Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Каб сыстэма не пахіснулася» — Лукашэнка зьмяніў кіраўніцтва ўраду


Сяргей Румас, архіўнае фота

Андрэя Кабякова замяніў Сяргей Румас, які раней узначальваў Банк разьвіцьця.

Аб прызначэньні Сяргея Румаса на пасаду прэм’ера ў суботу 18 жніўня паведаміла БелТА. Першым намесьнікам прэм’ер-міністра прызначаны Аляксандр Турчын, які раней узначальваў апарат Савета Міністраў. Намесьнікам прэмʼер-міністра прызначаны Ігар Ляшэнка, які павінен пераняць справы ва Уладзіміра Сямашкі. Раней Ляшэнка ўзначальваў «Белнафтахім».

Акрамя гэтага, намесьнікам новага прэмʼер-міністра прызначаны Уладзімір Кухараў (былы намесьнік старшыні КДК). Яшчэ адным намесьнікам Сяргея Румаса прызначаны ўжо былы амбасадар Беларусі ў Расеі Ігар Петрышэнка.

Акрамя перастановак у кіраўніцтве ўрада, Лукашэнка прызначыў шэраг новых міністраў. Міністрам архітэктуры і будаўніцтва стаў Дзьмітрый Мікулёнак, раней дырэктар «УКС Менгарвыканкаму», міністрам прамысловасьці — Павал Уцюпін, які быў намесьнікамі міністра эканомікі, міністрам сувязі і інфарматызацыі — Канстанцін Шульган, які да гэтага часу быў намесьнікам кіраўніка Апэратыўна-аналітычнага цэнтру пры прэзыдэнце. Міністэрства эканомікі ўзначаліць былы намесьнік міністра эканомікі Дзьмітрый Круты, старшынём Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта прызначаны Раман Галоўчанка, які да гэтага быў амбасадарам у Аб’яднаных Арабскіх Эміратах.

Тым часам у Беларусі тры з паловай месяцы няма міністра энэргетыкі, пасьля таго як у траўні быў звольнены з гэтай пасады Ўладзімер Патупчык.

«Чыніць дыктатуру ў Беларусі нерэальна», — Лукашэнка

«Мы жывем у дэмакратычнай краіне, — заявіў Аляксандар Лукашэнка. — Пры тым заціснутыя двума дэмакратычнымі блёкамі з захаду і з усходу. На поўдні ў нас наогул дэмакратыя далей няма куды. І чыніць нейкую дыктатуру ў Беларусі — гэта проста нерэальна. І тыя, хто падобныя рэчы заяўляе, — гэта сьмешна. Але парадак у краіне заўсёды быў, і ён будзе».

Абвяшчаючы кадравыя перастаноўкі, Лукашэнка адзначыў, што ў парадку дня гэтыя пытаньні стаялі даўно.

Гэта камусьці хочацца, каб быў такі прысуд сыстэме

«Ня можа быць ніякіх рознагалосьсяў і розначытаньняў у правядзеньні курсу разьвіцьця нашай краіны, — сказаў кіраўнік Беларусі. — А ў нас ва ўрадзе, ня буду называць прозьвішчы, было так: давайце мы вось курс гэты заявім, а потым будзем праводзіць іншы курс (у іншых жа краінах так робіцца). Так у мяне ніколі не было і ня будзе! Тое, што мы людзям абяцалі, а ўрад быў створаны менавіта пад гэты курс, той курс павінен і праводзіцца. і галоўнае ў нашай палітыцы — народ».

Лукашэнка прывёў прыклад камэнтароў да яго рашэньняў: «Некаторыя глыбей глядзяць: "Гэта — прысуд сыстэме". Гэта значыць сыстэма ўлады, палітыка ўнутры краіны ня тая, сыстэма дрэнная, — цытуе прэзыдэнта БелТА. — Гэта камусьці хочацца, каб быў такі прысуд сыстэме. Ці, як некаторыя кажуць: "сыстэма пахіснулася". Дык вось гэтыя рашэньні як раз і прынятыя, каб сыстэма не пахіснулася».

Паводле яго слоў, іншай сыстэмы ў Беларусі няма, і альтэрнатывы ніхто не прапанаваў.

Вострую незадаволенасьць працай ураду кіраўнік краіны выказаў падчас нядаўняга візыту ў Воршу. На нарадзе 14 жніўня, прысьвечанай разьвіцьцю Аршанскага раёну, Лукашэнка даручыў унесьці прапановы аб заменах ва ўрадзе і знайсьці замену старшыні Аршанскага райвыканкама.

Саўка ды Грышка пра крыкі Лукашэнкі
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:19 0:00

Па выніках нарады Анатоль Чорны і Віталь Воўк былі вызваленыя ад пасадаў міністра архітэктуры і будаўніцтва і міністра прамысловасьці адпаведна. Старшыня Аршанскага райвыканкаму Аляксандр Пазьняк быў вызвалены ад пасады.

Адразу пасьля прызначэньня Сяргей Румас распавёў пра задачы, пастаўленыя перад ім Лукашэнкам.

«Сёньня ўсе праграмныя дакумэнты на пяцігодку, якія неабходныя для работы ўрада і ўстойлівага функцыянаваньня эканомікі, прынятыя, — цытуе новага прэм’ер-міністра БелТА. — І зьменены склад урада будзе па ім працаваць. Першае — дысцыпліна. Напэўна, не сакрэт, што прычынай кадравых зьмяненьняў ва ўрадзе зьявіліся пытаньні, якія выявіліся ў Оршы, і цэлы шэраг іншых. Кіраўнік дзяржавы пачаў з гэтага — пытаньні дысцыпліны, прыстойнасьці і пытаньні дабрабыту людзей. Што да апошняга, кіраўнік дзяржавы падрабязна спыніўся на гэтым. І рост дабрабыту людзей будзе зьяўляцца асноўнай ацэнкай працы абноўленага складу ўрада».

Ці ведаюць беларусы свой урад? ВІДЭА
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:01 0:00

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG