Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь павялічыла імпарт расейскай нафты і нафтапрадуктаў, але Расея хоча скараціць пастаўкі


Нафтавыя спрэчкі Беларусі і Расеі набылі сыстэмны характар
Нафтавыя спрэчкі Беларусі і Расеі набылі сыстэмны характар

У першым паўгодзьдзі Беларусь істотна павялічыла імпарт нафтапрадуктаў, пастаўкі якіх Расея плянуе абмежаваць з чацьвёртага кварталу.

Як сьведчыць статыстыка, у студзені-чэрвені Беларусь імпартавала з Расеі тавараў на 11 млрд даляраў, пры гэтым палова імпарту прыпала на энэргетычныя рэсурсы, адзначае БелаПАН.

За першае паўгодзьдзе Беларусь імпартавала з Расеі 9,9 млн тон нафты на 3,4 млрд даляраў, 10 млрд кубамэтраў газу на 1,3 млрд даляраў і 2,1 млн тон нафтапрадуктаў на 0,8 млрд даляраў.

У параўнаньні зь першай паловай мінулага году аб’ём імпарту нафты і газу практычна не зьмяніўся. У той жа час імпарт расейскіх нафтапрадуктаў у Беларусь узрос у фізычным аб’ёме на 49,4%.

«Што да нафты, да канца году пытаньні збольшага ўрэгуляваныя, — адзначыла ў камэнтары Свабодзе экспэрт у энэргетыцы Тацяна Манёнак. — Але ёсьць нагода турбавацца наконт імпарту расейскіх нафтапрадуктаў. Дагэтуль Беларусь магла амаль неабмежавана іх імпартаваць, аднак Масква паставіла пытаньне, каб абмежаваць пастаўкі на ўзроўні патрэбаў унутранага рынку. Цяпер бакі якраз абмяркоўваюць, які аб’ём спажывае Беларусь. Натуральна, беларускія перамоўнікі будуць спрачацца, каб аб’ём падвысіць, расейскія — наадварот, каб зьменшыць».

Днямі Аляксандар Лукашэнка зьмяніў урад і прызначыў кіраўніка «Белнафтахіму» Ігара Ляшэнку віцэ-прэм’ерам, які замест Уладзімера Сямашкі будзе ў Савеце міністраў адказваць за паліўна-энэргетычны комплекс.

«Ігар Ляшэнка выдатна ведае нафтавую тэматыку, быў кіраўніком профільнага канцэрну, — кажа Тацяна Манёнак. — І калі Аляксандар Лукашэнка, прадстаўляючы новых віцэ-прэм’ераў, казаў, што Ляшэнка ў „камандзіроўцы“, пэўна, ён меў на ўвазе, што вядуцца перамовы аб пастаўцы нафтапрадуктаў у Беларусь. Расея занепакоеная тым, што аб’ёмы растуць, цалкам магчымы рээкспарт. А таму зьявілася нагода, каб умовы паставак перагледзець».

Паводле БелаПАН, з ініцыятывы расейскага боку падрыхтаванае рашэньне пра тое, што з чацьвёртага кварталу Расея абмяжуе пастаўкі нафтапрадуктаў у Беларусь і гатовая пастаўляць іх выключна для ўнутраных патрэбаў краіны. Акрамя таго, беларускія прадпрыемствы і дзяржаўныя органы мусяць абгрунтоўваць гэтыя патрэбы. Гэта зьвязана з тым, што Расея падазрае Беларусь у рээкспарце расейскіх нафтапрадуктаў.

Што да імпарту расейскай нафты, то, пагадненьне Эўразійскага эканамічнага саюзу прадугледжвае да 2024 году пастаўкі яе ў Беларусь у аб'ёме 24 мільёнаў тон у год.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG