Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцэ-прэм’еры Турчын, Кухараў, Ляшэнка і Петрышэнка. Хто яны?

абноўлена

Дом ураду.
Дом ураду.

Новы прэм’ер Сяргей Румас — адносна вядомы дзяяч, ён быў віцэ-прэм’ерам. А вось ягоныя намесьнікі менш вядомыя ў беларускай публічнай прасторы. Самае важнае, што трэба ведаць пра новых віцэ-прэм’ераў Беларусі.

Эканаміст і «вэртыкальнік» Турчын

Аляксандар Турчын
Аляксандар Турчын

Першым намесьнікам прэм’ер-міністра прызначаны Аляксандар Турчын. Дагэтуль ён кіраваў апаратам Савету міністраў. Эканаміст, кандыдат эканамічных навук. Да 2016 году працаваў памочнікам прэзыдэнта — галоўным інспэктарам па Гомельскай вобласьці.

Нарадзіўся ў Наваградку ў 1975 годзе, закончыў Беларускі дзяржаўны эканамічны ўнівэрсытэт і Акадэмію кіраваньня пры прэзыдэнце.

Працаваў дырэктарам крамы ў калгасе «Авангард» у Наваградзкім раёне, у падатковых і рэвізійных органах Горадзенскай вобласьці. Пазьней кіраваў Карэліцкім райвыканкамам і быў намесьнікам старшыні Менскага аблвыканкаму, калі яго ўзначальваў Сямён Шапіра.

Пад час навуковай канфэрэнцыі ў Інстытуце эканомікі восеньню 2017 году Турчын выступаў за лібэральныя падыходы і рэфармаваньне эканомікі. У інтэрвію дзяржаўным СМІ падтрымліваў разьвіцьцё дробнага бізнэсу, прадпрымальніцтва і разьняволеньне дзелавой ініцыятывы.

Замяніў на пасадзе Васіля Мацюшэўскага, які лічыўся блізкім да сям’і Лукашэнкі.

Нафтавік Ляшэнка

Ігар Ляшэнка
Ігар Ляшэнка

Ігар Ляшэнка будзе курыраваць ва ўрадзе прамысловасьць, энэргетыку, усё, чым раней займаўся Ўладзімер Сямашка.

Нарадзіўся ў 1974 годзе ў Грузіі, закончыў эканамічны факультэт Гомельскага ўнівэрсытэту. 17 год адпрацаваў на Гомельскім хімзаводзе, у тым ліку дырэктарам. У 2013 годзе быў прызначаны першым намесьнікам кіраўніка канцэрту «Белнафтахім», у 2014-м — яго старшынёй.

Кантралёр Кухараў

Уладзімер Кухараў
Уладзімер Кухараў

Намесьнік прэм’ер-міністра Ўладзімер Кухараў будзе курыраваць ва ўрадзе будаўніцтва, ЖКГ, транспарт.

Ён дагэтуль быў намесьнікам старшыні Камітэту дзяржаўнага кантролю Беларусі, да 2016 году быў першым намесьнікам старшыні Менскага гарвыканкаму, адказваў за будаўніцтва і ЖКГ.

Нарадзіўся ў 1972 годзе ў вёсцы Ціманава Клімавіцкага раёне Магілёўскай вобласьці, вучыўся на гісторыка ў Магілёўскім пэдінстытуце імя Куляшова, які ў свой час закончыў і Аляксандар Лукашэнка, а таксама ў прыватным Інстытуце правазнаўства і ў Акадэміі кіраваньня. З 1999 году працаваў у Дзяржаўным кантролі. Да гэтага быў дырэктарам у школах.

Замяніў на пасадзе віцэпрэм'ера Анатоля Калініна.

Дыплямат Петрышэнка

Ігар Петрышэнка
Ігар Петрышэнка

Ігар Петрышэнка нарадзіўся ў 1965 годзе ў Веткаўскім раёне Гомельскай вобласьці, закончыў у 1986 годзе Віленскае вучылішча радыёэлектронікі і войск СПА.

10 год (1986–1996) служыў у войску. У 1996 прыйшоў на працу ў апарат ураду, адказваў там за супрацоўніцтва з Расеяй і СНД.

У 2003 перайшоў на працу ў МЗС, стаў начальнікам упраўленьня Расеі і Саюзнай дзяржавы. У 2003 — 2007 гадах быў дарадцам амбасады Беларусі ў Расеі, з 2008 па 2012 год працаваў першым намесьнікам міністра замежных спраў.

Апошнія 6 гадоў быў амбасадарам у Расеі. Выступаў за пашырэньне інтэграцыі Беларусі і Расеі, разбудову органаў так званай Саюзнай дзяржавы.

Будучы амбасадарам, Петрышэнка казаў:

«А што было б, калі б не было Саюзнай дзяржавы, усяго таго, што мы толькі што пералічылі, да чаго прывыклі і ставімся як да самога сабе зразумелага? Не было б і блізкага братняга пляча, на якое можна абаперціся падчас працы ў міжнародных структурах. Не было б вытворчых, каапэрацыйных ланцужкоў, тавары былі б даражэй. Таму я лічу, што ўсе грамадзяне Беларусі і Расеі, кожны на сваім месцы, павінны актыўна працаваць над поўнай рэалізацыяй гэтага ўнікальнага праекту».

Петрышэнка будзе адказваць за сацыяльную сфэру, ахову здароўя, адукацыю, культуру і спорт, замяніў на пасадзе блізкага да сям’і Лукашэнкі Васіля Жарко.

Выглядае, што віцэ-прэм'ера Міхаіла Русага, які адказваў ва ўрадзе за сельскую гаспадарку, Лукашэнка не памяняў.

Ці ведаюць беларусы свой урад? ВІДЭА
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:01 0:00

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG