Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка пра выбары, разносы і дачыненьні з Расеяй


Аляксандар Лукашэнка падчас прызначэньня новага ўраду ў суботу адрэагаваў на камэнтары ў мас-мэдыях і ў інтэрнэце пра прыманыя ім рашэньні. На мінулым тыдні ён даручыў сваёй прэс-службе і прэс-сакратарцы Натальлі Эйсмант «акумуляваць дробныя і буйныя заявы», на якія ён хоча адказаць тым, хто «спрабуе кінуць камень у агарод тых рашэньняў», якія ён прымае.

Прэзыдэнцкія выбары — не раней за 2020 год

Лукашэнка адзначыў, што некаторыя намякаюць на выбары і кажуць пра тое, што прынятыя ў суботу кадравыя рашэньні — гэта папулізм, паведамляе ягоная прэс-служба.

«Я, калі прачытаў, сам падумаў, а калі ў нас выбары прэзыдэнцкія? Аказваецца, у нас у 2020 годзе толькі тэрмін. Гэта яшчэ паўтэрміна. Які папулізм пад выбары? Гэта камусьці хочацца, каб выбары былі заўтра ці пасьлязаўтра. Але я ўжо на гэтае пытаньне адказваў. Выбары прэзыдэнцкія мы правядзем строга паводле канстытуцыі нашай краіны. У нас няма ніякай неабходнасьці сёньня ці заўтра наступных прэзыдэнцкіх выбараў і пад гэта разьвіваць нейкі папулізм. Дурасьць несусьветная!» — заявіў ён.

Вінаватыя сядуць

Рэагуючы на камэнтары ў мас-мэдыях, Лукашэнка адзначыў, што «некаторыя нашы грамадзяне занадта радыкальныя і раяць прэзыдэнту: „Саджаць за ўсіх трэба, а не звальняць“».

«Вінаватыя сядуць. Але ў краіне мусіць быць закон, і ўсё павінна быць паводле закону, — цытуе Лукашэнку ягоная прэс-служба. — І іх нямала ўжо пасадзілі — тых, хто парушае гэты закон. І гэты закон для ўсіх аднолькавы: і для чыноўнікаў , і для рабочых, і для сялян, для спэцыялістаў, настаўнікаў і лекараў... Усё будзе паводле закону... Але паверце, мне больш балюча, чым каму-небудзь. Таму што вы — мае „дзеці“», — заявіў Лукашэнка.

Нявыгадна мець такі ўрад, якому трэба ладзіць разнос

Адказаў Лукашэнка і на выказваньні, якія тычацца, паводле яго, «разносу» ўраду на нарадзе ў Аршанскім раёне 14 жніўня.

«Некаторыя кажуць, вось, прэзыдэнт зладзіў разнос. Нейкая паказальная лупцоўка, кадравыя чысткі, — цытуе Лукашэнку прэс-служба. — Ніякі разнос, ніякія чысткі прэзыдэнту нявыгадныя. Таму што ўрад фармуе прэзыдэнт. Так, ён кансультуецца, вывучае гэтыя кандыдатуры з грамадзкімі арганізацыямі... Але ўказ падпісвае прэзыдэнт у справе прызначэньня членаў ураду. І што, вы хочаце сказаць, што я прызначыў гэтых членаў ураду для таго, каб разнос зладзіць? Гэта значыць самому сабе. Таму прэзыдэнту ну ніяк ня выгадна мець такі ўрад, якому трэба ладзіць разнос».

Альтэрнатывы сыстэме няма

«Некаторыя глыбей глядзяць: „Гэта — прысуд сыстэме“. Значыць, сыстэма ўлады, палітыка ўнутры краіны ня тая, сыстэма дрэнная», — распавёў Лукашэнка пра некаторыя камэнтары.

«Гэта камусьці хочацца, каб быў такі прысуд сыстэме. Ці, як некаторыя кажуць: „Сыстэма пахіснулася“. Дык вось, гэтыя рашэньні як раз і прынятыя, каб сыстэма не пахіснулася», — цытуе беларускага кіраўніка яго прэс-служба.

Паводле Лукашэнкі, іншай сыстэмы ў Беларусі няма. «Альтэрнатывы ніхто не прапанаваў», — канстатаваў Лукашэнка.

Зноў трыадзіны народ

Адрэагаваў Лукашэнка і на камэнтары пра дэчыненьні з Расеяй і зьнешнюю палітыку Беларусі:

«Некаторыя, асабліва расейцы, „плявузгают“, інакш ня скажаш: „Лукашэнка хоча нешта паказаць або здацца Пуціну“. Слухайце, мы адзін аднаго ведаем, напэўна, больш за 20 гадоў. Мне што паказваць трэба Пуціну? Ён мяне ведае, як у народзе кажуць, як аблупленага. І я яго так сама ведаю. Што нам адзін аднаму яшчэ паказваць? Я ў Крэмль даваць справаздачы ня ежджу».

«Але чаго мы хочам ад Расеі? Калі Расея падпісала зь Беларусьсю дамову, пагадненьне, мы патрабуем, каб гэта бездакорна выконвалася, — заявіў ён. — І я адкрыта кажу, што мы ніколі ня зробімся васаламі ніводнай краіны. Ня трэба ад нас патрабаваць , як некаторыя пачынаюць ужо на злобу дня пісаць: „Трэба хутчэй Лукашэнку ўступіць у склад Расеі і Беларусь туды скінуць“.

Гэта будуць апошнія дні палітыка ў Беларусі, які прыме такое рашэньне. І навошта гэта ў сучасным сьвеце? Мы можам існаваць у саюзе з Расеяй і вырашаць нашы агульныя задачы без аніякіх праблемаў. Гэта самая блізкая нам краіна. Мы адзін народ фактычна, мы ад аднаго кораня — беларусы, расейцы і ўкраінцы», — лічыць Лукашэнка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG