Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці прыйдзе ў Беларусь расейскі «воўк»?


Такое пытаньне ставіць у сваім відэаблогу «Вэртыкаль улады» амэрыканскі палітычны аналітык Брайян Уітмар.

Брайян Уітмар
Брайян Уітмар

Ён прыгадвае старую казку пра хлопчыка-пастушка, які часта палохаў аднавяскоўцаў крыкамі «Воўк, воўк!». Тыя спачатку палохаліся, потым прызвычаіліся, перасталі зьвяртаць увагу. Не зьвярнулі і тады, калі воўк па пастушка сапраўды прыйшоў.

Уітмар прыгадвае, што прагнозы наконт таго, што Расея далучыць да сябе Беларусь, гучаць з 90-х гадоў. Гучаць ужо чвэрць стагодзьдзя, дагэтуль не далучыла, дагэтуль расейскі «воўк» так і не прыйшоў.

Але менавіта зараз ён можа і прыйсьці — мяркуе Ўітмар.

Ваўчыны подых

Якія аргумэнты ён прыводзіць на карысьць гэтага меркаваньня? Расейскі тэлеграм-канал «Незыгарь» піша пра анэксію, пра стварэньне новага СССР — Саюзу сувэрэнных славянскіх рэспублік, як пра справу ледзь не вырашаную. Такі ж прагноз дае і аглядальнік малавядомага выданьня «Расейскі манітор» Віктар Ларыёнаў.

Акрамя размоваў, прагнозаў, ёсьць і факты — напрыклад, прызначэньне паслом РФ у Беларусь прафэсійнага спэцслужбіста Міхаіла Бабіча.

Міхаіл Бабіч і Аляксандар Лукашэнка
Міхаіл Бабіч і Аляксандар Лукашэнка

Фактам зьяўляецца і ўразьлівасьць абароны NATO на так званым «сувалскім калідоры», вузкім прамежку паміж Беларусьсю і Калінінградзкай вобласьцю РФ. Уітмар спасылаецца на нядаўна апублікаваны даклад ​яго калегаў Януша Бугайскага і Бэна Ходжэса, які прысьвечаны якраз небясьпецы Сувалскага калідору.

Удар расейскіх сілаў празь калідор з гіпатэтычнага беларускага пляцдарму адрэзаў бы краіны Балтыі ад астатніх краінаў NATO і зрабіў бы вельмі складанай справай абарону, а пры патрэбе і вызваленьне краінаў Балтыі ад расейскай агрэсіі.

Сьпіс размоваў-прагнозаў-сцэнароў, прапанаваны Ўітмарам, можна і пашырыць: былы дарадца Пуціна Андрэй Іларыёнаў прадказаў (чарговы раз), што наступнай мэтай расейскай агрэсіі стане Беларусь, кіраўнік «Эха Москвы» Аляксей Венядзіктаў выказаў меркаваньне, што Пуцін зладзіць аб’яднаньне зь Беларусьсю, стане прэзыдэнтам супольнай дзяржавы, а Лукашэнку пашле паслом у Зімбабвэ, дасьледны цэнтар пры МГІМО апублікаваў тэкст пра тое, як Расея далучыць да сябе Беларусь.

Але, па шчырасьці, зьяўленьне гэтых прагнозаў-сцэнароў само па сабе нічога не даказвае. Той жа Іларыёнаў прадказвае анэксію Беларусі зь верасьня 2014 году, Венядзіктаў гэтак жа ўпэўнена прагназаваў далучэньне Беларусі да Расеі і абраньне Пуціна прэзыдэнтам абʼяднанай дзяржавы ў 2007 годзе.

Уразьлівасьць сувалскага калідору існавала заўсёды, яна ня стала большай зараз.

Пераемнасьць і рэйтынг

Уітмар у сваім відэаблогу слушна ставіць пытаньне ў межах аналёгіі з казкай пра пастушка і воўка: Калі ранейшыя алармічныя прагнозы ня спраўджваліся, то што зьмянілася, якога фактару ці фактараў не было раней, але якія зьявіліся зараз?

Ён піша пра праблему пераемнасьці, якую вырашыла б для Крамля абʼяднаньне зь Беларусьсю, і пра больш надзённую праблему падзеньня рэйтынгу Пуціна, які можна было б падняць пры дапамозе чарговай зьнешнепалітычнай перамогі.

Але ў Пуціна ў запасе яшчэ без малога 6 гадоў у Крамлі. Чаму мяркуецца, што ён прагне вырашыць праблему пераемнасьці менавіта як мага хутчэй? Да таго ж ёсьць і іншыя, менш радыкальныя сродкі забясьпечыць гэтую пераемнасьць. Можна, як у 2008 годзе, знайсьці новага (ці ўзяць таго ж самага) «Мядзьведзева», можна памяняць Канстытуцыю. Памянялі ж, працягнуўшы тэрмін прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў з 4 да 6 гадоў. Чаму нельга ў прынцыпе скасаваць абмежаваньне на два тэрміны?

Што да рэйтынгу, то з чаго вынікае, што ён так ужо штодзень дбае пра свой рэйтынг? Расея ўсё ж не дэмакратыя. Дбаў бы ўжо так пільна, дык проста не падвышаў бы пэнсійны ўзрост. Цар — ён ад Бога, а не ад рэйтынгу.

Пратэст супраць падвышэньня пэнсійнага ўзросту ў Расеі, Масква, верасень 2018
Пратэст супраць падвышэньня пэнсійнага ўзросту ў Расеі, Масква, верасень 2018

Але дапусьцім, што дбае і пільна і гатовы падвышаць любой цаной. Але, як мінімум, ня кожная вайна, ня кожная перамога яго павялічвае. Калі паглядзець на рэйтынг Пуціна паводле Лявада-цэнтру, то бачна, што, скажам, вайна ў Сырыі (2015-2018) на ім не адбілася ніяк, ён заставаўся высокім, але нязьменным з 2014 году па травень гэтага году. Сырыйская вайна нічога таму рэйтынгу не дадала.

Чаму гіпатэтычнае далучэньне Беларусі (сілавое ці вонкава мірнае) павіннае той рэйтынг узьняць? Варта зьвярнуць увагу на інтэрвію нашаму радыё кіраўніка Лявада-цэнтру Льва Гудкова, дзе ён тлумачыў, што для расейцаў, для расейскай грамадзкай думкі Крым быў сапраўды «наш» з 90-х гадоў. Але толькі Крым.

Адносна іншых тэрыторыяў былога СССР была пэўная настальгія, але такіх вострых і моцных пачуцьцяў, як Крым, не выклікалі ні Кіеў, ні Львоў, ні Данбас. І ні Менск ці Берасьце ці Віцебск. Пра іх — такі ўздых, «эх, якую дзяржаву развалілі». Адчуваньня «гэта нашая, руская зямля» не было і няма да ўсяго, акрамя Крыму.

Вайскоўцы без апазнавальных знакаў падчас апэрацыі супраць украінскай вайсковай базы каля Сымфэропаля, сакавік 2014
Вайскоўцы без апазнавальных знакаў падчас апэрацыі супраць украінскай вайсковай базы каля Сымфэропаля, сакавік 2014

Украіна расейцам была цікавая і да 2014 году, часам гэтая зацікаўленасьць мела нэгатыўнае адценьне (маўляў, што твораць украінцы), часам зацікаўленасьць стваралі мэдыі. Але яна безумоўна была. Адносна Беларусі не было і долі той цікавасьці. Беларусь і Беларусь, саюзьнік Расеі, самая блізкая Расеі краіна, ціхая, расейцаў у сябе не гнабіць, слухаюцца свайго «бацьку». Нецікава па вялікім рахунку.

Проста арытмэтычна бачна, як мала Беларусі, інфармацыі пра яе, у расейскай інфармацыйнай прасторы. Дык чаму яе далучэньне мусіць перапоўніць расейцаў такім ужо вялікім шчасьцем? Ні з чаго гэта не вынікае. Сырыйская вайна вось не перапоўніла.

Так што выйгрыш для Крамля ў сэнсе рэйтынгу Пуціна ад такога гіпатэтычнага далучэньня зусім невідавочны, а вось страты (і велізарныя) навідавоку. Ну і нашто гэта Пуціну? Ён усё ж і сапраўды чэкіст, падлічваць рызыкі і выйгрышы ўмее.

Калі ўжо казаць пра магчымы выйгрыш для рэйтынгу, дык куды большым і відавочным ён мог бы быць ад спробы ўсё ж утварыць «Навароссію», ад распаўсюду ДНР/ЛНР прынамсі хаця б на Данбас. Пра Данбас расейцам тэлебачаньне ўсе вушы пражужжала, украінская тэма ў грамадзкай думцы прысутнічае і значна. А беларуская — не.

Так што, як на мой погляд, няма тых чыньнікаў, фактараў у расейскай палітыцы, пра якія можна было б сказаць, што раней іх не было, таму «воўк» і не прыходзіў, а зараз яны зьявіліся, таму «шэры» на парозе Беларусі і зубамі шчоўкае.

Хаця з Брайнам Уітмарам можа пагадзіцца ў тым сэнсе, што аднойчы воўк сапраўды можа прыйсьці. І зьнянацку можа прыйсьці, такая ўжо гэта жывёліна. Але ў казках ёсьць народная мудрасьць. Частыя крыкі «Воўк, воўк» і сапраўды хутчэй зьмяншаюць, чым павялічваюць пільнасьць, патрэбную ў той час, калі ён сапраўды прыйдзе.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG