Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка зьезьдзіў да Пуціна ў Сочы «адцягнуцца ад нашых штодзённых, прэзыдэнцкіх праблемаў»


Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы з Уладзімірам Пуціным 23 жніўня
Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы з Уладзімірам Пуціным 23 жніўня

Аляксандар Лукашэнка 22 жніўня прыехаў у расейскі горад Сочы на сустрэчу з Уладзімірам Пуціным. Прэс-служба Пуціна расказвае пра сустрэчу больш падрабязна за прэс-службу Лукашэнкі.

Было анансавана, што сустрэча з Уладзімірам Пуціным на ягонае запрашэньне ладзіцца, каб «падрабязна абмяркуюць шырокі спэктар пытаньняў» і «сусьветную павестку дня».

За два тыдні да сустрэчы Аляксандар Лукашэнка казаў, што «ў нас цяпер цяжкі пэрыяд, расейцы паводзяць сябе па-барбарску», «як быццам мы васалы ў іх». У нядзелю ён пераконваў, што «ня езьдзіць у Крэмль даваць справаздачы».

У Сочы Лукашэнка, калі сустрэўся з Пуціным, заявіў, што запрашэньне было на тое, каб «трохі адцягнуцца ад нашых праблемаў штодзённых, прэзыдэнцкіх».

Ён адзначыў, што намагаецца «пры кожным зручным выпадку» прыехаць у Сочы, дзе «побач за плотам шматок беларускай зямлі», каб «на тры-чатыры дні адысьці ад тых праблемаў, якія заўсёды назапашваюцца».

Лукашэнка дадаў, што праблемы не назапашваюцца ў тых кірунках, якія ёсьць між ім і Пуціным: маўляў, ёсьць тыя, якія рашаюцца хутка, а новыя за апошні час не зьяўляліся.

Буду рады, калі вы папоўніце мае веды ў пляне міжнародных адносінаў, вашых сустрэчаў, вашых уражаньняў
Лукашэнка — Пуціну

«Але, тым ня менш, гэтыя праблемы бяз нас ніхто ня вырашыць, — казаў ён. — І некаторыя праблемы і ня нашыя даводзіцца вырашаць, як у нас часта з вамі бывае. Таму сапраўды ёсьць пра што пагаварыць. І я буду рады, калі вы папоўніце мае веды ў пляне міжнародных адносінаў, вашых сустрэчаў, вашых уражаньняў і супольных дзеяньняў на міжнароднай арэне».

Пуцін жа сказаў, што «рады магчымасьці (...) паразмаўляць сам-насам, як кажуць, у пытаньнях, якія тычацца нашых двухбаковых і нашых праблемаў міжнароднага характару».

«Маю на ўвазе аб’яднаньні, дзе мы з вамі працуем супольна, — дадаў Пуцін. — І міжнародныя пытаньні шырэйшага характару».

Што за праблемы і што за пытаньні, ані Пуцін, ані Лукашэнка публічна не казалі.

Лукашэнка не пайшоў на самба з Пуціным

Сустрэча адбывалася напярэдадні турніру па самба «Плотформа S-70». Расейскія СМІ пісалі, што Пуцін і Лукашэнка наведаюць спаборніцтвы разам — пра гэта казаў у тым ліку прэс-сакратар Пуціна Дзьмітры Пяскоў. Ды Пуцін глядзеў самба адзін.

Пасьля турніру Пяскоў заявіў журналістам, што «нічога ня здарылася, у Лукашэнкі былі іншыя пляны, перамовы прайшлі вельмі добра».

***

Мінулы раз Лукашэнка сустракаўся з Пуціным месяц і тыдзень таму — таксама ў Сочы. З таго моманту, калі ня ўлічваць вусных заяваў Лукашэнкі пра «барбарства», «васальства» і «плявузганьне», мала што зьмянілася ў стасунках афіцыйных Менску і Масквы.

Так, працягнуліся «малочныя войны» (яны цяпер і «шампіньёнавыя»). Лукашэнка абвінаваціў у пастаўках санкцыйных прадуктаў у Расею менавіта расейцаў — «зь цяжкімі пагонамі». Масква тым часам хоча прызначыць у Менск амбасадарам Міхаіла Бабіча, ад якога адмовіліся ў Кіеве. З расейскага боку кандыдатуру ўхваляюць, але ці ўжо спыталі агрэману беларускага боку, невядома. Пачалі хадзіць чуткі, што Расея нібыта хоча скараціць пастаўкі нафты ў Беларусь.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG