Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Усё пачалося з Пуціна. Кароткая гісторыя нафтагазавых канфліктаў Беларусі і Расеі


Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, Сочы, 15 лютага 2019
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, Сочы, 15 лютага 2019

Ад 1 студзеня Расея спыніла пастаўку нафты для беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў, бо бакі дагэтуль не дамовіліся ў ключавых пытаньнях цаны на нафту, тарыфу на транзыт праз тэрыторыю Беларусі, а таксама аб кампэнсацыі стратаў за падатковы манэўр у Расеі. Свабода прыгадала гісторыю нафтагазавых канфліктаў паміж Менскам і Масквой.

Якая сытуацыя цяпер

  • 1 студзеня Расея спыніла пастаўкі нафты ў Беларусь, але расейская нафта працягвае паступаць транзытам праз Беларусь у Эўропу.
  • Беларусь і Расея дагэтуль не дамовіліся пра пастаўкі нафты ў 2020 годзе, хоць Лукашэнка і Пуцін вялі перамовы 30 і 31 сьнежня.
  • 31 сьнежня Лукашэнка даручыў завозіць нафту з партоў Балтыі і задзейнічаць альтэрнатыўныя пастаўкі па магістральным нафраправодзе «Дружба».
  • Менск і Масква не ўзгаднілі кампэнсацыю за расейскі падатковы манэўр. У беларускі бюджэт-2020 закладзены страты ў памеры 951 млн рублёў.
  • Расея дагэтуль не кампэнсавала Беларусі страты за пастаўкі бруднай нафты ў красавіку 2019.

2019 год. Брудная нафта з Расеі

11 красавіка Аляксандар Лукашэнка прыгразіў закрыць на рамонт паўднёвую галіну нафтаправоду «Дружба» (апэратар — ААТ «Гомельтранснафта Дружба»), па якім расейская нафта ідзе ў Эўропу. Гэтак ён адрэагаваў на абмежаваньні, якія Расея ўвяла на імпарт харчоў зь Беларусі.

19 красавіка дзяржаўны канцэрн «Белнафтахім» заявіў пра істотнае пагаршэньне (узровень хлярыдаў вырас у 20 разоў) якасьці расейскай нафты, якая паступае транзытам на ўчастак магістральнага нафтаправоду «Гомельтранснафта Дружба». 21 красавіка Беларусь прыпыніла экспарт расейскіх нафтапрадуктаў. Расейскі бок прызнаў, што паставіў няякасную нафту. Паводле беларускага боку, яна пашкодзіла абсталяваньне на Мазырскім НПЗ, а агульныя страты маглі скласьці сотні мільёнаў даляраў.

Мінэнэрга Расеі прызнала факт забруджваньня расейскай нафты таксычным рэчывам дыхлёрэтанам.

​Чыстая нафта стала паступаць на мяжу Беларусі па нафтаправодзе «Дружба» 2 траўня. Украіна ўзнавіла транзыт нафты ў Эўропу 11 траўня.​

У ліпені ў Вільні затрымалі расейскага прадпрымальніка, былога гендырэктара «Самаратранснефть-Терминал» Рамана Ружачку, абвешчанага ў міжнародны вышук як абвінавачанага ў справе аб забруджваньні нафтаправоду «Дружба». Пазьней стала вядома, што ён папрасіў палітычны прытулак у Літве.

Расея дагэтуль не кампэнсавала Беларусі страты за пастаўкі бруднай нафты. 26 сьнежня 2019 прэзыдэнт кампаніі «Транснефть» Мікалай Токараў заявіў, што яны чакаюць ад Беларусі афіцыйных прэтэнзій па кампэнсацыі ўрону.

2018 год. «Падатковы манэўр» і страты для Беларусі

Расея вырашае правесьці рэформу нафтавай галіны і паступова зьменшыць аб’ём мыта, якім абкладаюцца кампаніі – экспартэры нафты. Пры гэтым будзе расьці падатак на здабычу карысных выкапняў, да якіх адносіцца і нафта. Адпаведна, яе цана вырасьце як для расейскага спажыўца, так і для Беларусі.

Паводле ацэнак эканамістаў, Беларусь ад так званага расейскага падатковага манэўру будзе штогод губляць значную частку сваіх бюджэтных даходаў.

Што важна ведаць пра расейскі падатковы манэўр

Нафтавы падатковы манэўр у Расеі — паступовая замена спагнаньня экспартнага мыта падаткам на здабычу карысных выкапняў (ПЗКВ). Экспартнае мыта будзе зьмяншацца адначасова з павелічэньнем ПЗКВ.

  • Расея пачала рэалізацыю падатковага манэўра зь 2019 году.
  • Да канца 2018 году экспарт сырой нафты ў Расеі абкладаўся экспартным мытам у памеры 30% ад цаны. Мыта не спаганялася з паставак на ўнутрырасейскі рынак і ў межах квоты ў Беларусь.
  • У 2017-2018 гадах квота на пастаўкі бязмытнай расейскай нафты для Беларусі складала 24 млн тон (18 млн тон перапрацоўвалі беларускаія НПЗ, 6 млн тон ішлі на рээкспарт).
  • Беларусь мела права абкладаць экспартным мытам свае нафтапрадукты, вырабленыя з расейскай бязмытнай нафты, якія прадавала ў трэція краіны. Беларускае мыта ішло ў беларускі бюджэт.

Страты і кампэнсацыя

  • У сьнежні 2018 г. у адміністрацыі Лукашэнкі сьцьвярджалі, што за 3 апошнія гады Беларусь недаатрымала $3,6 млрд, а за наступныя 4 гады недаатрымае $11 млрд пры найгоршым разьвіцьці падзей.
  • Паводле падлікаў рэйтынгавага агенцтва Fitch, наўпроставыя страты беларускай эканомікі складуць $10,6 млрд цягам 2019–2024 гг.
  • Дырэктар дасьледніцкага цэнтру ІПМ Аляксандар Чубрык падлічыў, што страты для бюджэту Беларусі ў 2019 годзе склалі $272,3 млн. ​
  • У кастрычніку 2018 Расея абяцала пералічыць у бюджэт Беларусі каля $405 млн у якасьці аплаты экспартнага мыта за нафту. Пазьней у кампэнсацыі адмовілі.
  • 18 сьнежня 2019 расейскі партал РБК паведаміў са спасылкай на свае крыніцы, што Расея кампэнсуе Беларусі страты ад манэўра праз зваротны акцыз для беларускіх НПЗ. Суму субсыдыяў ацанілі ў $1,5 млрд. Афіцыйнага пацьвярджэньня гэтай інфармацыі не было.

Кароткая гісторыя нафтагазавых канфліктаў Беларусі і Расеі

2017 год. Расея мяняе схему паставак нафты

Расея ўводзіць складаную схему субсыдыяваньня паставак нафты.

Беларусь цяпер атрымлівае толькі частку той нафты, якую мелася атрымаць паводле пляну. Астатняе проста праходзіць празь яе тэрыторыю на экспарт. Адпаведна, кампаніі, якія прадаюць гэтую нафту за мяжу, плацяць мыта ў расейскі бюджэт, а Беларусі грошай за яе не дастаецца. Пасьля гэтае недаатрыманае мыта кампэнсуецца расейскім бокам (500–700 мільёнаў даляраў штогод).​

Кантэйнэры з нафтапрадуктамі на нафтасховішчы каля Мазыру, 2015 год
Кантэйнэры з нафтапрадуктамі на нафтасховішчы каля Мазыру, 2015 год

2010 год. Расея ня плаціць доўг, Беларусь набывае газ па старых цэнах

Расея вінная Беларусі каля 220 мільёнаў даляраў за транзыт газу па тэрыторыі Беларусі. Таму афіцыйны Менск плаціць за газ па старых цэнах, хоць яны вырасьлі. У выніку набіраецца запазычанасьць на 200 мільёнаў даляраў.

Тагачасны прэзыдэнт Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў прыгразіў скарачэньнем паставак газу, калі доўг ня будзе заплачаны. У выніку Беларусь нават пазычыла грошы ў Азэрбайджану на аплату гэтага доўгу. Але Расея заплаціла свой доўг у 220 мільёнаў, Беларусь за гэтыя грошы пагасіла свой. Пытаньне было вырашанае.​

НПЗ «Беларусьнафты» ў Рэчыцы
НПЗ «Беларусьнафты» ў Рэчыцы

2006 год. Кантракт на газ падпісалі, але ўдарылі па нафце

Беларускі і расейскі бакі доўга дамаўляліся наконт цаны на газ для Беларусі. Крэмль пагражаў спыніць пастаўкі газу ў Беларусь, а афіцыйны Менск — перапыніць у такім выпадку пастаўкі расейскага газу далей у Эўропу. У выніку дамову на пастаўкі газу падпісалі на кампрамісных умовах за пару гадзін да Новага году.

Ужо на наступны дзень Расея ўвяла мыта для Беларусі на пастаўку нафты, Беларусь у адказ увяла сваё мыта на далейшае транспартаваньне нафты ў Эўропу. У выніку канфлікту нафта перастала паступаць у Польшчу.

Праблема вырашылася пасьля тэлефоннай размовы Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Пуціна. Беларусь адмовілася ад мыта, пастаўкі нафты ўзнавіліся.​

Лукашэнка і Пуцін, 2006 год
Лукашэнка і Пуцін, 2006 год

2004 год. Танны газ узамен на сумесную трубу

Уладзімір Пуцін ужо 4 гады кіраваў Расеяй, калі паміж Менскам і Масквой пачалася першая газавая спрэчка. «Газпром» хацеў павысіць цану газу для Беларусі амаль удвая, бо перамовы аб стварэньні сумеснага прадпрыемства для транспартаваньня газу зайшлі ў тупік.

Беларусі тройчы адключалі газ. Аляксандар Лукашэнка тады абвінаваціў Расею ў шантажы і пагражаў выйсьці з усіх саюзных дамоўленасьцяў. Але дамова аб пастаўках газу была падпісаная на ўмовах Пуціна.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG