызначэньне. А можа задзейнічаць Міхаіла Бабіча ва ўмацаваньні палітычнай стабільнасьці Беларусі і недапушчэньні дзяржаўнага перавароту на ўзор украінскага Майдану».

Сяргей Маркаў
Сяргей Маркаў

У прызначэньні Бабіча не сумняваецца палітоляг, кіраўнік «Палітычнай экспэртнай групы» Канстанцін Калачоў.

«З улікам характару дачыненьняў Беларусі і Расеі пэнсіянэры там не патрэбны. Там патрэбны дзейны, актыўны чалавек, які выконвае ўстаноўкі прэзыдэнта і адыгрывае ролю прамой лініі сувязі. Я ня думаю, што Бабіч будзе займацца падрывам беларускай дзяржаўнасьці».

А палітоляг Яўген Мінчанка кажа, што пакуль ёсьць толькі чуткі, якія тыражуюць СМІ.

«Былі ўцечкі, што кандыдатура Бабіча прапанаваная і што яна разгледжана профільнымі камітэтамі Дзярждумы. Але цяпер трэба чакаць афіцыйнага паведамленьня».

Масква хоча прызначыць у Менск амбасадара, ад якога адмовіліся ў Кіеве

Чаму менавіта Міхаіла Бабіча прапануе расейскі бок у якасьці свайго амбасадара ў Беларусі?

Палітоляг Канстанцін Калачоў сказаў, што асабіста знаёмы зь Міхаілам Бабічам. Ён мяркуе, што Бабіча ў Беларусь прызначаюць ня проста так. Бо стасункі Беларусі і Расеі «відавочна буксуюць, ходзяць па замкнутым коле, яны не бязвоблачныя, асабліва ў пытаньнях эканамічных».

«Бабіч — чалавек арганізаваны, выканаўчы, па-ваеннаму дысцыплінаваны, жорсткі, але добры перамоўнік. У яго вельмі вялікі палітычны ўплыў і магчымасьць прамых выхадаў на прэзыдэнта Пуціна. То бок для дачыненьняў Расеі і Беларусі гэтае прызначэньне будзе мець станоўчую ролю. Так, ён можа быць жорсткім, але якраз такі стыль можа імпанаваць беларускаму кіраўніцтву. Яго ставяць, каб вырашыць праблемы, а не назапашваць іх далей».

Канстанцін Калачоў
Канстанцін Калачоў

Канстанцін Калачоў ня бачыць праблем у тым, што Міхаіл Бабіч не зьяўляецца кар’ерным дыпляматам.

«Калі б Бабіча прызначылі амбасадарам у ЗША ці ў Францыю, я зьдзівіўся б. А ў Беларусь — я ня зьдзіўлены, — кажа палітоляг. — Што да яго здольнасьці весьці перамовы, то ён узяў на сябе перамовы зь лідэрам Татарстану, калі паўсталі моўныя праблемы. І ўсё скончылася на радасьць усім. Недзе Татарстан здаў назад, але бяз стратаў для Мініханава».

Паводле Яўген Мінчанкі, Міхаіл Бабіч карыстаецца высокім даверам Уладзімера Пуціна і выконваў вельмі важныя заданьні, пачынаючы ад пасады старшыні ўраду Чачэнскай Рэспублікі. Таксама Бабіч «магутны лябіст».

Яўген Мінчанка
Яўген Мінчанка

«Я думаю, што задача, якую імаверна ставіць Уладзімір Пуцін перад будучым паслом, — павысіць якасьць інтэграцыі і эканамічнага ўзаемадзеяньня з Рэспублікай Беларусь — цалкам можа быць рэалізаваная гэтай фігурай».

Тое, што Бабіча называюць «прафэсійным дывэрсантам», Яўген Мінчанка назваў лухтой.

«Чалавек працаваў у КДБ і ФСБ, у буйных дзяржкарпарацыях, ён ўваходзіць у вышэйшае кіраўніцтва краіны цягам апошніх дзесяці гадоў, ну які ён прафэсійны дывэрсант?»

Не зрынаць, а дапамагаць Лукашэнку

Паводле Сяргея Маркава, звычайна пасада амбасадара зьяўляецца палітычнай пэнсіяй для вялікіх палітычных цяжкавагавікоў, аднак у выпадку з Бабічам інакш.

«Гэта прызначэньне дзеля таго, каб не зрынаць, а дапамагаць Аляксандру Лукашэнку. Вядома, што заходняя кааліцыя цяпер будзе спрабаваць адарваць Аляксандра Лукашэнку ад Расеі, а ў нейкі момант паспрабуе зрынуць Аляксандра Лукашэнку і ўчыніць беларускі Майдан. Вось не дазволіць Захаду ўчыніць беларускі Майдан супраць Лукашэнкі і навязаць народу Беларусі беларускую хунту і павінен дапамагчы Міхаіл Бабіч. Дзеля гэтай вялікай мэты ён і прызначаецца».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG