Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Блог 1863x заявіў, што прыдумаў апублікаваныя каналам «Незыгарь» чуткі пра Макея і Пазьняка


Аўтар блогу 1863x Эдуард Пальчыс, архіўнае фота

У беларускім блогу 1863x, які вядзе Эдуард Пальчыс, зьявіўся аповед пра тое, адкуль узяўся адзін з «інсайдаў» у расейскім блогу «Незыгарь». «Ледзь стрымліваючы рогат, мы сталі пісаць у духу камэдыйнай кансьпіралёгіі».

«Незыгарь» — адзін з самых папулярных палітычных каналаў у Telegram (160 тысяч падпісчыкаў), ад лютага 2016 году яго вядзе ананімны аўтар або група аўтараў. Адны кажуць, што каналам кіруе генэральны дырэктар агенцтва ТАСС Сяргей Міхайлаў, другія называюць іншыя імёны. Аўтар канала сам папярэджвае, што «зьвесткі патрабуюць дадатковай вэрыфікацыі». Канал часта піша пра Беларусь.

Што пісаў «Незыгарь» пра Пазьняка, Макея і Курапаты

У апошнім на момант публікацыі паведамленьні пра Беларусь «Незыгарь» піша пра лідэра КХП БНФ Зянона Пазьняка, які нібыта дапамагае міністру замежных спраў Беларусі Ўладзімеру Макею наладзіць замежныя кантакты, у тым ліку з амэрыканскай сям’ёй Клінтанаў. У адказ Макей нібыта «рэанімуе тэмы, якія гралі б у плюс Пазьняку і БНФ».

Уладзімер Макей, архіўнае фота
Уладзімер Макей, архіўнае фота

Паводле допісу «Незыгаря», у Беларусі цяпер «зноў загучала тэма Курапатаў», дзе «мясцовыя нацыяналісты сталі рабіць піяр на месцы нібыта сталінскіх расстрэлаў». Канал сьцьвярджае, што «ёсьць і іншыя вэрсіі, хто там расстрэльваў», хоць тыя вэрсіі раз за разам абвяргаліся сьледчымі ад 1990-х гадоў. Таксама канал сьцьвярджае, што на беларускай дзяржаўнай тэлевізіі ў сакавіку 2017 году пра Пазьняка казалі «ў станоўчым ключы», але сам Пазьняк тады застаўся незадаволены тым, як на ТВ скарысталі ягоныя словы.

«Паводле крыніцы, няма сумневаў, што лібэральная частка беларускіх чыноўнікаў (кіраўнік МЗС Макей і г.д.) такім чынам штучна, праз сваіх нацыяналістаў, разыгрываюць тэму Курапатаў, каб заручыцца падтрымкай Захаду і ЭЗ», — піша «Незыгарь» у час, калі беларуская дзяржаўная прэса выступае рэзка супраць абаронцаў Курапатаў.

Як 1863x гэта «ўкінуў»

У блогу 1863x сьцьвярджаецца, што «Незыгарь» проста прыняў ліст на адрас nzgnzg@protonmail.com, адказаў «мы чакаем падрабязнасьцяў» на тое, што аўтар «зьліву» называе «шчырай лухтой». Далей «ледзь стрымліваючы рогат, мы сталі пісаць у духу камэдыйнай кансьпіралёгіі, якая насьмешыць любога, хто сочыць за беларускімі рэаліямі», заяўляе 1863x.

Зянон Пазьняк, архіўнае фота
Зянон Пазьняк, архіўнае фота

Аўтар 1863x сьцьвярджае, што «пару запытаў у Google і лёгкі факт-чэкінг» выкрылі б фэйк у адасланай інфармацыі. Але яго ня толькі прыняў і апублікаваў «Незыгарь» — пастом падзяліліся і беларускі ананімны канал «Не БТ» (блог 1863x сьцьвярджае, што яго вядзе былы вядоўца БТ Канстантын Прыдыбайла), і суполка беларускай галіны расейскіх нэанацыстаў РНЕ.

Пры гэтым 1863x адзначае, што цяпер «паралельна зь «Незыгарам» Lenta.ru і Life.ru пачалі ўкідваць страшылкі пра тое, што ў Менску групы нацыяналістаў зьбіваюць людзей у майках ДНР, а сілавікі, маўляў, не ўзбуджаюць ніякіх крымінальных спраў».

«Незыгарь» — гэта сур’ёзна? Што гэты канал пісаў пра Беларусь і што з таго падобна да праўды

6 простых спосабаў адрозьніць фэйкавыя навіны ад сапраўдных

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG